БЕЛТА: Заявы аб стратах Расеі з-за газавых пагадненьняў непраўдзівыя

Радыё Свабода Сёньня БЕЛТА апублікавала камэнтар ананімнай крыніцы ва ўрадзе Беларусі, якая абвяргае ўчорашнія заявы прэзыдэнта Пуціна аб тым, што Расея ад газавых пагадненьняў з Беларусьсю страціла больш за 3 мільярды даляраў.
Гэты камэнтар БЕЛТА быў і распаўсюджаны беларускімі амбасадамі. Паводле гэтага паведамленьня, пры ранейшай цане для Беларусі 47 даляраў за 1000 кубамэтраў рэнтабэльнасьць здабычы для “Газпрому” складала прынамсі 20%. Да таго ж за кошт нізкіх транзытных тарыфаў “Газпром” ашчаджаў на беларускім транзыце 800 мільёнаў даляраў у параўнаньні з транзытам такой самай колькасьці газу праз Украіну. Акрамя таго – адзначаецца ў паведамленьні БЕЛТА - пры пабудове беларускага ўчастку газаправоду “Ямал-Заходняя Эўропа” “Газпром” атрымаў ільготы ў памеры 200 мільёнаў даляраў.

Нарэшце, крыніца БЕЛТы адзначае, што мінімальным коштам “Белтрансгазу” незалежны ацэншчык назваў 5 мільярдаў 300 мільёнаў даляраў. Беларусь пагадзілася на цану 5 мільярдаў даляраў, на чым “Газпром” выйграў яшчэ 150 мільёнаў даляраў. Да таго ж у паведамленьні адзначаецца, што “Газпром” набывае 50% акцыяў “Белтрансгазу” і казаць пра тое, што ён ня будзе мець ніякага ўплыву на прыняцьце рашэньняў у межах кампаніі, не выпадае.

Нагадаем, што ўчора на ўрадавай нарадзе прэзыдэнт Расеі нагадаў, што Польшча купляе ў Расеі газ па 260 даляраў за тысячу кубамэтраў. Паводле Пуціна, “Газпром” за некантрольны пакет акцый “Белтрансгазу” заплаціць максымальную цану.