У цэнтры Віцебску дождж падмыў грунт каля шматпавярховіка, жыхароў адсяляюць

Залева падмыла грунт каля 5-павярховага жылога дома на вуліцы Шрадэра ў Віцебску, што за паўкілямэтра ад амфітэатру.

Да гэтага там мянялі каналізацыйную трубу, і дажджавая вада трапіла траншэю і прывяла да падмыву і прасаджваньня грунту.

Паводле МНС, цэласнасьць падмурку не парушаная, але людзей на час аварыйнага рамонту вырашылі адсяліць — мяркуюць, што ня больш, як на содні.

Прычыны высьвятляе камісія па надзвычайных сытуацыях пры гарвыканкаме.

Пры гэтым залева сёньня раніцай у Віцебску была невялікай. Мэтэастанцыі зафіксавалі да 0,6 мм ападкаў.

Для параўнаньня — у Слуцку выпала 50 мм, затапіла вуліцы і склепы. Дажджавыя хмары накрылі амаль усю Беларусь, сыноптыкі аб’явілі штармавое папярэджаньне аранжавага ўзроўню.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Гомлі завяршаюць аднаўленьне пад’езду дому, разбуранага выбухам газу

Гэта ўжо ня першы выпадак з адсяленьнем жыхароў шматпавярховіка ў Віцебску.

У студзені на першым паверсе жылога 9-павярховіка прасела пліта столі. Давялося эвакуаваць 34 чалавек і адключаць газ, пакуль пліту ўмацоўвалі падпоркамі.

Спачатку прычынай назвалі правядзеньне рамонту, але потым высьветлілі, што кавалак пліты адваліўся проста ад таго, што жыхар здымаў слой тынкоўкі. Праз тыдзень улады паведамілі, што ўмацавалі пліту швэлерамі, але жыхары ў кватэры на 1-м і 2-м паверхах яшчэ не вярнуліся.