Чаму варта пачытаць кнігу «Справа Віктара Бабарыкі. Хроніка палітычнага перасьледу ў фактах і дакумэнтах»? Тлумачыць аўтарка

28–31 траўня ў Варшаве праходзіць міжнародны кніжны кірмаш, на якім прадстаўлены беларускі стэнд «Salon Wolna Białoruś», дзе можна набыць беларускія кнігі і выданьні, зьвязаныя з Беларусьсю.

Свае новыя кнігі прадстаўляюць Аляксандар Фядута, Наста Кудасава, Уладзімер Арлоў, Аляксандр Лукашук, Уладзімір Някляеў ды іншыя. Наведнікі маглі атрымаць аўтографы нобэлеўскага ляўрэатра Алеся Бяляцкага, сустрэцца з былым палітвязьнем Віктарам Бабарыкам. Пра кнігу «Справа Віктара Бабарыкі. Хроніка палітычнага перасьледу ў фактах і дакумэнтах» пагаварылі ў «ПіКу СВабоды» зь яе аўтаркай Сабінай Брыло. Кніга выйшла ў незалежным выдавецтве «Sviedki».

— Як узьнікла ідэя напісаць кнігу пра Віктара Бабарыку?

— Найперш хачу падкрэсьліць, што гэтая кніга і ўся праца над ёй нікім не былі замоўленыя. Гэта цалкам мая ініцыятыва. Я ўзялася за яе таму, што вельмі паважаю адвакатку Натальлю Мацкевіч. Я бачыла, як яна перажывае за тое, што адбываецца з Віктарам Бабарыкам, яе падабаронным. Некалькі разоў Натальля казала мне: «Сабіна, давай напішам усё, як было насамрэч. Пра гэтую справу шмат гавораць, але мала хто сапраўды ведае, што адбывалася». Для яе было вельмі важна, каб гэтая гісторыя была дакладна зафіксаваная.

Спачатку я адмаўлялася. Здавалася, што гэта вельмі складаная праца, якая патрабуе вялікага інтэлектуальнага рэсурсу. Справа Бабарыкі — ня простая палітычная справа. Яму інкрымінавалі эканамічныя злачынствы, таму трэба было глыбока разьбірацца ў матэрыялах. У пачатку 2024 года я ўсё ж вырашыла ўзяцца за гэтую працу. Думала, што спраўлюся за паўгода, можа крыху больш. У выніку праца заняла паўтары года.

— Што было самым складаным падчас працы над кнігай?

— Перш за ўсё — аб’ём і складанасьць матэрыялаў. У адвакатаў захаваліся дакумэнты, якіх больш ні ў кога няма. Пры гэтым падчас суда ім фактычна забаранялі капіраваць ці фатаграфаваць матэрыялы справы. Усё даводзілася перапісваць ад рукі. Я зьбірала гэтыя матэрыялы, вывучала іх і паступова прыйшла да высновы, што проста даць кантэкст недастаткова. У выніку тое, што я першапачаткова лічыла кантэкстам, ператварылася ў цэлую першую частку кнігі. Бо сутнасьць справы Бабарыкі немагчыма зразумець без разуменьня падзей 2020 года. Усе разумеюць, што яго пасадзілі не таму, што ён нешта скраў. Суд вынес прысуд, але грамадзтва так і не ўбачыла пераканаўчых доказаў гэтых абвінавачаньняў.

— Якой атрымалася кніга ў выніку?

— Значная частка кнігі складаецца з выказваньняў розных герояў. Гэта ня толькі сам Віктар Бабарыка і яго адвакаты. Гэта прадстаўнікі ўлады, журналісты, экспэрты, людзі з розных бакоў гэтай гісторыі. Я сабрала найбольш важныя і паказальныя выказваньні, якія гучалі ў сувязі са справай Бабарыкі ў мэдыя і па-за імі. Калі я працавала над кнігай, пастаянна паўтарала сабе, што раблю гістарычны дакумэнт. Інтэрнэт нам здаецца надзейным архівам, але гэта не так. Калі я афармляла спасылкі — а іх у кнізе каля шасьцісот, — то ўбачыла, як хутка зьнікаюць матэрыялы. Многія спасылкі ўжо немагчыма адкрыць. Матэрыялы проста зьнікаюць. Таму мне было важна захаваць сьведчаньні гэтага часу.

— Ці бачыў кнігу сам Віктар Бабарыка перад выданьнем?

— Так. Пры гэтым хачу сказаць, што мы з ім асабіста не знаёмыя. Я ніколі не была часткай яго штаба ці каманды. Я незалежная журналістка і заўсёды заставалася назіральніцай і аналітыкам. Калі праца над кнігай была фактычна завершаная, мы разам з адвакатамі вырашылі, што абавязкова трэба паказаць рукапіс самому Віктару Дзьмітрыевічу. Мы сказалі яму: калі вы лічыце, што цяпер не час для выданьня гэтай кнігі, мы ня будзем яе друкаваць. Для нас гэта не пытаньне амбіцый. Гэта кніга, якая не страціць сваёй актуальнасьці.

Віктар Дзьмітрыевіч вельмі хутка яе прачытаў — літаральна за два дні. І сказаў: «Усё так. Друкуйце». Ён зрабіў толькі дзьве заўвагі. Нават не стаў асабліва ўдакладняць іх. Адна з іх датычылася эпізоду пасьля яго прыбыцьця ў калёнію. У кнізе згадваецца чалавек, які дапамог яму з рэчамі і пасьля трапіў у штрафны ізалятар. Бабарыка ўдакладніў, што такіх людзей было двое. У цэлым яго рэакцыя была вельмі стрыманай і годнай.

— Што для вас асабіста значыць гэтая кніга?

— Гэта была вельмі цяжкая праца. Часам мне было настолькі складана эмацыйна, што я літаральна не магла сфармуляваць сказ. З аднаго боку, трэба было разабрацца ва ўсіх юрыдычных і судовых нюансах. З другога — маральна вельмі цяжка было зноў і зноў праходзіць праз гэтыя падзеі. Але я сапраўды лічу, што гэта важны дакумэнт свайго часу. Мне будзе вельмі цікава атрымаць водгукі ад журналістаў, інтэлектуалаў, людзей, чыё меркаваньне я паважаю. Бо галоўнае для мяне было не проста расказаць гісторыю, а захаваць яе для будучыні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Сабіна Брыло: «Не хапае слоў, каб гаварыць пра невыноснае, і мы шчабечам абы-што, каб заглушыць бясконцы гул паветранай трывогі»