Аўганістан: непарадкі працягваюцца

Дэманстрацыя ў Кандагары супраць спальваньня Карану ў Фларыдзе

У выніку хваляваньняў у аўганскім горадзе Кандагары загінулі, паводле апошніх дадзеных, 9 чалавек і яшчэ дзясяткі былі параненыя. Каля дзьвюх тысяч жыхароў Кандагару ўдзельнічалі сёньня ў дэманстрацыі пратэсту супраць нядаўняга спаленьня Карану амэрыканскім сьвятаром Тэры Джонсам. Некаторыя з удзельнікаў маніфэстацыі падпальвалі аўтамабілі, білі шыбы ў крамах.

Напярэдадні аналягічная акцыя ў горадзе Мазары-Шарыф перарасла ў штурм будынку місіі ААН. У выніку загінулі ня меней як 12 чалавек. Генэральны сакратар ААН Пан Гі Мун назваў гэта “гнюсным і баязьлівым” нападам. Мясцовыя ўлады лічаць, што натоўп справакавалі баевікі.