30 гадоў Менскаму мэтро

Ігар Карней, Менск 30 гадоў таму Савет Міністраў СССР зацьвердзіў праект Менскага мэтрапалітэну. Ад ідэі да ўвасабленьня прайшлі сем гадоў. Ад таго часу ў Менску будавалі па 1-2 новыя станцыі на пяць гадоў. Між тым, тэхналёгіі будаўніцтва мэтро ўдасканальваюцца і беларускія мэтрабудаўнікі запэўніваюць: цяпер паміж праектаваньнем і будаўніцтвам будуць не пяцігодкі, а год-два
Менскае мэтро -- адно з самых маладых у Эўропе. А таму і адно з найбольш сьціплых у сэнсе працягласьці ліній, колькасьці станцый, ахопу гарадзкой тэрыторыі. Дзьве лініі менскага мэтро маюць агульную працягласьць крыху больш за 30 кілямэтраў, у параўнаньні з сотнямі кілямэтраў мэгаполісаў ЗША, краінаў Азіі ці Эўропы.

У плянах -- 4 лініі

Цяпер у Менску дзейнічаюць 23 станцыі мэтро. Яшчэ дзьве будуюцца ў бок мікрараёну Ўручча (“Барысаўскі тракт” і уласна “Уручча”) і тры – ад Інстытуту Культуры ў кірунку праспэкту Дзяржынскага (“Грушаўская”, “Міхалова” і “Пятроўшчына”). Пачаўшы ўзводзіць іх пазалетась, будаўнікі рапартуюць пра гатовасьць адчыніць станцыі “Барысаўскі тракт” і “Уручча” ужо ў верасьні 2007 году, а астатнія тры станцыі – у наступным годзе. Усяго ж у плянах метрабудаўцаў – чатыры лініі. Праўда, тэрмін рэалізацыі амбіцыйных задумаў пакуль нават не прагназуецца.

Архітэктар Міхаіл Пірагоў, які калісьці праектаваў станцыі “Плошча Якуба Коласа” і “Акадэмія навук”, шкадуе, што апошнім часам мэтрапалітэн ва ўсім сьвеце ўспрымаецца перадусім як функцыянальная транспартная сыстэма. Пры гэтым губляецца ранейшая традыцыя сумяшчэньня падземкі з мастацкім увасабленьнем.

Мастацкасьці стала менш

Пірагоў: “У апошнія гады яны ўсё больш спрошчаныя ў сэнсе вобразнага ўвасабленьня. Гэткія выпусташаныя ўласна канструкцыі: сякера, сьцены, столі ды ўсё. Але трэба ўсё ж працягваць традыцыі. Няхай гэта будуць не такія пышныя як пасьляваенныя, занадта кучаравыя ў сэнсе архітэктурнага вырашэньня, маскоўскія станцыі. І мяне, дарэчы, цешыць, што на другой лініі нашага мэтро шэраг станцый зробленыя зусім нядрэнна”.

Спадар Пірагоў, аднак, кажа, што на шэрагу станцый другой лініі ня толькі спрошчанае аздабленьне, але й канструктыўныя хібы, якія ня вырашаныя дагэтуль. Так, толькі на адзін бок працуюць станцыі “Маладзёжная”, “Спартыўная”, цэлы шэраг станцый падтопліваюць грунтовыя воды.

Пірагоў: “Раней, калі мы першую лінію пачыналі, “Белдзяржпраект”, “Менскпраект” рабілі станцыі – прыкладам, “Плошчу Леніна”, “Парк Чалюскінцаў”, “Маскоўскую”. А цяпер мэтрапалітэнам займаецца выключна “Мэтрапраект”. І іншыя інстытуты не прыцягваюцца. Яны ўжо самадастатковыя і ў іх вялікі досьвед назапасіўся за гэты час”.

4 мільярды пасажыраў

Паводле статыстыкі Менскага мэтрапалітэну, ад 1984 году, калі мэтро афіцыйна запрацавала, паслугамі падземкі скарысталіся болей за 4 мільярды пасажыраў. Паводле шматлікіх конкурсаў, якія праводзіліся як за савецкім часам, так і цяпер у межах СНД, сталічнае мэтро неаднойчы прызнавалася лідэрам паводле культуры абслугоўваньня пасажыраў, бясьпекі руху і сабекошту перавозак.

Аднак гісторыя менскага мэтрапалітэну адзначаная ня толькі сьветлымі старонкамі. Напачатку 1990-х тут адбыліся масавыя звальненьні машыністаў электравозаў, якія страйкавалі, незадаволеныя сваім матэрыяльным станам. Апроч таго, у гісторыі Менскага мэтро – ужо дзясяткі самагубцаў, якіх упарта прыцягваюць рэйкі падземкі.