Якія шанцы Беларусі ўступіць у Раду Эўропы?

Алег Грузьдзіловіч, Менск Грамадзянская ініцыятыва “Беларусь — у Раду Эўропы” прапанавала праграму сумесных з Эўропай дзеяньняў. Мэта — вярнуць Беларусь у гэтую эўрапейскую структуру.
Сярод ініцыятараў грамадзянскай кампаніі “Беларусь — у Раду Эўропы” палітык Вячаслаў Сіўчык, праваабаронца Ігар Леднік, прадпрымальнік Аляксандар Макаеў, жонка былога кандыдата на прэзыдэнта Ірына Казуліна ды іншыя.

На прэсавай канфэрэнцыі 13 лютага яны апавялі пра сваю праграму вяртаньня Беларусі ў Раду Эўропы. Патрэба ў такой праграме, паводле Ігара Ледніка, вялікая. Праваабаронца нагадаў, што Эўропа выставіла беларускаму ўраду дванаццаць умоваў, каб пачаць дыялёг пра наладжваньне дачыненьняў. Сярод умоваў ёсьць і вызваленьне палітвязьняў.

Ігар Леднік і ягоныя аднадумцы баяцца, каб беларускія ўлады не зымітавалі выкананьня тых умоваў. “Яны могуць неўзабаве кагосьці выпусьціць датэрмінова, але потым на месца аднаго апазыцыянэра пасадзяць дзесяцёх іншых. Таму мы прапануем ня проста вызваленьне палітвязьняў, а зьмену законаў, якія сёньня фактычна дазваляюць караць людзей за іхныя палітычныя погляды”, — заявіў Ігар Леднік.

Такія ж пэўныя крокі прапануюцца ў іншых галінах: канчатковае расьсьледаваньне справаў зьніклых палітыкаў, прызнаньне ў Беларусі юрысдыкцыі Эўрапейскага суду правоў чалавека, абарона правоў нацыянальных меншасьцяў, правядзеньне вольных выбараў ды іншыя.

Гэтак, ініцыятары кампаніі “Беларусь — у Раду Эўропы” выказваюцца за зьмену выбарчага закону на грунце рэкамэндацыяў Вэнэцыянскай камісіі, якая ў Эўропе кантралюе дэмакратычнасьць выбарчых законаў. “Толькі такія зьмены могуць лічыцца выкананьнем умовы Эўропы адносна выбараў”, — лічыць Вячаслаў Сіўчык.

Ініцыятары кампаніі “Беларусь — у Раду Эўропы” прапануюць даць прававую ацэнку статусу Аляксандра Лукашэнкі як дзяржаўнай асобы. Гаворка пра вяртаньне да справы, якую ў 1999 годзе пачаў Вярхоўны Савет 13-га скліканьня пад кіраўніцтвам Віктара Ганчара.

Нагадаем, дэпутаты спрабавалі вызначыць статус Аляксандра Лукашэнкі, якога яны ня лічаць дзейным прэзыдэнтам, але пасьля зьнікненьня Віктара Ганчара справа спынілася. Паводле ініцыятараў кампаніі “Беларусь — у Раду Эўропы” ацэнка прававога статусу Аляксандра Лукашэнкі спатрэбіцца ў выпадку перамоваў уладаў Беларусі і апазыцыі.

Паводле Ірыны Казулінай, грамадзянская кампанія “Беларусь — у Раду Эўропы” можа стаць шырокай ініцыятывай, бо прапануе людзям паступовы і пэўны шлях да нормаў эўрапейскага жыцьця.

Казуліна: “Апошнія дні я зразумела, што ў нас пайшоў такі народны працэс, калі людзі не ківаюць увесь час, што ў нас нелегітымны прэзыдэнт і нічога ня зробіш, а пачынаюць разумець, што яны самі могуць зрабіць шмат. Таму я лічу, што гэты рух будзе пашырацца і абавязкова будзе мець вынік”.



Адвакат Ігар Рынкевіч на прэсавай канфэрэнцыі паведаміў, што праграму вяртаньня Беларусі ў Раду Эўропы вітаў былы кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін. Праграму накіравалі й другому экс-кандыдату на прэзыдэнта — Аляксандру Мілінкевічу.