“Надта рэдка прэзыдэнт радзіцца з народам” (1997)

Зьміцер Падбярэскі, Менск “Советская Белоруссия”, 1947 год.
“Незабыўныя дні перажывае наша рэспубліка. Зь вялікім узрушаньнем рыхтуецца беларускі народ да выбараў у Вярхоўны Савет БССР. Кінастудыя “Беларусьфільм” рыхтуе спэцыяльныя выпускі пра выбарчую кампанію. Для экрану зьнялі мітынг на заводзе Кірава, на якім адбылося вылучэньне таварыша Сталіна кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнага Савету БССР, пасяджэньне акруговай выбарчай камісіі Сталінскай выбарчай акругі, прысьвечанае рэгістрацыі тав. Сталіна кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнага Савету БССР, мітынг, прысьвечаны вылучэньню тав. Панамарэнкі кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнага Савету БССР”.

“Беларус”, 1967 год.

“Перамяшчэньне Пятруся Броўкі із становішча кіраўніка пісьменьніцкай арганізацыі на становішча кіраўніка рэдагаваньня Беларускае Энцыкляпедыі з пазыцыяў партыйных, пэўне-ж, разглядаецца як паніжэньне… Але з гледзішча беларускага, з пазыцыяў карысьці для беларускае культуры новае Броўкава становішча трэба ўважаць, як бясспрэчнае павышэньне. Выданьне Беларускае Энцыкляпэдыі — справа вялікае гістарычнае вагі”.

“Народная воля”, 1997 год. Нехта Леанід Сашуцін прапануе:

“У цяперашніх умовах, калі Захад замахваецца на нашу Беларусь і прэзыдэнта, калі нават у Расеі ёсьць пэўныя асобы, якія чыняць супраць нас розныя інтрыгі, дый унутраныя ворагі ня сьпяць, Адміністрацыя прэзыдэнта не пасьпявае з усім справіцца: дапамагчы ёй — наш абавязак… Надта рэдка прэзыдэнт радзіцца з народам. Таму прапаную праводзіць пэрманэнтны рэфэрэндум. Лепш нават ладзіць рэфэрэндумы двойчы на месяц — 5-га і 20-га. Да дня рэфэрэндуму выдаваць народу зарплату. Раз народ прывучылі ўжо вазіць на выбарчыя ўчасткі на аўтобусе, прапаную ставіць скрыні для галасаваньня непасрэдна на аўтобусных прыпынках”.