Віцебск: затрыманы моладзевы актывіст Алесь Галавань

Радыё Свабода, Віцебск "Маладафронтаўца" і актывіста партыі "Беларуская хрысьціянская дэмакратыя" міліцыянты затрымалі на выбарчым участку №18 у Першамайскім раёне, дзе ён быў назіральнікам.
Паводле міліцэйскага пратаколу, Алесь Галавань затрыманы за дробнае хуліганства. Прынамсі, такім чынам супрацоўнікі міліцыі патлумачылі ягонай маці прычыну затрыманьня.

Наступную ноч моладзевы актывіст правядзе ў ізалятары часовага ўтрыманьня, а заўтра ў 10.30 яго будуць судзіць у Першамайскім раённым судзе Віцебска. Прыкладна тым самым часам і ў тым самым судзе адбудзецца разгляд справы сябра БХК Паўла Левінава, якога таксама затрымалі ўчора нібыта за дробнае хуліганства.