Беларускі мужчынскі фальклёрны гурт Kasary выйшаў у фінал прэстыжнага польскага фэстывалю

Сяржук Доўгушаў, архіўнае фота

Фінал адбудзецца 22 траўня. Падзею можна назваць выхадам гурта Kasary на міжнародную аўдыторыю.

Беларускі мужчынскі гурт Kasary стаў фіналістам прэстыжнага польскага фольк-фэстывалю «Новая традыцыя» (Nowa Tradycja — Festiwal Folkowy Polskiego Radia).

Музыкі пасьпяхова прайшлі адбор прафэсійнага журы і будуць адзінымі прадстаўнікамі Беларусі ў фінале конкурсу, паведаміў «Дом творцаў».

Заснавальнік калектыву — вядомы мастацтвазнаўца і сьпявак, аўтар «Сьпеўных сходаў» Сяржук Доўгушаў. Фінальны канцэрт адбудзецца 22 траўня, а 17.00 паводле польскага часу ў студыі канцэртаў Польскага радыё (Studio Koncertowe Polskiego Radia im. Witolda Lutosławskiego, ul. Modzelewskiego 59) у Варшаве. Уваход вольны.

Сёлета 27-ы фэстываль «Новая традыцыя» праходзіць з 21 па 24 траўня.

Хто такія Kasary?

У лістападзе 2025 году гурт выпусьціў свой першы альбом, які носіць назву гурта — «Kasary». У ім — 12 песень. Пазьней альбом паказалі людзям на адмысловым канцэрце ў Варшаве.

У склад гурту ўваходзяць беларускія сьпевакі, якія воляю лёсу апынуліся па-за Бацькаўшчынай. Зарганізаваў калектыў у 2023-м Сяржук Доўгушаў. Сваёй творчасьцю, як прызнаваўся Доўгушаў, гурт перадае слухачу «мужчынскую энэргію беларускіх традыцыйных песень».

Асноўная задума гурту — аднавіць аўтэнтычнае гучаньне беларускіх народных песень. У рэпэртуар калектыву ўваходзяць касарскія, рэкруцкія і ваяцкія, бяседныя, лірычныя і абрадавыя песьні.

У запісах можна пачуць бубен, барабаны, жалейку, дудкі і іншыя традыцыйныя беларускія інструмэнты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Дзе пачынаецца год». Беларускі гурт зь Сіетлу прэзэнтуе новы альбом