“Крымінальнае чытво”: цяпер і па-беларуску

Іна Студзінская, Менск Творчая ініцыятыва “Беларускі Гальфстрым” завяршае дубляваньне на беларускую мову фільму “Крымінальнае чытво” рэжысэра Квэнціна Таранціны. Гэтая стужка - некалькі кінанавэлаў, героямі якіх зьяўляюцца адныя і тыя ж асобы.
Баксёр Бутч падманвае на грошы гангстэра Марсэласа Ўоласа. Каб забіць Бутча, той пасылае двух бандзюганаў. Яны ўвязваюцца ў прыгоды. У выніку адзін загінае, а другі вырашае завязаць з крыміналам. “Крымінальнае чытво” - гэта ўжо чацьверты фільм перакладзены і агучаны "Беларускім гальфстрымам". Раней выйшлі камэдыя “Любовь насамрэч”, мультфільм “Шрэк-2” і швэдзкі дзіцячы фільм “Маленькая калядная казка”. Мяркуецца, “Крымінальным чытвом” па-беларуску можна будзе набыць у крамах і ў распаўсюднікаў.

Чаму сярод мноства фільмаў, якія атрымалі ўзнагароду "Оскар", абранае менавіта “Крымінальнае чытво”? Адказвае рэжысэр дубляжу музыка і шоўмэн Аляксандар Памідораў.

Памідораў: “Гэта знакавае кіно 90-х гадоў. На гэтым фільме шмат хто выхаваўся і ў творчым пляне, і ў жыцьцёвым (сьмяецца). Нягледзячы на тое, што гэта саркастычнае вельмі кіно, там шмат кпінаў”.

Перакладаў тэкст з ангельскай Максім Шчур. Мовазнаўцы Юрась Бушлякоў, Вінцук Вячорка і Пётра Садоўскі – рэдагавалі пераклад. Але акторы ўсё адно ўносілі свае карэктывы. Распавядае рок-музыка Лявон Вольскі.

Вольскі: “Заўсёды ёсьць магчымасьць імправізацыі. Незвычайныя ўражаньні! Па-першае, вельмі добры фільм, рэвалюцыйны фільм. Настолькі добра прапісаныя гэтыя пэрсанажы ў Таранціны! Давялося сапраўды пабыць нам з Ганнай крымінальнай парачкай, якая рабуе кавярню. Мы, калі пачыналі, крышачку скептычна ставіліся. Але калі паглядзелі на вынік, нам вельмі спадабалася, вельмі задаволеныя. Калі будуць запрашаць, то з задавальненьнем будзем працягваць. Гэта ж гуманітарная дапамога беларускаму народу”.

Ганна Вольская:

Вольская: “Мы агучвалі такую экстрымальную парачку. Было вельмі прыкольна. Цікава, што на беларускай мове трэба было сварыцца адзін на аднаго, выкарыстоўваць лаянку”.

Карэспандэнтка: “Але вы – дзяўчына з добрай адукацыяй, сьвецкім выхаваньнем… Як гэта маральна для вас было – выкарыстоўваць лаянку?”

Вольская: “Мы думалі ўвогуле, што нічога не атрымаецца, бо мая гераіня – дурніца з дурніц. Я спачатку была ў шоку, што такую гераіню трэба агучваць. Але потым ўжываешся ў ролю. Думаю, што атрымалася нармалёва”.

Акрамя Лявона і Ганны Вольскіх, у дубляжы “Крымінальнага чытва” удзельнічаюць музыкі Піт Паўлаў, Ігар Варашкевіч, Аляксандар Памідораў, журналістка Вольга Бабак, палітык Аляксей Янукевіч.

Янукевіч – бадай, самы дасьведчаны ў гэтай кагорце: гуляў у школьным драмгуртку, а ў фільме “Любоў насамрэч” агучваў прэм’ер-міністра Брытаніі.

Янукевіч: “Я думаю, што некаторыя палітычныя здольнасьці можна праявіць пры гэтым, а некаторыя можна ўдасканаліць. Герой, якога я агучваю, яшчэ і вельмі моцны духам пэрсанаж, сам пра сябе клапоціцца, прыдумляе нейкія камбінацыі і дамагаецца таго, што ён хоча. Ня толькі на рынгу, але і ў жыцьці. Я лічу, што гэта вельмі добрая рыса”.

Пра падбор актораў распавядае Аляксандар Памідораў.

Памідораў: “Нават калі былі разьмеркаваная ролі, потым у нас адбыліся зьмены толькі таму, што нехта хацеў выконваць ня тую ролю, якая яму была прызначана, а іншую ролю, бо гэты пэрсанаж больш падабаецца, але ў яго менш тэксту".

Карэспандэнтка: “А ў вас быў кастынг?”

Памідораў: “Так, мы разам з прадусарам Франакам Вячоркам вырашалі, хто можа згуляць. Да таго ж, пасьля “Шрэку” было жаданьне прыцягнуць як мага больш знакамітых пэрсонаў, прынамсі, музыкаў”.