Выратаваць эканоміку павінна Дырэктыва аб эканоміі

Радыё Свабода На даручэньне Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусі распрацоўваецца Дырэктыва №3 аб эканоміі і беражлівасьці. Эканомія энэргарэсурсаў – пытаньне, якое набыло ў Беларусі палітычнае гучаньне. Перад краінай пастаўлена задача: спажываць энэргарэсурсаў як мага менш.
Ужо абвешчана, што са студзеня падвышаецца квартплата, камунальныя плацяжы. І каб сямейны бюджэт вытрымаў гэтую падвышку, улада заклікае эканоміць на ўсім. Што думаюць наконт эканоміі людзі?

Карэспандэнтка: Як вы думаеце, ці магчыма эканоміць у вашай асабістай гаспадарцы: менш гатаваць, менш пральнай машынай карыстацца, прасам?

Спадарыня: “Так, канечне. Я заўсёды хаджу і за ўсімі выключаю сьвет, на ўсім эканомлю. Але гэта ня робяць усе”.

Карэспандэнтка: “А пліта, газ, гатаваньне?”

Спадарыня: “У прынцыпе, так. Мой сын не заўсёды выключае газ, калі гэта трэба. Я думаю, можна эканоміць”.

Спадар: “Ай, гэта несур’ёзнае пытаньне”.

Спадарыня: “Сапраўды, можна эканоміць, выключаць сьвятло, закрываць ваду”.

Спадар: “Канечне, можна, калі чаю закіпяціў, і усё. А бялізну рукамі праць. Боршч можна зварыць і на тры дні. А так – чаю пагрэў, пельмені, ці што-небудзь хуткага прыгатаваньня”.

Дзяўчына: “Я абсалютна не гатова эканоміць. Я не змагу перавучыць сябе менш уключаць сьвятло альбо вады менш ужываць. Усё будзе, як і было”.

Іван Анташкевіч, які шмат гадоў ўзначальваў гарадзкую жыльлёва-камунальную гаспадарку, перакананы:

“У той сыстэме палітэканамічных каардынат, у якой знаходзіцца краіна, без пераўтварэньняў палітычных і эканамічных гэта ня дасьць нічога – ні дырэктыва №3, ні дырэктыва №10. Каб штосьці эканоміць, у чалавека павінна быць матывацыя”.

Што тычыцца эканоміі электраэнэргіі ў асобнай кватэры, чалавек яшчэ зацікаўлены эканоміць, бо плаціць толькі за скарыстаную энэргію па лічыльніку. Дарэчы, “Менскэнэрга” распрацавала праграму па зьніжэньні спажываньня энэргарэсурсаў. Для яе выкананьня спатрэбіцца 75 з паловай мільярдаў рублёў а калі разьлікі распрацоўшчыкаў акажуцца правільнымі, гадавая эканомія складзе 38 мільярдаў.

Але што тычыцца, да прыкладу, аплаты ацяпленьня – кватэраўладальнік ня можа ніяк на гэта ўплываць. Сёлета цёплая зіма, здавалася б, можна было тапіць менш. Але тапілі як звычайна, а людзі адкрывалі форткі, фрамугі, кажа Іван Анташкевіч.

Анташкевіч: “Чалавек ня ведае, што такое прыборы ўліку на дом, што такое прыборы-рэгулятары, у яго няма ў кватэры прыбораў рэгуляваньня ніякіх. Інструмэнтаў у чалавека, каб штосьці зэканоміць на цеплавой энэргіі няма. Цеплавая энэргія і гарачая вада займаюць 70% у кватэрных плацяжах”.

Існуе манаполія дзяржавы на прыватную ўласнасьць праз ЖЭСы, але і жыльлёва-камунальныя гаспадаркі не зацікаўленыя ў эканоміі, бо ўсё адно яны перакладуць ўсе плацяжы на плечы кватэраўладальнікаў. Меркаваньне адмыслоўцы ў праблемах жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Івана Анташкевіча.

Анташкевіч: “У ЖЭСа няма інструмэнту ні ўплыву, ні зацікаўленасьці, ім ўсё адно – горача, халодна, пераплачваю я, не пераплачваю… Гэта вельмі далёкая структура, якая адарваная ад нас. Каб дырэктыва працавала, спачатку трэба рэфармаваць мікрараёны,ЖЭСы. Гэта вялізная праца. На гады. Хутка гэта не папраўляецца”.