Магілёўшчына: трое кандыдатаў ад апазыцыі адмовіліся ад удзелу ў выбарах

Радыё Свабода Адпаведныя заявы ў гарадзкія выбарчыя камісіі падалі ў Бабруйску сябры Сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Таісія Кабанчук і Надзея Грынявіцкая. У Магілёве тое ж зрабіў сябра партыі БНФ Зьміцер Салаўёў.
Усе трое заявілі, што ня вераць у справядлівыя выбары. У сваіх заявах яны спаслаліся на канкрэтныя дзеяньні чыноўнікаў, якія на іхную думку парушылі выбарчае заканадаўства. Так, бабруйчанкі згадалі выказваньне намесьніка старшыні гарвыканкаму ў газэце “Вечерний Бобруйск”, што ніводзін апазыцыянэр не патрапіць у гарсавет, а Зьміцер Салаўёў спаслаўся на немагчымасьць атрымаць дазвол ад мясцовай улады на правядзеньне сустрэчаў з выбарнікамі нават у вызначаных месцах.

Пра свае рашэньні Таісія Кабанчук, Надзея Грынявіцкая ды Зьміцер Салаўёў паінфармавалі сваіх выбарнікаў.