Сэнат Парлямэнту Чэскай Рэспублікі нагадаў пра рэзалюцыю, прынятую пасьля выступу кіраўніцы беларускіх дэмакратычных сілаў Сьвятланы Ціханоўскай на 12-м паседжаньні яшчэ 9 чэрвеня 2021 году. Таксама чэскі Сэнат нагадаў, што рэжым у Беларусі сыстэматычна парушае асноўныя правы чалавека і актыўна падтрымлівае агрэсію Расеі супраць Украіны, чым нясе надзвычайную пагрозу бясьпецы ня толькі для Ўкраіны, але і для ўсёй Эўропы.
«Хоць у 2025–2026 гадах больш за 400 зьняволеных былі вызваленыя, у турмах Беларусі па-ранейшаму застаюцца каля 800 палітычных вязьняў. Мы ўважаем рэжым у Беларусі нелегітымным, незаконным і злачынным. Мы падтрымліваем, каб міжнародны трыбунал або спэцыяльны трыбунал па Ўкраіне таксама заняліся расьсьледаваньнем дзейнасьці Аляксандра Лукашэнкі і ягоных суўдзельнікаў».
У іншых пунктах Сэнат Чэскай Рэспублікі рэкамэндаваў прадстаўнікам Сэнату ў Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ далучыцца да «Альянсу за дэмакратычную Беларусь» і выступіў за тое, каб Чэская Рэспубліка працягвала падтрымліваць беларускую супольнасьць у выгнаньні.
Акрамя таго, выказалася за тое, каб урад дазволіў візыты сваякоў да тых беларусаў, якія атрымалі міжнародную абарону ў Чэхіі.
Апошнім пунктам рэзалюцыі чэскі Сэнат аформіў зварот да ўраду краіны.
«Мы заклікаем урад Чэскай Рэспублікі і надалей рабіць усе крокі дзеля падтрымкі грамадзянскіх свабодаў і ўсталяваньня прававой дзяржавы ў Беларусі і настойваць на вызваленьні ўсіх палітычных вязьняў, а таксама надалей падтрымліваць фінансава і практычна (напрыклад, у форме спрашчэньня візавага рэжыму) праваабаронцаў і незалежныя СМІ — ня толькі тыя, што працуюць у выгнаньні, але і асобаў, якія дзейнічаюць на тэрыторыі Беларусі.
Мы заклікаем урад пашыраць санкцыйны сьпіс грамадзян Беларусі, уключаючы туды новыя імёны выканаўцаў найбольш сур’ёзных злачынстваў, на якія распаўсюджваецца міжнародная юрысдыкцыя».
Сэнат даручыў старшыню Сэнату, сэнатару Мілашу Выстрчылу, праінфармаваць пра выхад рэзалюцыі прэм’ер-міністра краіны Андрэя Бабіша.
Што гэта значыць для беларусаў?
Рэзалюцыя ня мае абавязковага характару, але яскрава паказвае намеры палітычных элітаў краіны. Падтрымка чэскімі сэнатарамі дэмакратычнай супольнасьці ў Беларусі і ўвага на праблеме запрашэньняў у краіну сваякоў палітычных уцекачоў і падобных асобаў сьведчыць пра тое, што гэта важныя пытаньні для чэскага грамадзтва. Яны выносяцца на абмеркаваньне, за прыняцьце рашэньняў галасуюць, а вынікі падаюць прэм’ер-міністру.
На праблемы беларусаў Чэхіі зьвяртала асобную ўвагу Сьвятлана Ціханоўская ў час публічнай дыскусіі ў праскай бібліятэцы Вацлава Гаўла 11 чэрвеня. За дзень да таго яна сустрэлася з прэзыдэнтам краіны Пэтэрам Паўлам.
Ціханоўская тлумачыла чэскай аўдыторыі, што візы і стыпэндыі — гэта ня толькі гуманітарная дапамога. Гэта магчымасьць для беларусаў бачыць, як працуе дэмакратычны сьвет, вучыцца ў дэмакратычных унівэрсытэтах і захоўваць сувязь з Эўропай. Сваю карысьць ад гэтага атрымліваюць і чэхі — бачаць сапраўдны навуковы абмен, бачаць беларусаў не з тэлевізару, а ў сапраўдным жыцьці, пераконваючыся ў іх праэўрапейскіх настроях.