Пакуль невядома, дзе знаходзяцца Алег Корбан і Зьміцер Хведарук

Любоў Лунёва, Менск Сябры незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” сёньня чакаюць ля будынкаў судоў Савецкага і Партызанскага раёнаў Менску, калі прывязуць Алега Корбана і Зьмітра Хведарука. Хлопцаў затрымалі ўчора супрацоўнікі міліцыі. Зьмітра Хведарука – на вуліцы Цнянскай падчас паседжаньня цэнтральнай рады арганізацыі, а Алега Корбана -- ва ўласнай кватэры, калі ён сьвяткаваў свой дзень народзінаў.
Паплечнікі Алега і Зьмітра ня ведаюць дакладна іх месца знаходжаньня. Калі на іх не склалі адміністрацыйныя пратаколы, то супраць іх можа быць заведзеная крымінальная справа за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі.

Нагадаю, што менавіта за гэта суд прысудзіў лідэра “Маладога фронту” Зьмітра Дашкевіча да 1.5 гадоў зьняволеньня. Чатыры актывісты незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства” ўжо адбылі пакараньне паводле гэтага артыкулу.