Берасьце: ад кандыдата ў дэпутаты падатковая служба патрабуе дадатковых звестак

Радыё Свабода Сябра БНФ Яўген Бяласін, які вылучаецца кандыдатам у дэпутаты Берасьцейскага гарадзкога і абласнога Саветаў, выклікалі ў падатковую інспэкцыю.
Берасьцейскія падаткоўцы запатрабавалі ад спадара Бяласіна, каб ён прадставіў дэклярацыю пра свае даходы. Актывіст БНФ патлумачыў, што ўсе неабходныя дакуманты перадаў у выбарчую камісію і тая зарэгістравала яго кандыдатам у дэпутаты. Тады падатковы інспэктар Ірына Жук паведміла, што яе цікавяць даходы Яўгена Бяласіна за 2004 год, а таксама з якіх крыніцаў быў зроблены першасны ўнёсак за кватэру, у якой сям’я Бяласіных жыве ўжо шосты год.

Паводле Яўгена Бяласіна, тое, што ад няўгодных уладзе кандыдатаў беспадстаўна патрабуюць дадатковыя дакуманты, ёсць чарговым сьведчаньнем недэмакратычнасьць цяперашняй выбарчай кампаніі.