На лекаваньне беларускага навукоўца Юркевіча ад раку мозгу сабралі 26 тысяч эўра

Юрась Юркевіч, архіўнае фота

На лячэньне дасьледніка сабралі амаль удвая больш грошай, чым першапачаткова плянавалі.

Тры месяцы таму, у пачатку лютага 2026 году, Беларуская Рада культуры абвясьціла збор на падтрымку беларускага дасьледніка і грамадзкага дзеяча Юрася Юркевіча.

У канцы 2025 году ў Юрася выявілі пухліну мозгу — злаякасную гліяблястому. Ён перанёс дзьве складаныя нэўрахірургічныя апэрацыі, сутыкнуўся з глыбокай афазіяй (страта маўленьня і пісьма) і парушэньнем функцый правай рукі. Наперадзе — працяглая нэўралягічная і лягапэдычная рэабілітацыя і як мінімум шэсьць курсаў хімія- і радыётэрапіі (папярэдне — да верасьня 2026 году).

На сёньня сабрана амаль 26 000 эўра на падтрымку рэабілітацыі Юрася і дапамогу яго сям’і. Дзякуючы гэтым сродкам ужо аплачаная арэнда кватэры на некалькі месяцаў і набытыя патрэбныя мэдыкамэнты, паведаміла Беларуская рада культуры.

Як адзначае арганізацыя, Юрась мужна ідзе да выздараўленьня: ужо пройдзеныя два курсы радыётэрапіі і курс хіміятэрапіі. Наперадзе доўгі шлях лячэньня і аднаўленьня.

«Таму мы не закрываем збор: сродкі яшчэ будуць патрэбныя ягонай сям’і», — адзначылі ў Беларускай Радзе культуры.

Хто такі Юрась Юркевіч?

Юрась Юркевіч усё жыцьцё прысьвяціў працы на карысьць Беларусі — ён адзін з галоўных знаўцаў вайсковых фармаваньняў БНР, ініцыятар усталяваньня шыльдаў у гонар БНР у Таліне і Францішка Багушэвіча ў Вільні. Юркевіч спрыяў зьяўленьню важных мэдыйных праектаў і дапамагаў рэпрэсаваным дзеячам культуры, апошнім часам дасьледаваў пытаньне культурніцкага вынішчэньня беларускай нацыі.

Дасьледчык адшукаў кінаархівы Станіслава Булак-Булаховіча і фота з гісторыі Асобнага атраду БНР (выдадзеныя ў кнізе Алега Латышонка «Жаўнеры БНР»), выдаў кнігу «Балахоўцы» (выйшла як асобны нумар часопіса Arche).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Грошы на падтрымку кіраўніцы «Вольнага хору» Казіміроўскай сабралі за адзін дзень