Як паведаміў тэлеканал CNN з спасылкай на крыніцы, блізкія да амэрыканскай выведкі, тунэлі, якія вядуць да аб’екта, былі разбураныя, а ўваходы ў іх замініраваны.
Суразмоўцы канала дадалі, што доступ да запасаў урану цяпер стаў значна больш складаным і небясьпечным, у тым ліку для саміх іранцаў. Для гэтага спатрэбяцца цяжкія экскаватары і разьмініраваньне.
Адмова ад запасаў урану — адно з патрабаваньняў Вашынгтону да Тэгерану. 12 чэрвеня чыноўнік адміністрацыі Трампа заявіў, што бакі блізкія да пагадненьня, якое абавязвае Іран перадаць узбагачаны ўран у Злучаныя Штаты. Сьцвярджаюць, што ён будзе зьнішчаны на месцы, а затым вывезены з краіны.
Аднак раней чыноўнікі абодвух бакоў падавалі супярэчлівую інфармацыю аб папярэднім пагадненьні, і яго дакладныя ўмовы застаюцца незразумелыя.
Паводле зьвестак амэрыканскіх чыноўнікаў, у Ірана ёсьць прыблізна 440 кіляграмаў высокаўзбагачанага ўрану, большая частка якога захоўваецца ў падземных тунэлях на абʼекце ў іранскім горадзе Ісфахан. Узровень узбагачэньня складае 60 адсоткаў, для стварэньня ядзернай зброі гэты паказьнік трэба павялічыць да 90 адсоткаў.
На тэлеканале адзначылі, што ў сярэдзіне траўня амэрыканскія вайскоўцы былі гатовыя правесьці апэрацыю, каб забраць уран. Аднак прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп спыніў апэрацыю і выказаў меркаваньне, што яна можа прывесьці да больш жорсткіх дзеяньняў Ірану ў адказ і зацягнуць вайну.
13 чэрвеня прэм’ер-міністар Пакістана Шэхбаз Шарыф, які зьяўляецца ключавым пасярэднікам у амэрыкана-іранскіх перамовах, заявіў, што мірнае пагадненьне паміж Вашынгтонам і Тэгеранам чакаецца цягам наступных 24 гадзін.
Экспэрты не выключаюць, што тэма ўрану будзе абмяркоўвацца па-за межамі мірнай дамовы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Пакістан заявіў, што Вашынгтон і Тэгеран цягам 24 гадзін падпішуць мірнае пагадненьне. Трамп пацьвердзіўВайсковая апэрацыя ЗША і Ізраілю супраць Ірану
28 лютага Дональд Трамп аб’явіў аб пачатку супольнай з Ізраілем маштабнай ваеннай апэрацыі супраць рэжыму ў Іране. Патрэбу ў апэрацыі зьвязалі з правалам перамоваў аб іранскай ядзернай праграме.
Аятала Алі Хамэнэі й іншыя прадстаўнікі найвышэйшага іранскага кіраўніцтва былі забітыя. Прэзыдэнт Ірану Масуд Пэзэшкіян назваў забойства Хамэнэі страшным злачынствам і паабяцаў адпомсьціць. Іран пачаў апэрацыю ў адказ і нанёс удары па амэрыканскіх аб’ектах на Блізкім Усходзе.
Масква наўпрост асудзіла агрэсію Ізраілю і ЗША супраць Ірану. Улады Беларусі адрэагавалі стрымана. Лукашэнка ў першыя два дні пасьля гібелі Хамэнэі не сказаў ані слова, а МЗС Беларусі 28 лютага двойчы выступіў з заявамі. У адной прагучала заклапочанасьць абвастрэньнем канфлікту вакол Ірану. У другой заяве атака на Іран асуджаецца, але Ізраіль і ЗША не названыя, акцэнт робіцца на гуманітарным аспэкце.
Беларуская дзяржаўная авіякампанія «Белавія» празь небясьпеку ўзаемных абстрэлаў на Блізкім Усходзе скасавала шэраг рэйсаў і 2 сакавіка накіравала эвакуацыйны самалёт зь Менску ў Доху, каб забраць беларускіх турыстаў, што апынуліся ў Катары, які таксама абстрэльваў Іран.
Паводле іранскага таварыства Чырвонага Паўмесяца, у Іране загінулі больш за 200 чалавек, параненыя больш за 700. Паводле іранскага інфармацыйнага агенцтва IRNA, 118 чалавек сярод загінулых — школьнікі.
Афіцыйныя асобы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў заявілі пра трох загінулых і 58 параненых у краіне з пачатку іранскіх атак на рэгіён Пэрсыдзкай затокі, якія сталі адказам на ваенныя апэрацыі ЗША і Ізраілю.
У выніку іранскага ракетнага ўдару па горадзе Бэйт-Шэмэш у Ізраілі, што за 40 км ад Ерусаліму, як мінімум 9 чалавек загінулі і 28 атрымалі раненьні. З пачатку новага абвастрэньня па тэрыторыі Ізраілю рэгулярна б’юць ракетамі.
2 сакавіка да баявых дзеяньняў у рэгіёне далучылася праіранская ісламісцкая групоўка «Хэзбала», якая пачала з тэрыторыі Лібану абстрэльваць Ізраіль.
У наступныя дні іранскія войскі працягвалі наносіць удары па Саудаўскай Арабіі, Бахрэйне, ААЭ, Кувэйце за іх супрацу з амэрыканцамі па разьмешчаных там амэрыканскіх актывах, а таксама па гатэлях і іншых аб’ектах. ЗША і Ізраіль працягнулі ўдары па вайсковых аб’ектах Ірану.
8 сакавіка іранская Асамблея экспэртаў абрала Муджтабу Хамэнэі новым кіраўніком краіны. Гэта 56-гадовы сын забітага паветранай атакай Алі Хамэнэі. Жонка Муджтабы Хамэнэі, Захра Хадад Адэль, таксама загінула падчас таго ж амэрыканска-ізраільскага ўдару, у якім быў забіты яе цесьць — найвышэйшы кіраўнік (рахбар) Ірану.