“Наведванне царквы робіцца палітычным актам” (1997)

Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Вось што 9 студзеня у розныя гады мінулага пісалася ў беларускіх газэтах.
Віленская газэта “Гоман”, 1917 год. Пад рубрыкай “Весткі з Расеі” паведамляецца:

“Пецярбург. Цело Распутіна знайшлі вадалазы на дне Невы каля Петроўскаго маста. Распутіна забілі ў суботу раніцай у палацу князя Юсупова. У лёдзі зроблена проруб, і праз яе кінулі ў ваду цело Распутіна. У садзі кн.Юсупова знайшлі сьляды крыві. Служба кажэ, што кроў гэта — ад забітаго шалёнаго сабакі. Да гэтай скандальнай справы замешан, апрыч маладога кн.Юсупова, журналіст Зембо”.

“ЛіМ”, 1937 год. Кампазытар М.Чуркін дзеліцца творчымі плянамі:

“У 1937 годзе, да 20-годдзя Кастрычніка і ў азнаменаванне сталінскай Канстытуцыі, я бяру на сябе наступныя абавязкі. Па-першае, — па фальклору — апрацаваць сабраны матэрыял і прадоўжыць збіранне новага советскага фальклора. {Падрыхтаваць да выдання старыя народныя беларускія песні (рэкруцкія і іншыя)}. Прыняць самы актыўны ўдзел у экспедыцыі па збору фальклора. Па-другое, — мяркую напісаць да 20-годдзя Кастрычніка сімфанічную паэму, у якой думаю паказаць свята ўраджаю ў калгасе… Па-трэцяе, — прадоўжу працу над цыклам сваіх работ, у якіх я імкнуся паказаць ва ўсёй велічы нашых правадыроў, нашу гераічную Чырвоную армію і яе слаўных палкаводцаў — Варашылава і Будзённага”.

“Свабода”, 1997 год.

“Нараджэнне Хрыстова 7 студзеня… выклікае масавы дэсант у царкву ўсяго кіраўніцтва краіны з жонкамі. Наведванне царквы робіцца палітычным актам, які не мае сэнсу без прысутнасці тэлебачання… Многіх праваслаўных вернікаў проста шакіравала сцэна, калі мітрапаліт Філарэт стаяў па правую руку ад Лукашэнкі (па левую — Малафееў)… Ва ўсіх сэнсах надзвычай сімвалічная карціна: іерарх царквы разам з былым камуністычным кіраўніком ствараюць своеасаблівы ідэалагічны п’едэстал, на які ўзабраўся былы палітрук “зоны”.