Міністэрства фінансаў ЗША выдала часовую генэральную ліцэнзію тэрмінам на 60 дзён, якая дазваляе здабываць, пастаўляць і прадаваць іранскую нафту. Пра гэта сказаў 22 чэрвеня міністар фінансаў ЗША Скот Бэсэнт.
«У адпаведнасьці з вынікамі прадуктыўных перамоваў у Швайцарыі Іран абавязаўся забясьпечыць свабодны і адкрыты транзыт праз Армускую пратоку і дазволіць інспэктарам Міжнароднага агенцтва атамнай энэргетыкі (МАГАТЭ) уезд у сваю краіну. У межах гэтай праграмы Міністэрства фінансаў выдала часовую генэральную ліцэнзію тэрмінам на 60 дзён, якая дазваляе здабываць, пастаўляць і прадаваць іранскую нафту», — напісаў ён.
Ліцэнзію выдалі ў адпаведнасьці з мэмарандумам аб узаемаразуменьні, падпісаным ЗША і Іранам 17 чэрвеня. У тэксьце прадугледжана, што Міністэрства фінансаў пасьля яго падпісаньня дасьць дазвол на экспарт іранскай нафты, нафтапрадуктаў і зьвязаных зь імі паслуг.
Падпісаны мэмарандум аб узаемаразуменьні зьмяшчае 14 пунктаў. Спыненьне агню на ўсіх франтах (у тым ліку ў Лібане, дзе Ізраіль праводзіць апэрацыі супраць падтрымоўванай Іранам групоўкі «Хэзбала», прызнанай ЗША і Ізраілем тэрарыстычнай арганізацыяй), а таксама адкрыцьцё Армускай пратокі без абмежаваньняў на працягу наступных 60 дзён і паступовае зьняцьце марской блякады Ірану ўступяць у сілу неадкладна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
ЗША і Іран дамовіліся аб дарожнай мапе для дасягненьня канчатковай дамоўленасьціБаявыя дзеяньні і санкцыі
Іранская нафта раней знаходзілася пад санкцыямі ЗША. У сакавіку 2026 году, на тле баявых дзеяньняў, якія пачалі Ізраіль і ЗША супраць Ірану, Міністэрства фінансаў ужо выдавала часовую 30-дзённую ліцэнзію на продаж іранскай нафты на суднах, каб зьнізіць цэны, якія ўзьляцелі вышэй за 100 даляраў за барэль.
Вашынгтон і Тэгеран дамовіліся, што іншыя пытаньні, у тым ліку наконт ядзернай праграмы, разгледзець за наступныя 60 дзён.
У заяве адзначаецца, што, хоць афіцыйныя перамовы завяршыліся ў швайцарскім курортным горадзе Бургеншток, дэлегацыі правядуць далейшыя тэхнічныя дыскусіі на працягу наступнага тыдня.
Вайсковая апэрацыя ЗША і Ізраілю супраць Ірану
28 лютага Дональд Трамп аб’явіў аб пачатку супольнай з Ізраілем маштабнай ваеннай апэрацыі супраць рэжыму ў Іране. Патрэбу ў апэрацыі зьвязалі з правалам перамоваў аб іранскай ядзернай праграме.
Аятала Алі Хамэнэі й іншыя прадстаўнікі найвышэйшага іранскага кіраўніцтва былі забітыя. Прэзыдэнт Ірану Масуд Пэзэшкіян назваў забойства Хамэнэі страшным злачынствам і паабяцаў адпомсьціць. Іран пачаў апэрацыю ў адказ і нанёс удары па амэрыканскіх аб’ектах на Блізкім Усходзе.
Масква наўпрост асудзіла агрэсію Ізраілю і ЗША супраць Ірану. Улады Беларусі адрэагавалі стрымана. Лукашэнка ў першыя два дні пасьля гібелі Хамэнэі не сказаў ані слова, а МЗС Беларусі 28 лютага двойчы выступіў з заявамі. У адной прагучала заклапочанасьць абвастрэньнем канфлікту вакол Ірану. У другой заяве атака на Іран асуджаецца, але Ізраіль і ЗША не названыя, акцэнт робіцца на гуманітарным аспэкце.
Беларуская дзяржаўная авіякампанія «Белавія» празь небясьпеку ўзаемных абстрэлаў на Блізкім Усходзе скасавала шэраг рэйсаў і 2 сакавіка накіравала эвакуацыйны самалёт зь Менску ў Доху, каб забраць беларускіх турыстаў, што апынуліся ў Катары, які таксама абстрэльваў Іран.
Паводле іранскага таварыства Чырвонага Паўмесяца, у Іране загінулі больш за 200 чалавек, параненыя больш за 700. Паводле іранскага інфармацыйнага агенцтва IRNA, 118 чалавек сярод загінулых — школьнікі.
Афіцыйныя асобы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў заявілі пра трох загінулых і 58 параненых у краіне з пачатку іранскіх атак на рэгіён Пэрсыдзкай затокі, якія сталі адказам на ваенныя апэрацыі ЗША і Ізраілю.
У выніку іранскага ракетнага ўдару па горадзе Бэйт-Шэмэш у Ізраілі, што за 40 км ад Ерусаліму, як мінімум 9 чалавек загінулі і 28 атрымалі раненьні. З пачатку новага абвастрэньня па тэрыторыі Ізраілю рэгулярна б’юць ракетамі.
2 сакавіка да баявых дзеяньняў у рэгіёне далучылася праіранская ісламісцкая групоўка «Хэзбала», якая пачала з тэрыторыі Лібану абстрэльваць Ізраіль.
У наступныя дні іранскія войскі працягвалі наносіць удары па Саудаўскай Арабіі, Бахрэйне, ААЭ, Кувэйце за іх супрацу з амэрыканцамі па разьмешчаных там амэрыканскіх актывах, а таксама па гатэлях і іншых аб’ектах. ЗША і Ізраіль працягнулі ўдары па вайсковых аб’ектах Ірану.
8 сакавіка іранская Асамблея экспэртаў абрала Муджтабу Хамэнэі новым кіраўніком краіны. Гэта 56-гадовы сын забітага паветранай атакай Алі Хамэнэі. Жонка Муджтабы Хамэнэі, Захра Хадад Адэль, таксама загінула падчас таго ж амэрыканска-ізраільскага ўдару, у якім быў забіты яе цесьць — найвышэйшы кіраўнік (рахбар) Ірану.