У «Гарадзенскім калегіюме» — пра менскую Плошчу

7 красавіка ў «Гарадзенскім калегіюме» адбылася дыскусія, якія ўрокі дала Плошча-2010 беларускаму грамадзтву. На сустрэчы прэзэнтавалі нумар часопісу «Архэ», які прысьвечаны падзеям 19 сьнежня.

Размова пра тое, якія высновы варта зрабіць з падзеяў у дзень прэзыдэнцкіх выбараў, выклікала цікавасьць гарадзенцаў: прыйшлі дзясяткі людзей — грамадзкія актывісты, краязнаўцы, гісторыкі.

Анатоль Сідарэвіч
Зь Менску прыехаў вядомы гісторык Анатоль Сідарэвіч:

«Плошча — гэта быў на новым вітку ўсплёск барацьбы за дэмакратыю. Я быў уражаны: на гэтай плошчы сярэдні ўзрост людзей быў трыццаць год. Проста знайсьці знаёмага на плошчы было вельмі цяжка. Я ішоў і шукаў знаёмыя твары, я ня бачыў іх. Гэта вырасла новае пакаленьне, скажам так, прасунутых людзей, якія ведаюць — што такое заходняя якасьць жыцьця, што такое дэмакратыя, правы чалавека. Яны ня згодныя з афіцыйнай прапагандай, з хамствам, з маной, гвалтам над асобай чалавека, з беспэрспэктыўнасьцю ў гэтай краіне. Яны хочуць сабе пэрспэктывы ў гэтай краіне».

Валер Булгакаў
Галоўны рэдактар «Архэ» Валер Булгакаў: «Для мяне, з аднаго боку, Плошча была сьведчаньнем таго, што беларускае грамадзства вельмі многа дазваляе лукашэнкаўскаму рэжыму. Уласна мы таму і выдалі гэты нумар „Архэ“ пра Плошчу. Каб больш такі крывавы разгон дэманстрантаў ніколі не паўтараўся».

У нумары «Архэ», прысьвечаным Плошчы, зьмешчаныя фотаздымкі гарадзенца Янкі Лялевіча. 19 сьнежня ён быў арыштаваны і дзесяць дзён знаходзіўся на Акрэсьціна, яму ўдалося захаваць здымкі.

Янка Лялевіч рыхтуе прэзэнтацыю сваіх здымкаў з Плошчы.

Лялевіч: «Флэшка была ўсе гэтыя дзён пры мне, таму ў кожны ператрус было дадатковае хваляваньне. Былі моманты, калі мне проста хацелася флэшку зламаць, зьнішчыць, каб яе не знайшлі. Каб не было ніякіх праблемаў».

Сярод аўтараў новага нумару «Архэ» — гісторык Анатоль Сідарэвіч, палітоляг Віталь Сіліцкі, журналіст Андрэй Пачобут, які цяпер знаходзіцца пад арыштам, супраць яго распачата крымінальная справа пра абразу прэзыдэнта.