Ці лічыце вы, што мясцовыя выбары былі дэмакратычныя і справядлівыя?

Альгерд Невяроўскі, Менск Гэтае пытаньне беларускай “Свабоды” людзям на менскіх вуліцах задаваў наш карэспандэнт.
Спадар: “Цяжка сказаць, бо я ня браў у іх удзелу. Асабліва за выбарамі не сачу”.

Спадар: “Я ня ведаю. Гэтыя выбары прайшлі неяк спантанна. Людзі ішлі проста паводле звычкі. Не было такой упэўненасьці — каб чалавек ведаў, дык сапраўды ён і прагаласаваў бы за гэтага кандыдата зь нейкай карысьцю. А тут усё было паводле інэрцыі”.

Спадарыня: “Я ня ведаю, што сказаць. Па нашай Першамайскай акрузе быў кандыдат ад БНФ. Я галасавала за яго. А наколькі яны дэмакратычныя — пабачым па выніках”.

Спадар: “Я галасаваць не хадзіў, бо няма каго выбіраць”.

Спадарыня: “Я ўчора на выбарах не была, таму нічога не магу сказаць”.

Пэнсіянэр: “Свабодныя былі выбары, ніхто нікога не прымушаў. Калі ласка — выбірай, ніхто не замінаў”.

Дзяўчына: “Не, нельга. Я нават ня ведала, хто быў сярод кандыдатаў”.

Карэспандэнт: “Ці лічыце вы, што ўчорашнія выбары былі дэмакратычныя і справядлівыя?”

Дзяўчына: “Я неяк ня маю сваёй думкі. Я на выбарах не была, бо ня ведала, каго выбіраць”.

Дзяўчына: “Я лічу, што выбары ў гарадзкі савет не палітычныя — гэта такая гаспадарчая кампанія. Я на выбары не хадзіла, бо працавала”.

Спадар: “Нармальныя выбары. Ніхто не прымушаў. Хто хацеў, той так і галасаваў”.

Хлопец: “Вы сьмяецеся? Канечне, не. Вы лічыце, што ў нашай краіне могуць быць дэмакратычныя выбары? Лічу, што ў нашай краіне гэта нерэальна”.

Спадар: “Ведаю толькі, што яны павінны былі адбыцца. Бо больш за палову людзей не прыйшло”.

Пэнсіянэрка: “Думаю, што так. Хто хацеў — той прыйшоў, хто не хацеў — той не прыйшоў. Ніхто нікога не прымушаў. Хіба гэта не дэмакратыя? Нармальна”.

Хлопец: “Магчыма, яны больш дэмакратычныя за тыя, што былі дагэтуль. Маім сябрам, што тут заставаліся, падалося, што было ня надта лепей. Але лепей”.