А. Мілінкевічу пагражаюць забаронай на выезд зь Беларусі

Радыё Свабода Сёньня лідэр аб''яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі Аляксандар Мілінкевіч атрымаў копію пастановы суду, паводле якой ён мусіць сплаціць 4 мільёны 650 тысячаў рублёў. У дакумэнце пазначана, што зрабіць гэта трэба да 10 лютага. У адваротным выпадку, А.Мілінкевічу пагражае забарона на выезд зь Беларусі, паведамляе прэсавая служба палітыка.
25 студзеня суд Кастрычніцкага раёна Менску аштрафаваў Аляксандра Мілінкевіча на 4 650 тысячаў рублёў за, нібыта, "наўмыснае незаконнае перасячэньне мяжы". Паседжаньне суду прайшло без удзелу А.Мілінкевіча. У гэты час палітык знаходзіўся ў Літве.

26-29 лістапада 2006 году А.Мілінкевіч знаходзіўся ў Рызе, дзе ўдзельнічаў у саміце краінаў НАТА. У часе пашпартнага кантролю ў аэрапорце "Мінск-2", памежнікі, замест пашпарта палітыка, памылкова паставілі штамп у пашпарт ягонага сына, таксама Аляксандра. Заўважана гэта было толькі тады, калі А.Мілінкевіч вяртаўся з Рыгі ў Менск. Прычым Мілінкевіч сам паказаў памежнікам іхную памылку. Аднак, тыя сваёй віны не прызналі і зьвінавацілі А.Мілінкевіча ў наўмысным незаконным перасячэньні мяжы.

Аляксандар Мілінкевіч вінаватым сябе не прызнае і рыхтуе скаргу на рашэньне суду. Мілінкевіч: " Не заўважыць, што пашпарт ня мой – гэта сур’ёзнае службовае парушэньне. Гэта відавочна, і факт няўважлівасьці памежніка адлюстраваны ў пастанове суда. Хто вінаваты і хто павінен панесьці адказнасьць, не выклікае сумневу. Палітычна матываванае рашэньне суду ніхто выконваць ня будзе. Лічу, што сёньня ўлада выкарыстоўвае гэты судовы працэс дзеля абмежаваньня маёй дзейнасьці".