С.Вайншток: "Падзеі студзеня паказалі слушнасьць нашага курсу"

Радыё Свабода Прэзыдэнт расейскай кампаніі “Транснефть” Сямён Вайншток падсумаваў вынікі нафтавага канфлікту, які ўзнік на пачатку гэтага года паміж Расеяй і Беларусьсю. “Падзеі пачатку студзеня пераканаўча паказалі слушнасьць нашага курсу на інтэнсыўную мадэрнізацыю сыстэмы, пашырэньне магутнасьцяў, дывэрсыфікацыю напрамкаў экспарту вуглевадародаў, скарачэньне транзытных патокаў цераз сумежныя краіны”, – паведаміў Сямён Вайншток у інтэрвію агенцтву “Росбалт”.
Аднак Вайншток перакананы ў неабходнасьці захаваньня партнэрскіх і добрасуседзкіх стасункаў з беларускімі нафтатранспартнымі прадпрыемствамі.

“Паміж “Транснефтью” і нашымі беларускімі калегамі захоўваюцца нармальныя, шчырыя добрасуседзкія працоўныя адносіны. Мяркую, што яны ня зьменяцца і ў будучыні”, – паведаміў С.Вайншток.

“Паўнамаштабнае асэнсаваньне таго, што здарылася, відавочна, яшчэ наперадзе. Аднак галоўны ўрок – гэта жорсткае нагадваньне ўсім нам пра неабходнасьць узаемапаважлівага, раўнапраўнага супрацоўніцтва, якое ўлічвае інтарэсы і выгоды адно аднаго. Нагадваньне, што галоўнае гэта не ўменьне ўрэгуляваць калізыі ў стасунках, а здольнасьць увогуле не дапускаць іх узьнікненьня”, – лічыць С.Вайншток. Ён падкрэсліў, што цяпер “Дружба” функцыянуе нармальна, і, па яго словах, “гэта тычыцца не толькі трубаправоду”.