Уладзімер Глод, Менск У шэрагу беларускіх мэдыяў зьявіліся паведамленьні пра супярэчнасьці паміж Аляксандрам Мілінкевічам і Партыяй БНФ, якія, нібыта, прывялі да канчатковага разрыву між імі. Наш карэспандэнт высьвятляў непасрэдна ў абодвух палітыкаў, наколькі такія зьвесткі адпавядаюць рэчаіснасьці.
Лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка гаворыць, што ён зьдзіўлены “скандальнымі памкненьнямі журналісцкай супольнасьці” так інтэрпрэтаваць падзеі, якія адбыліся на апошнім Сойме БНФ:
Вячорка: “На гэтым Сойме было практычна поўным кансэнсусам пацьверджана, што Партыя БНФ ёсьць партыяй, што яна захоўвае сваю цэласьць і выступае як самастойны палітычны суб’ект у аб’яднаных дэмакратычных сілах. Паступіла пісьмовая прапанова ад спадара Мілінкевіча, адрасаваная Сойму: на будучым Кангрэсе дэмсілаў Партыі БНФ уліцца ў фракцыю ягонага руху. Я тое пытаньне прапанаваў паставіць на галасаваньне, але ні адзін сябра Сойму гэтага не падтрымаў. Ні адзін! Ні зь Менску, ні з рэгіёнаў. Так што нават на галасаваньне яго не ставілі.
Абсалютна зразумела, што ў інтарэсах нацыянальна-дэмакратычных сілаў мець фракцыю Партыі БНФ і тым самым прадстаўніцтва Партыі БНФ у будучай палітычнай радзе. І адракацца ад гэтага мы ня бачым ніякіх падстаў. Ні пра якія там разыходжаньні ці сыходжаньні няма гаворкі: захоўваецца статус-кво”.
Кіраўнік палітрады дэмсілаў Аляксандар Мілінкевіч кажа, што яму “вельмі не хацелася б, каб шляхі яго і Партыі БНФ разышліся”:
На пытаньне пра магчымыя пэрспэктывы Вінцук Вячорка адказвае так:
Вячорка: “Што да стваранага спадаром Мілінкевічам руху, дык на сёньняшні дзень няма ні сфармуляванай праграмы, ні арганізацыйнай канцэпцыі. І ў гэтым сэнсе мы ня можам далучацца да нечага, улівацца ў нешта, што ня мае яснай схемы, яснай канцэпцыі. Мілінкевіч стварае сваю арганізацыю з новых людзей, якіх ён заангажаваў з вынікаў мінулагодняй вясны -- ён не пераваблівае людзей з партый. Я думаю, калі такія падыходы дзейнічаюць, то мы заўсёды можам дасягнуць практычнага паразуменьня”.
Аляксандар Мілінкевіч таксама гаворыць пра пэрспэктывы супрацоўніцтва:
Мілінкевіч: “Я бачу рух як непартыйную, новую арганізацыю. Як форму супрацоўніцтва існуючых арганізацый, актыўных людзей. І бачу схему працы простай: мы выбіраем некалькі кампаній, якія робяцца сотнямі арганізацый людзей -- прадпрымальнікаў, моладзі, не заангажаваных у арганізацыі. Гэта -- супрацоўніцтва ў дзеяньні. Я такую схему рэалізаваў, калі існавала “Рэгіянальная Беларусь”. Мы не разбурылі ніводнай арганізацыі. Мы не казалі: сыходзьце са сваіх структур і прыходзьце да нас. Мы папросту ладзілі супрацоўніцтва. Схема адпрацаваная. І я ўпэўнены, што яна й гэтым разам дасьць вынік”.