Адзінаццатая кніга Радыё Свабода — “Альбом сямейны”

Ганна Соўсь, Менск Выйшла адзінаццатая кніга ў сэрыі “Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе” — “Альбом сямейны” Вінцэся Мудрова. У выданьне ўвайшлі зацемкі аўтара, якія гучалі на хвалях Радыё Свабода больш як пяць месяцаў і нагадвалі слухачам пра страшныя, сьмешныя й забытыя словы савецкай эпохі.
Калі летась 5 чэрвеня перадача выйшла ў эфір, меркавалася, што яна скончыцца ў жніўні, аднак зь “летняга”, сэзоннага альбом стаў сямейным, і гучаў на хвалях “Свабоды” да 3 лістапада. У кнігу трапілі 99 эсэ са 110, якія прагучалі ў эфіры.

Па выхадзе “Альбому сямейнага” Радыё Свабода даслала першыя асобнікі кнігі больш як паўсотні асобаў — журналістам, радыёвядучым, пісьменьнікам, выдаўцам, літаратурным крытыкам, рэдактарам незалежных мэдыяў і прыхільнікам творчасьці Вінцэся Мудрова. Прапануем вашай ўвазе водгукі першых чытачоў “Альбому сямейнага”.

“Чытачы ня будуць настальгаваць па той краіне, якая паўстае са старонак кнігі Мудрова”

Пісьменьнік Уладзімер Арлоў быў адным зь першых чытачоў кнігі Мудрова:

Арлоў: “Дзякуючы чытаньню гэтай вельмі ўдалай, на маю думку, можа быць, найлепшай кнігі Мудрова, можна сказаць, я зьдзейсьніў падарожжа ў сваё дзяцінства, у сваё юнацтва, якое мела тыя ж самыя, я думаю, фарбы, гукі й рэаліі, што і дзяцінства і юнацтва Мудрова. Бо мы зь ім нарадзіліся ў адной радзільні ў Полацку каля Сафійскага сабору і вучыліся ў адной школе. Я думаю, што ў гэтай кнігі будзе шмат удзячных чытачоў. Але я ўпэўнены, што гэтыя чытачы зусім ня будуць настальгаваць па тых часах і па той краіне, якая паўстае са старонак кнігі Мудрова”.

”Альбом сямейны” павінны вырасьці ў энцыкляпэдыю БССР

Выкладчык Коласаўскага ліцэю перакладчык Лявон Баршчэўскі зьвяртае ўвагу на тое, што Вінцэсь Мудроў паказаў савецкія рэаліі праз традыцыю карнавалізацыі.

Баршчэўскі: “У кнізе “Сямейны альбом” якраз Вінцэсь Мудроў зрабіў гэта ўжо крыху больш у публіцыстычнай манеры, чым у мастацкай, але ён застаецца тым самым празаікам, які празь сьмех, праз карнавалізацыю разьвітваецца з савецкім побытам, які яшчэ глыбока сядзіць у мазгах пэўнай часткі нашых суайчыньнікаў. У гэтым значэньні кніга, у прынцыпе, чаканая. Я ўжо меў магчымасьць з аўтарам паразмаўляць.

Я бачыў у Польшчы вялікую таміну пад назвай “Энцыкляпэдыя ПНР”, дзе таксама асьвятляюцца рэаліі польскага камуністычнага жыцьця. Можа быць, “Альбом сямейны” павінны вырасьці ў энцыкляпэдыю БССР. Маю надзею, што гэтая кніга яшчэ зьявіцца ў пашыраным выданьні”.

“Кніга Мудрова ў нечым нават настальгічная”

Паэт і грамадзкі дзеяч Генадзь Бураўкін апавёў:

Бураўкін: “Гэта арыгінальная, незвычайная кніжка — і ня толькі для тых, хто жыў у той час і помніць рэаліі гэтага савецкага побыту. Яна ў нечым нават настальгічная, бо гэта зьвязана з маладосьцю, з тым, што ўжо адышло, — можа быць, нават незваротна адышло. У гэтым сэнсе кніга ня можа не выклікаць цікавасьці. Можа быць, больш трэба прасіць даваць ацэнку ня тых, хто ў той час жыў, а тых, хто на той час глядзіць бяз вось гэтага настальгічнага маладога туману — трошкі, можа, нават ружовага ці блакітнага”.

“Мае шчырыя віншаваньні мастаку, які працаваў над афармленьнем “Альбому сямейнага”

Зямлячка Вінцэся Мудрова пісьменьніца, галоўная рэдактарка каталіцкага часопісу для дзяцей “Маленькі рыцар Беззаганнай” Ірына Жарнасек праслухала ўсе абразкі зь “Летняга альбому” на хвалях “Свабоды”:

Жарнасек: “Часам гаварыла зь Вінцэсем, часам натхняла яго на некаторыя рэчы, часам абмяркоўвалі, часам спрачаліся наконт таго, якімі вачыма ён глядзеў на нешта, а якімі — я. У дэталях, безумоўна, бо погляды ў нас супадалі. Па-першае, я ўдзячная Радыё Свабода за тое, што яно дало магчымасьць выказацца вось так Вінцэсю Мудрову, бо ён настолькі моцна засеў у гэтым пэрыядзе нашай гісторыі, які мы нядаўна перажылі, што яму проста неабходна было выказацца. І я вельмі рада, што ён гэта зрабіў.

“Альбом сямейны” я трымаю цяпер у руках і проста радуюся яшчэ з тае прычыны, што гэтая кніга так прыгожа аформленая. Мае шчырыя віншаваньні мастаку, які працаваў над афармленьнем гэтай кнігі. Усё адпаведна тэксту, адпаведна той эпосе. Я рада, што такое сьведчаньне нашай гісторыі зьявілася ў беларускай літаратуры”.

Дадам, што мастаком у “Альбоме сямейным” (як, дарэчы, і ва ўсіх кнігах сэрыі “Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе”) быў Генадзь Мацур. Рэдагавала кнігу Аляксандра Макавік, прадмову й падрадковыя заўвагі падрыхтаваў дырэктар Беларускай Свабоды Аляксандар Лукашук.

Прэзэнтацыя “Альбому сямейнага” адбудзецца ў чацьвер, 15 лютага ў Палацы мастацтваў а 16-й гадзіне. Уваход вольны.