Віцебск: адбылося адкрыцьцё выставы “Каб рунела душа...” (фота)

Радыё Свабода, Віцебск Гэтая выстава, прысьвечаная двум славутым землякам-літаратарам – Васілю Быкаву і Рыгору Барадуліну, ад сёньняшняга дня экспануецца ў выставачнай залі віцебскага Музэю сучаснага мастацтва. Усе мастацкія працы з экспазыцыі былі створаны ў часе пленэру, ладжанага мінулым летам грамадзкім Цэнтрам імя Язэпа Драздовіча.
Пленэр праходзіў з 15-га да 25-га жніўня ў Вушацкім раёне, а ўдзел у ім узялі мастакі ня толькі зь Віцебшчыны, але й з усёй Беларусі – зь Менску, Пінску, Моталю, Воршы, Полацку, Верхнядзьвінску...

Паводле Вадзіма Баршчэўскага – аднаго з арганізатараў пленэра, плёнам дзесяцідзённай працы на Вушаччыне сталіся творы, прысьвечаныя і Васілю Быкаву (напачатку мастакі працавалі ў вёсцы Бычкі, на ягонай малой радзіме), і Рыгору Барадуліну, які прымаў гасьцей у сваёй хаце ў Вушачах.

Баршчэўскі: “Гэта быў Быкаўскі пленэр, але прысьвечаны ў тым ліку й Рыгору Барадуліну. Праходзіў ён у Бычках і ў Вушачах, а таму творы маем і “быкаўскія”, і “барадулінскія”. Атрымаліся некалькі цудоўных партрэтаў Барадуліна. Гэта вобраз сучасьніка, вобраз таленавітага чалавека. Ёсьць таксама й краявіды яго роднай зямлі. Алей, акварэль, графічныя малюнкі, пастэль, габэлен – усё там ёсьць”.

Першая, імправізаваная, выстава карцін, створаных на пленэры, адбылася 25 жніўня ў вёсцы Бычкі. І першымі гледачамі былі землякі Васіля Быкава. Бліжэйшыя некалькі тыдняў карціны будуць экспанавацца ў Віцебску, а потым экспазыцыя пераедзе ў Менск, дзе адкрыцьцё яе прымеркавана да дня нараджэньня Рыгора Барадуліна 24-га лютага.



Вадзім Баршчэўскі прадстаўляе ўдзельнікаў



Кіраўніца цэнтру імя Язэпа Драздовіча Ада Райчонак каля партрэту Р.Барадуліна



Выступае Алесь Марачкін



Наведнікі выставы