Муамар Кадафі шукае падыходы да Белага дому

Муамар Кадафі

Кадафі і яго асяродзьдзе шукаюць шляхі адступленьня, якія дапамогуць ім выйсьці з гульні з найменшымі стратамі.
Так амэрыканскія назіральнікі успрынялі нечаканыя спробы Кадафі ўвайсьці ў кантакт з Вашынгтонам. Прадстаўнікі дзярждэпартамэнту пацьвердзілі, што яны атрымалі ліст за подпісам Муамара Кадафі, зьвернуты да Барака Абамы – паводле Кадафі, "нашага дарагога сына". У пасланьні, якое апынулася ў распараджэньні агенцтва "Асашыэйтэд Прэс", аўтар заклікае прэзыдэнта Абаму спыніць паветраную кампанію НАТА, "несправядлівую вайну супраць маленькага народу ў краіне, якая разьвіваецца", абяцае ўзносіць малітвы за прэзыдэнта і жадае яму посьпехаў у наступнай выбарчай кампаніі.

Ліст, напісаны няўпэўненай ангельскай са шматлікімі памылкамі, але ў высокім стылі. І выглядае ў кантэксьце амэрыканскіх дыскусій аб хадзе лівійскай апэрацыі эпісталярным кур'ёзам, ад якога адмахнулася дзяржсакратар Гілары Клінтан:

– Я ня думаю, што існуе няпэўнасьць адносна таго, што патрабуецца ад спадара Кадафі ў дадзены момант. З гэтым згодная міжнародная супольнасьць. Чым хутчэй ён выканае патрабаваньні, чым хутчэй спыніцца праліцьцё крыві, тым лепш будзе для кожнага.

Мінімальную цікавасьць пакуль прыцягнула і прыватная місія былога кангрэсмэна Курта Ўэлдана, які адправіўся ў Трыпалі на запрашэньне Кадафі. Уэлдан мае даўнія сувязі зь сям'ёй Кадафі, і ідэі, якія відавочна выбіваюцца з дыяпазону прымальных для Злучаных Штатаў рашэньняў лівійскага крызысу. Напрыклад, ён мяркуе, што Кадафі можна пераканаць адмовіцца ад улады, прапанаваўшы яму цырыманіяльны пост кіраўніка Афрыканскага саюзу. У сваім артыкуле ў "Нью-Ёрк Таймс" Уэлдан кажа, што трэба даць магчымасьць сыну Кадафі Сэіфу застацца ля улады, калі ён набярэ дастатковую колькасьць галасоў у выніку свабодных выбараў. Бо, у рэшце рэшт, менавіта Сэіф пераканаў бацьку прызнаць адказнасьць за падрыў "Боінга" над Шатляндыяй і выбух дыскатэкі ў Бэрліне. Паводле Ўэлдана, у яго няма ніякіх даручэньняў ад Белага Дому, яго місія выключна прыватная – пераканаць Кадафі сысьці, і ён падтрымлівае стратэгію прэзыдэнта Абамы.

На погляд уплывовага аглядальніка "Нью-Ёрк Таймс" Нікаласа Крыстофа, тактыка Кадафі відавочная:

– Я ня думаю, што існуе колькі-небудзь сур'ёзная верагоднасьць таго, што Ўэлдан пераканае яго адмовіцца ад улады. Усё гэта даказвае, што сям'я Кадафі ўсьведамляе, што яна знаходзіцца ў адчайнай сытуацыі і спрабуе дзейнічаць рознымі шляхамі, спадзеючыся знайсьці менш балючы выхад. Ён запрашае Ўэлдана, ён адпраўляе ліст Абаму, ён пасылае прадстаўніка ў Лёндан і да грэкаў.

Але пошук пажарнага выхаду для сям'і Кадафі вельмі ўскладняе той факт, што Рада Бясьпекі даручыла міжнароднаму крымінальнаму суду разгледзець дзеяньні Кадафі і яго ўраду на прадмет наяўнасьці ў іх прыкмет злачынства супраць чалавечнасьці. Калі яны будуць выяўлены, статус палітычнага выгнанца ня выратуе Кадафі ад выдачы суду.