Алег Грузьдзіловіч, Менск Вядомы беларускі эканаміст Леанід Злотнікаў не выключае ўвядзеньня Расеяй мытаў на беларускія тавары. Наступствы гэтых захадаў адчуюць перш за ўсё беларускія працаўнікі -- мяркуе эканаміст.
Злотнікаў: “Што тады адбудзецца? Наш продаж трактароў, аўтамабіляў ды іншых тавараў можа працягвацца толькі ў тым выпадку, калі заробкі людзей будуць паніжаны. Калі людзі ва ўсіх галінах будуць менш зарабляць, удасца захаваць наш экспарт. Другога выйсьця няма. Інакш тавары ня будуць прадавацца і прадпрыемствы спыняцца ці давядзецца ісьці на значнае скарачэньне працаўнікоў. Бо сабекошт нашых тавараў найперш залежыць ад заробкаў. Мэталь для трактара МТЗ – гэта перадусім заробкі на Беларускім мэталюргічным заводзе ў Жлобіне і гэтак далей. Калі па ўсёй краіне тое складаць, то большая частка нашых выдаткаў – гэта заробкі. Ці вытрымаюць такое працаўнікі? Адным з выйсьцяў можа быць выезд усё большай колькасьці людзей на заробкі ў суседнія краіны. Ужо цяпер да 500 тысяч беларусаў працуе за мяжой. І працоўная эміграцыя можа павялічыцца. Таму масавага выбуху незадаваленьня можа не адбыцца: людзі будуць шукаць асабістых выхадаў з сытуацыі, і адзін зь іх – ад’езд за мяжу на працу”.