Справу А.Мілінкевіча суд адправіў на дапрацоўку

Радыё Свабода Суд Кастрычніцкага раёну Менску ня стаў разглядаць адміністрацыйны пратакол, складзены 29 лістапада ў нацыянальным аэрапорце “Менск” на экс-кандыдата на прэзыдэнта, лідэра дэмакратычнай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча.
Падставай для складаньня пратаколу стала тое, што Аляксандар Мілінкевіч у аэрапорце перад пасадкай на самалёт на Рыгу (там у канцы лістапада адбываўся саміт НАТО, куды палітык быў запрошаны) памылкова падаў памежнікам пашпарт свайго сына, куды і паставілі штамп пра перасячэньне мяжы. У Рызе латвійскія памежнікі паставілі штамп ужо ў пашпарт Аляксандра Мілінкевіча.

Па вяртаньні ў Менск, беларускія памежнікі спачатку абвінавацілі палітыка ў незаконным перасячэньні мяжы, аднак убачыўшы штамп, пастаўлены латвійскімі калегамі, склалі толькі адміністрацыйны пратакол. Суд Кастрычніцкага раёну разглядаць гэты пратакол адмовіўся, спаслаўшыся на тое, што артыкул, указаны ў пратаколе й вінавачаньне, выстаўленае Аляксандру Мілінкевічу, не адпавядаюць Адміністрацыйнаму кодэксу. Справа накіраваная на дапрацоўку.