Як адбіваецца нафтавы канфлікт на краінах Цэнтральнай Эўропы?

Радыё Свабода Літва спадзяецца, што перапыненьне пампаваньня нафты па трубаправодзе “Дружба” не парушыць працу літоўскай кампаніі Mazeikiu nafta. Як паведаміў сёньня дарадца прэм’ер-міністра Літвы ў пытаньнях энэргетыкі Саўлюс Спэчус, у найбліжэйшы час такая пагроза не разглядаецца.
Са словаў спадара Спэчуса, нафта ў Літву ад ліпеня 2006 году дастаўляецца марскім шляхам праз тэрмінал у Бутынгу, і надалей патрэбы ў нафте будуць задавальняцца менавіта такім шляхам.

Між тым у Вугоршчыну ў панядзелак паступіла толькі палова звыклага дзённага аб’ёму нафты (22 тысячы тонаў), якая дастаўляецца ў гэтую краіну праз нафтаправод “Дружба”. Дастаўка расейскай сырой нафты у Славаччыну ў панядзелак увечары цалкам спынілася. Паводле інфармацыі міністэрства эканомікі гэтай краіны, рэзэрваў нафты ў Славаччыне хопіць прыкладна на 73 дні, паведамляе Інтэрфакс.