У цэнтры падзей — Аляксей Алексін, прадпрымальік з атачэньня Аляксандра Лукашэнкі, і ягоныя партнэры ў Літве і Расеі. Яны выбудавалі складаную інфраструктуру для вываду і легалізацыі шэрых прыбыткаў праз заходнія юрысдыкцыі. Цяпер схему выкрыў БРЦ у супрацы з Цэнтрам дасьледаваньня карупцыі і арганізаванай злачыннасьці OCCRP, новазэляндзкай плятформай фінансавых навінаў interest.co.nz, арганізацыяй фінансавай адукацыі журналістаў Finance Uncovered, літоўскім парталам 15min.lt, швэдзкай газэтай Expressen і ініцыятывай «Рабочы Рух», пры падтрымцы «Кібэрпартызанаў».
У расьсьледаваньні дапамаглі выцекі файлаў зарэгістраванай у Новай Зэляндыі кампаніі Worldclear Limited і вануацкага банку Pacific Private Bank (PPB).
Кампанія Worldclear займаецца пошукам карэспандэнцкіх банкаў, празь якія яе карыстальнікі могуць пераказваць грошы з рахунку на рахунак у розных краінах. Навошта гэта рабіць? Калі ў банка-адпраўніка няма філіялаў у краіне прызначэньня грошай, тады ён зьвяртаецца да банкаў-карэспандэнтаў, тыя праводзяць грошы праз свае рахункі і дазваляюць атрымаць іх за мяжой. Але калі карэспандэнцкі банк, напрыклад, палічыць сумнеўным ці незаконным паходжаньне грошай, сродкі могуць вярнуць адпраўніку або замарозіць.
Выцек файлаў Worldclear утрымлівае сьпіс з прыкладна 200 кліентаў. Больш за ўсё расьсьледнікаў зацікавіла кампанія Pacific Private Bank. Ён зарэгістраваны на выспах Вануату ў Ціхім акіяне. З 2014 па 2018 год PPB валодаў літовец Вілюс Каваляўскас. Гэты бізнэсовец і ягоная кампанія UAB Lewben (у 2023-м зьмяніла назву на Noewe UAB) ужо фігуравалі ў расьсьледаваньнях БРЦ пра кантрабанду забароненага эўрапейскага шакаляду і сапраўдных бэнэфіцыяраў буйных беларускіх казіно.
Вывучаючы выпіскі PPB, расьсьледнікі знайшлі шэраг пераказаў на мільёны даляраў на імя беларускага бізнэсоўцы Аляксея Алексіна. Грошы прыходзілі з 2016 па 2018 гады на ягоны асабісты рахунак у беларускім МТБанку, які на той момант належаў Алексіну. Ішлі яны ад кіпрскай фірмы Wallitus Investments Limited, якой таксама валодаў Каваляўскас, пра што сьведчыць выцек з PPB. У тлумачэньнях да гэтых пераказаў напісана, што такім чынам кампанія вяртала Алексіну $13 млн пазыкі, якую той выдаў у 2015 годзе. Пры гэтым няма доказаў, што яе насамрэч выдалі, — у выцеку файлаў ёсьць інфармацыя аб падпісаньні дамовы, зьмене ўмоваў выплаты, пералічэньні грошай для вяртаньня доўгу, але няма пацьверджаньня трансакцыяў ад Алексіна ў бок Wallitus Investments Limited.
Прыкладна ў той жа час, калі Wallitus Investments Limited адпраўляла грошы Алексіну, такія ж сумы кампанія атрымлівала ад зарэгістраванай на Кіпры Sumsteg International Limited. Гэтыя сродкі таксама праводзілі як вяртаньне пазыкі праз банк Каваляўскаса.
Экспэртам у пытаньні БРЦ папрасіла выступіць дасьведчанага дасьледніка з адмываньнем грошай амэрыканца Роса Дэлстана. Той пацьвердзіў, што гэтыя пераказы і пазыковыя абавязаньні вельмі падобныя да схемы, якой карыстаюцца пры адмываньні сродкаў: некалькі кампаній і банкаў, некалькі пераказаў паміж імі з мэтай схаваць паходжаньне і крыніца сродкаў. Невыпадковыя тут і краіны — Кіпр і Вануату. На Кіпры даўно лагоднае стаўленьне да расейскіх кампаніяў, а ў малой ціхаакіянскай дзяржавы вялікія праблемы з празрыстасьцю банкаўскіх апэрацый.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Расьсьледаваньне: кампанія зь Беларусі вазіла ў Расею растваральнік, які выкарыстоўваюць у хімічнай зброіКаваляўскас — даўні сябар «гаманцоў» Лукашэнкі
Вілюс Каваляўскас і Аляксей Алексін — даўнія партнэры. Больш за 10 гадоў таму яны ўжо разам зараблялі на схемах, якія ў СМІ называлі «кантрабанднымі»: кампанія літоўца Lewben дапамагла беларускаму прадпрымальніку цягам 2014–2015 гадоў вывесьці ў Літву €46 млн. Пры гэтым шырокай грамадзкасьці, якая не чытала тых матэрыялаў, можа ўяўляцца зусім іншае аблічча Каваляўскаса — шанавальніка мастацтва, добрага бацькі і салідарнага з Украінай, калі меркаваць зь ягоных сацыяльных сетак.
Але насамрэч літовец супрацоўнічаў і супрацоўнічае з «гаманцамі» Лукашэнкі, прычым вельмі даўно. Акрамя Алексіна ён шчыльна працаваў у 2011–2012 гадах зь Юрыем Чыжом, які тады быў вельмі блізкім да Лукашэнкі. Менавіта Каваляўскас дапамог Чыжу зарабіць больш за мільярд даляраў на перапродажы кантрабандных расейскіх нафтапрадуктаў пад выглядам растваральнікаў і разбаўляльнікаў. А кампанія, якой сувалодаў літовец, Charter Jets, паводле зьвестак «Кібэрпартызанаў», давала свае бізнэс-барты ў карыстаньне жонцы, сыну, нявестцы і ўнукам Лукашэнкі, а таксама яшчэ аднаму набліжанаму да яго бізнэсоўцу Мікалаю Вараб’ю.
У чэрвені 2014-га Каваляўскас набыў вануатскі банк, у сакавіку 2015-га — зарэгістраваў кіпрскую кампанію Wallitus Investments Limited. Праз тыдзень у Беларусі Алексін атрымаў кантроль над МТБанкам, а ў лістападзе таго ж году нібыта даў пазыку, за якую Wallitus Investments Limited расплачвалася пераказамі на рахунак Алексіна ў МТБанку, перад гэтым атрымліваючы іх ад Sumsteg International Limited.
З дакумэнтаў, што ёсьць у распараджэньні БРЦ, вынікае: Аляксей Алексін атрымаў такім чынам на свой рахунак амаль $3,5 млн — з гэтай сумы $1,1 млн і €1,1 млн праз Worldclear, у якой ён сам ня быў кліентам.
Схема працавала, пакуль у вануатскага банку ў студзені 2018-га не зьмяніўся ўласьнік — ім стала кампанія, не зьвязаная з Lewben’ам Каваляўскаса. Пасьля апошняй пасьпяховай трансакцыі ў лютым у Wallitus Investments Limited зьявіліся праблемы зь пераказамі Алексіну — банкі-карэспандэнты трансакцыі адхілялі. Празь некалькі тыдняў і шэрагу няўдалых спробаў адправіць грошы ў Менск кіпрская кампанія Каваляўскаса пераказала больш за паўмільёна эўра адразу на свой рахунак у МТБанку. Ці змог Wallitus Investments Limited у выніку перадаць сродкі адрасату, то бок Алексіну, невядома.
Празь юрыстаў Вілюс Каваляўскас адмовіў, што дапамагаў Алексіну ў арганізацыі схемаў адмываньня грошай або іншай незаконнай фінансавай дзейнасьці. Таксама ягоныя адвакаты адмаўляюць супрацу зь беларускімі і расейскімі прадпрымальнікамі.
Аргумэнт за адмываньне
Моцны аргумэнт на карысьць тэзы, што за гэтымі пераказамі хаваецца ня проста вяртаньне пазыкі, — умовы, на якіх яе нібыта выдалі. Згодна з дакумэнтамі, Алексін даў пакарыстацца $13 млн пад 0%.
Дэтэктыў у фінансавых злачынствах з амаль 40-гадовым стажам Марцін Ўудз пацьвердзіў, што гэта выглядае падазрона. Без адсоткаў гэта выглядае як штучная трансакцыя. Бо, калі няма адсоткаў, Алексін губляе грошы, бо мог бы атрымліваць прыбытак з гэтых 13 млн.
«Гэта не выглядае легітымна і лягічна — гэта нелягічная трансакцыя», — дадаў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Расьсьледаваньне: кампанію прэм’ера Літвы крэдытавала прадпрыемства, уласьнік якой меў сувязі з «гаманцом» ЛукашэнкіДзіўная кампанія азэрбайжанца
Першай у ланцужку дзіўных пераказаў грошай была кампанія Sumsteg International Limited, якой займаецца кампанія Каваляўскаса. Ён валодае азэрбайджанец з расейскім грамадзянствам Мехці Мехціеў. У падрыхтоўцы пераказу грошай удзельнічаў супрацоўнік МТБанку, а ўхваляла — галоўная бухгалтарка «Белнафтагазу», які належыць сям’і Алексіна. То бок, у не зьвязанай, на першы погляд, наўпрост зь беларускім бізнэсоўцам кампаніі справы вялі людзі, якія на яго працавалі.
Фірмы Мехціева (Sumsteg International Limited і KNS Trade FZE) прынамсі з 2015 па 2021 гады падпісвалі дамовы зь беларускімі кампаніямі, якія належаць сям’і Алексіна, «Энэрга-Оіл» і «Белнафтагаз» на продаж нафтапрадуктаў з Расеі і Казахстану на сотні мільёнаў даляраў.
Але выглядае на тое, што гандаль адбываўся толькі на паперы — пераважную большасьць угодаў разрывалі праз пару месяцаў пасьля падпісаньня. Агулам з 2015 па 2021 гады кампаніі скасавалі дамоваў амаль на паўмільярда даляраў.
У справаздачнасьці кампаніі Мехціева знайшліся падказкі да таго, што кампанія магла дапамагаць Алексіну зь пераказамі. У графе «Асноўныя віды дзейнасьці» пра гандаль нафтапрадуктамі няма ані слова. Там прапісана наступнае: прадстаўленьне фінансаваньня і дзейнасьць у якасьці агента.
Алексін і Мехціеў кінулі слухаўкі
Ухіленьне ад аплаты падаткаў і адмываньне грошай — парушэньне закону. Але апісаная ў расьсьледаваньні схема мае кантэкст, які патрабуе асьвятленьня. Аляксей Алексін ня проста бізнэсовец, які зарабляе грошы ў свабоднай канкурэнцыі. Кампаніі «Белнафтагаз» і «Энэрга-Оіл», якія належаць ягонай сям’і, маюць прыбытак за кошт дзяржаўных прэфэрэнцыяў, якія ім выдае Аляксандар Лукашэнка, нагадвае БРЦ. Квоты на закупы нафтапрадуктаў з Расеі таксама разьмяркоўваюць дзяржаўныя арганізацыі. Пры гэтым Алексін знаходзіцца пад санкцыямі ЗША і Эўразьвязу менавіта як «гаманец» Лукашэнкі. Ці Лукашэнка асабіста ўхваліў схему заробку, якую БРЦ выкрыў у гэтым расьсьледаваньні, невядома.
Каб спытаць, як сам Аляксей Алексін можа патлумачыць гэтыя маніпуляцыі з грашыма, расьсьледнікі патэлефанавалі прадпрымальніку. Ён перастаў чуць журналіста, як толькі той назваўся супрацоўнікам БРЦ і згадаў Worldclear. Званок працягваўся паўтары хвіліны, прыканцы Алексін прапанаваў «пісаць галасавымі паведамленьнямі». На пісьмовы запыт ён не адказаў.
Не адказаў на запыт і Мехці Мехціеў, а калі падчас тэлефанаваньня даведаўся, што размаўляе з журналістам, адразу паклаў слухаўку.