Ці знайшоў Крэмль замену Лукашэнку?

Радыё Свабода Беларускія палітыкі ня лічаць праўдзівай інфармацыю пра тое, што Крэмль ужо знайшоў пераемніка Аляксандру Лукашэнку й называюць такія чуткі гульнёй. Адпаведная навіна ўчора зьявілася ў расейскіх мэдыях. Імя нібыта пераемніка, якога расейцы пакуль ня хочуць рэклямаваць, – Сяргей Каракін.
На сайце Newsru.com са спасылкай на расейскую газэту "Версия" ў панядзелак зьявілася паведамленьне пра тое, што "нядаўна ў Крамлі прынялі канчатковае рашэньне наконт далейшага лёсу беларускага прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі". Паводле інфармацыі "Версии", на пазамінулым тыдні ў Крэмль запрасілі некалькіх "вельмі багатых расейцаў". Размова ішла пра тое, што "нядрэнна было б "скінуцца" на добрую справу расейска-беларускай інтэграцыі й фінансава падтрымаць пераемніка Лукашэнкі – нейкага Сяргея Каракіна".

"Пэрсона Сяргея Каракіна пакуль мала каму вядомая і ў Расеі, і ў Беларусі. Паводле некаторых зьвестках, ён знаходзіўся ў кандыдацкай абойме яшчэ на выбарах 2001 году, але тады яго вырашылі "не засвечваць". Увесь гэты час Каракін займаўся "пытаннямі інтэграцыі Расеі й Беларусі, што ляжалі ў эканамічнай сфэры", часта быў у Маскве і быў прыняты ў самых высокіх кабінетах", паведамляе Newsru.com.

У "крамлёўскага" пераемніка нібыта ёсьць каманда: "у яе ўваходзяць і людзі, якія раней былі заўважаныя ў выбарчым штабе Уладзімера Ганчарыка, і былыя супрацоўнікі савецкіх і беларускіх спэцслужбаў, і нават запісныя "дэмакраты".

Лідэр Партыі камуністаў Беларускай Сяргей Калякін, прозвішча якога вельмі падобнае да вышэйназванага, лічыць інфармацыю фантазіяй на заданую тэму. На ягоную думку, яна ня мае рэальных падставаў. “Магчыма, нехта хоча пагуляць на нервах дзейнай улады або спрабуе нейкім чынам выкарыстаць мяне. Несур''ёзна ўсё гэта", – заявіў палітык у інтэрвію БелаПАН.

Старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка ў інтэрвію агенцтву назваў зьяўленьне інфармацыі пра пераемніка "спробным шарам". "Тэма пераемніка Лукашэнкі цяпер у расейскіх колах папулярная, на ёй можна зарабіць ачкі. Калі за гэтым, апроч гульні, нічога не стаіць, Лукашэнка з КДБ гэта высьветліць і падасьць у патрэбным сьвятле", – лічыць спадар Вячорка.

Лідэр аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандар Мілінкевіч мяркуе, што ў Расеі выпрацаваная стратэгія ў дачыненьні да Беларусі. Аднак ён лічыць неабходным рабіць сваю справу, “што б за гэтым ні стаяла”.

На думку намесьніка старшыні сталай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу ў міжнародных справах і сувязях з СНД Сяргея Касьцяна, зьяўленне інфармацыі пра пераемніка ёсьць "псіхічнай атакай на беларускі народ, які падтрымлівае, цэніць і любіць Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку". "Калі казаць груба, гэта палітычная правакацыя з мэтай дэстабілізаваць становішча. Але яны нічога не дамогуцца. Яны думалі, што скінуць Саакашвілі, Юшчанку. Не атрымалася. Не атрымаецца й тут. Ня трэба забываць, што нашага прэзыдэнта падтрымліваюць 70 адсоткаў грамадзянаў Расіі. Ён вельмі папулярны ў расейскім войску. Такія хады мы павінны публічна высьмяяць", – лічыць Сяргей Касьцян.