Аб прызнаньні віны 20 траўня паведаміла пракуратура акругі Калюмбія. Апошнім часам Лявонава жыла ў Расеі.
Паводле вэрсіі амэрыканскіх уладаў, пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны яна ўдзельнічала ў схеме закупкі авіёнікі і абсталяваньня праз фірмы-пасярэднікі ў Армэніі і іншых краінах, хаваючы канчатковага атрымальніка грузаў.
Лявонава прызнала сябе вінаватай перад судзьдзёй Лорэн Аліхан у парушэньні Закону аб рэформе экспартнага кантролю ЗША. Прысуд ёй павінны вынесьці 10 жніўня 2026 году.
«Кожны, хто лічыць, што можа выкарыстоўваць амэрыканскія ланцужкі паставак для ўзбраеньня нашых супернікаў, павінен уважліва паглядзець на тое, што адбылося з Янай Лявонавай», — заявіла пракурорка Жанін Піро.
Лявонаву затрымалі ў Францыі і ў лістападзе 2025 году экстрадавалі ў ЗША. Першапачаткова ёй прад’явілі больш шырокі набор абвінавачаньняў — у тым ліку ў кантрабандзе, адмываньні грошай і махлярстве супраць ЗША. Пасьля дамовы са сьледзтвам яна прызнала віну па абвінавачаньні, зьвязаным з парушэньнем экспартнага заканадаўства.
Як дзейнічала схема, і чаму яна злачынная
У сувязі з расейскай ваеннай агрэсіяй ва Ўкраіне ЗША забаранілі пастаўкі высокіх тэхналёгій у Расею, каб абмежаваць доступ расейскага ваенна-прамысловага комплексу да крытычна важных кампанэнтаў.
Гэтыя захады закліканыя падарваць здольнасьць Расеі вырабляць, мадэрнізаваць і папаўняць запасы ўзбраеньняў (у прыватнасьці, ракет і бесьпілётнікаў), якія выкарыстоўваюцца ў ваенных дзеяньнях.
Яна Лявонава выкарыстоўвала падстаўныя кампаніі, падробленыя дакумэнты і замежных пасярэднікаў, каб схаваць незаконны экспарт авіяцыйных кампанэнтаў амэрыканскага паходжаньня ў Расею. Сьледчыя адсачылі гэтую схему ў некалькіх юрысдыкцыях і дабіліся прыцягненьня яе да адказнасьці.
Паводле матэрыялаў справы, схема пачала дзейнічаць у траўні 2022 года — неўзабаве пасьля расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Амэрыканскія сьледчыя сьцьвярджаюць, што Лявонава разам з саўдзельнікамі з ЗША і Армэніі закупляла ў амэрыканскіх дыстрыбутараў авіяцыйныя электронныя сыстэмы і іншыя кампанэнты для самалётаў, а затым арганізоўвала іх перапраўку ў Расею без ліцэнзій Міністэрства гандлю ЗША.
Для абыходу экспартных абмежаваньняў выкарыстоўваліся кампаніі ў Армэніі, на Мальдывах і ў іншых юрысдыкцыях. У дакумэнтах наўмысна ўказваліся ілжывыя канчатковыя карыстальнікі і пункты прызначэньня. Плацяжы праходзілі ў далярах ЗША праз замежныя банкаўскія рахункі і рахункі ў Злучаных Штатах.
Амэрыканскія ўлады не называюць кампанію, для якой прызначаліся пастаўкі, аднак паказваюць, што гаворка ідзе пра былога працадаўцу Лявонавай — арганізацыі, уключанай у санкцыйны сьпіс Міністэрства гандлю ЗША. У гэты пералік уносяць кампаніі, якія, на думку Вашынгтона, дзейнічаюць насуперак інтарэсам нацыянальнай бясьпекі і зьнешняй палітыкі ЗША.
Паводле сьледзтва, камплектуючыя выкарыстоўваліся для абслугоўваньня ці эксплуатацыі прыватных самалётаў.