Беларускі Хэльсынскі камітэт разглядае магчымасьць пераезду ў Магілёў

Уладзімер Глод, Менск Рашэньне беларускіх уладаў аб высяленьні Беларускага Хэльсынскага камітэту з офісу выклікала нэгатыўную рэакцыю ў сьвеце.
Як заявіў прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Шон Маккормак, вынікам гэтага рашэньня можа стаць “закрыцьцё найбольш значнай недзяржаўнай праваабарончай арганізацыі ў Беларусі”. Эўрапейскі Зьвяз таксама выказаў заклапочанасьць ціскам на БХК. Пра гэта гаворыцца ў заяве Нямеччыны — краіны, якая цяпер старшынюе ў Эўразьвязе.

Старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Тацяна Процька, камэнтуючы для Радыё Свабода захады міжнароднай супольнасьці, адзначае:

Процька: “Сьвет нарэшце навучыўся абараняць тых людзей, якія выступаюць у абарону ідэалаў, нормаў і стандартаў, якія міжнародная супольнасьць прапанавала ўсяму сьвету. І гэта вельмі прыемна, бо яшчэ пяць гадоў таму сьвет ня ведаў, што рабіць, калі дзяржава парушае свае міжнародныя абавязаньні. Беларусь у пэўным сэнсе навучыла сьвет адстойваць свае перакананьні”.

Што можа азначаць магчымае закрыцьцё Беларускага Хэльсынскага камітэту для праваабаронцаў краіны? Людміла Гразнова — старшыня Беларускага праваабарончага альянсу, які афіцыйна зарэгістраваны ў Літве, адзначае:

Гразнова: “Калі зачыняюць такую праваабарончую арганізацыю як БКХ, гэта – знакавая падзея. Гэта азначае, што ўсе беларускія праваабарончыя арганізацыі цяпер будуць пад вялікай рызыкай закрыцьця і перасьледу. Тым больш, што, прыкладам, летась за краты пасадзілі вядомых праваабаронцаў Садоўскую, Крука.

Улады, падобна, будуць руйнаваць БХК як апірышча ўсёй праваабарончай сыстэмы Беларусі. І гэта азначае, што яны не зьбіраюцца паважаць правоў чалавека і падзяляць эўрапейскіх каштоўнасьцяў. У дачыненьнях з Эўропай улады будуць толькі фліртаваць, але сапраўдных крокаў наперад тут няма і ня будзе”.

Замежнапалітычнае ведамства ЗША ў сваёй заяве заклікае беларускі ўрад выконваць свае міжнародныя абавязаньні ў рамках Хэльсынскіх пагадненьняў 1975 году. Як рэагуюць на гэта ў Міністэрстве замежных справаў Беларусі? У прэсавай службе МЗС мне паведамілі, што гэтую заяву пакідаюць без камэнтароў.

Тым часам старшыня БХК Тацяна Процька паведамляе самыя апошнія навіны:

Процька: “Мы таксама не здаемся і шукаем магчымасьцяў для легальнага існаваньня ў краіне. І мы ўжо знайшлі такі варыянт, што наш офіс будзе зарэгістраваны ня ў Менску, а ў Магілёве”.

Тацяна Процька таксама дадала, што заўтра раніцай яна запрошаная на размову ў Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта.

БХК вымушаны быў вызваліць памяшканьне ў офісным будынку па вуліцы Карла Лібкнэхта ў Менску, які належыць Кіраўніцтву справаў прэзыдэнта Беларусі. Пры адсутнасьці дамовы аб арэндзе БХК траціць юрыдычны адрас. А гэта пагражае Беларускаму Хэльсынскаму камітэту ліквідацыяй. Калі ж праваабарончая арганізацыя будзе працягваць сваю працу, гэта можа прывесьці да крымінальнай адказнасьці за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі.