Барань: аштрафавалі лідэра Свабоднага прафсаюзу мэталістаў

Віталь Сямашка, Барань Сёньня судзьдзя Аршанскага гарадзкога суду Калесьнік аштрафаваў лідэра Свабоднага прафсаюзу мэталістаў у рабочым пасёлку Барань Васіля Леўчанкава на 300 тысяч беларускіх рублёў. Актывіста зьвінавацілі ў парушэньні падатковага заканадаўства. Спадар Леўчанкаў лічыць прысуд “палітычна матываваным”.
Адміністрацыйную справу на Васіля Леўчанкава завялі ў часе апошняй выбарчай кампаніі, у якой ён удзельнічаў як кандыдат у дэпутаты. Апавядае спадар Леўчанкаў:

Леўчанкаў: “У 2005 годзе атрымаў грашовы перавод ад роднага брата з Расейскай Фэдэрацыі — 1000 рублёў. Паводле нашага заканадаўства, гэтую суму ня трэба дэкляраваць і плаціць зь яе падаткі. А калі я падаваў дэклярацыю ў Аршанскую выбарчую камісію, пазначыў яе памер і ад каго. Яны аддалі ў падатковую інспэкцыю на праверку, дзе высьветлілася, што запаўняў перавод ня родны брат, у якога была траўмаваная правая рука, а ягоная жонка.

І ўжо дзейнічаў другі дакумэнт, дзе зьявілася паняцьце сваяцтва — па-расейску “свойство”, згодна зь якім не падлягаюць абкладаньню грошы, дасланыя і іншымі роднымі. Суд ня ўзяў пад увагу, што інспэкцыя скарыстоўвала зваротную моц закону, інакш — “зваротную моц у часе”, заднім днём”.

Між іншым, паводле зьвестак з тае ж інспэкцыі, нявыплачаны падатак складаў бы каля 7 тысяч рублёў — у сорак разоў менш за накладзены штраф. Васіль Леўчанкаў лічыць рашэньне суду палітычна матываваным.

Леўчанка: “Ня бралі нічога пад увагу. Суд, на маю думку, ня мог прыняць іншага рашэньня, бо судзьдзі прызначаюцца й здымаюцца з пасады прэзыдэнтам. Ён будзе звольнены, калі прыме незалежнае рашэньне”.

Напярэдадні ж пяцём супрацоўнікам аб’яднаньня “Лёс” уручылі альбо даслалі поштай паведамленьні пра звальненьні “ў сувязі з заканчэньнем тэрміну кантракту”. Чацьвёра зь іх — сябры Свабоднага прафсаюзу. На момант эфіру загадчык аддзелу кадраў Генадзь Шахцёраў паведаміў, што кантракты амаль усім падоўжылі.

Шахцёраў: “Пытаньне разьвязанае — на “Лёсе” скарачэньні не прадугледжаныя. З Макасевічам ёсьць пытаньні”.

Вядучы інжынэр Сяргей Макасевіч — дарадца ды паплечнік Леўчанкава. Тут паказальны яшчэ адзін факт, кажа спадар Васіль.

Леўчанкаў: “Пятаму чалавеку, у якога былі праблемы з алькаголем, працягнулі кантракт, калі ён прынес даведку з мэдычнай установы, што ён закадаваны. У нас ужо жартуюць, што каб застацца на працы, трэба “закадавацца” ад Свабоднага прафсаюзу”.

Даведка “Свабоды”. У 2004 годзе сэсія Міжнароднай арганізацыі працы прыняла рашэньне ўжыць да Беларусі адмысловы параграф, што зьяўляецца адной з мераў пакараньня, прадугледжаных статутам. Камісія МАП прызнала сапраўднымі факты парушэньня правоў незалежнага прафсаюзнага руху паводле дванаццаці параграфаў.

Да 1 чэрвеня 2005 году рэкамэндацыі МАП мусілі быць выкананыя, але гэтага зроблена не было. У зьвязку з парушэньнем правоў незалежных прафсаюзаў Эўразьвяз адмяніў прэфэрэнцыі ў гандлі з Беларусьсю. Рашэньне набудзе сілу ў канцы чэрвеня, калі Беларусь да таго часу ня зробіць сур''ёзных крокаў, каб палепшыць сытуацыю. Для Беларусі страта прэфэрэнцыяў азначае эканамічныя страты прыкладна на 250 мільёнаў эўра штогод.