Плян ліквідацыі актыву, за які на пачатку 1990-х грымелі сур’ёзныя войны паміж Менскам і Масквой, крэдыторы павінны ўзгадніць да лютага 2027 году, піша выданьне «Белорусы и рынок».
Заяву ў суд на таварыства, якое належыць Беларускаму рэспубліканскаму саюзу моладзі, падала ў лютым 2026 года Інспэкцыя падаткаў і збораў. Згодна з судовымі дакумэнтамі, пры даўгу перад бюджэтам у 8,1 тыс. рублёў, актываў у «Беларускага спадарожніка» няма, дзейнасьць кампанія не ажыцьцяўляе, а зь лета 2023 году ў яе ўвогуле няма кіраўніка.
Прызначаны судом антыкрызісны кіраўнік высьветліў, што запазычанасьць перад усімі крэдыторамі «Беларускага спадарожніка» насамрэч складае каля 75 тыс. рублёў. Актыў, які быў у наяўнасьці фірмы, — малая дзель у кампаніі «Бюро», якая ацэньваецца толькі ў 72 рублі.
«Беларускі спадарожнік» — пераемнік Бюро міжнароднага моладзевага турызму «Спадарожнік», якое было створана ў 1958 годзе. У СССР яно было манапалістам у галіне арганізацыі моладзевага турызму ўнутры краіны і за мяжой.
Пасьля развалу СССР Менску ўдалося адстаяць рэспубліканскі падразьдзел перад прэтэнзіямі Масквы. Лукашэнка, які прыйшоў да ўлады, перадаў найстарэйшае турыстычнае прадпрыемства Беларусі пад кіраваньне БРСМ. Пры ім «Беларускі спадарожнік» і завяршае сваю гісторыю.
Чаму гэта важна?
Банкруцтвы прадпрыемстваў, у прыватнасьці дзяржаўных, адбываюцца ў Беларусі рэгулярна. Напрыклад, дырэктар Дэпартамэнту санацыі і банкруцтва Міністэрства эканомікі Юры Тараканаў у 2025-м гаварыў пра рэзкі рост банкруцтваў у краіне. За 2024 год эканамічныя суды Беларусі распачалі 1258 спраў аб неплатаздольнасьці і банкруцтве. І гэта было на 41% больш за папярэдні год.
Больш за палову спраў аб банкруцтве (58%) эканамічныя суды адкрываюць з ініцыятывы дзяржаўных органаў. Адбываецца гэта зазвычай на стадыі, калі ў даўжніка ўжо адсутнічае маёмасьць.
Толькі за апошнія гады ёсьць некалькі прыкладаў гучных назваў кампаній, якія банкрутавалі на беларускім рынку. З праблемай немагчымасьці далейшага існаваньня сутыкнуліся «Берасьцейскае піва», «Белвест», горадзенская абутковая фабрыка «Нёман». Зрэшты, праблемы апошняй ужо выцякалі з праблемаў «Белвесту», бо горадзенская фабрыка ўжо ўваходзіла ў ягоны склад.
У траўні Белстат паведамляў, што ў Беларусі расьце колькасьць стратных прадпрыемстваў. Летась у студзені іх было 2146, а ў студзені 2026 году — ужо 2733.
Доля стратных арганізацый у эканоміцы Беларусі вырасла з 25 да 31,9%. Пры гэтым улады працягваюць даваць субсыдыі многім заводам, якія ёсьць «хранічна стратнымі».