Дазвол на надзею. Як улады Беларусі ставяцца да пратэстантаў, якія зьбяруцца на грандыёзны фэстываль у Чыжоўцы

Набажэнства ў царкве "Новае жыцьцё". Архіўнае фота

У Менску дазволілі вялікі пратэстанцкі фэстываль, куды едзе амэрыканскі прапаведнік Фрэнклін Грэм, зьвязаны з адміністрацыяй Дональда Трампа. Вернікі ўспрымаюць гэта як цуд або як прыгожую карцінку для Захаду. Расказваем, як у Беларусі жывуць пратэстанты.

16–17 траўня ў Менску на «Чыжоўка-Арэне» пройдзе «Фэстываль надзеі», у якім прымуць удзел пратэстанцкія цэрквы. На яго прыедзе вядомы ў сьвеце прапаведнік з ЗША Фрэнклін Грэм. Падзею такога маштабу беларускім пратэстантам дазволілі ўпершыню за дзесяцігодзьдзі. Фэстываль можа сабраць да дзесяці тысяч чалавек.

Свабода пагаварыла зь беларускімі хрысьціянскімі вернікамі і з тэалягіняй Натальляй Васілевіч пра тое, чаму ў Беларусі дазволілі «Фэстываль надзеі». А таксама аб тым, як зараз жывуць пратэстанты ў Беларусі.

Амаль усе суразмоўцы Свабоды агаворваюцца: лепш пра гэта не пісаць, самі цэрквы баяцца пагоршыць сытуацыю

Амаль усе суразмоўцы Свабоды пэрыядычна агаворваюцца: лепш пра гэта не пісаць, самі цэрквы ня хочуць розгаласу, каб не пагоршыць сытуацыю. «Вы ж разумееце, што да іх адразу прыйдуць, калі вы пра іх напішаце?», або «Мне адразу пачнуць тэлефанаваць дзясяткі чалавек — што ты нагаварыў?»

Яны адзначаюць, што ёсьць выпадкі, калі пратэстанты сядзяць у турме з палітычных прычынаў, але пра гэта невядома публічна і невядома праваабаронцам — з той самай прычыны. Таму ў нашым артыкуле амаль няма назваў канкрэтных цэркваў і імёнаў пастараў, але ёсьць карціна таго, як жывуць пратэстанты ў Беларусі.

Пост па эстафэце і сьмех з заяўкі

Увесь апошні тыдзень пратэстанцкія вернікі кожнай вобласьці Беларусі па эстафэце трымаюць пост па 24 гадзіны і моляцца. Па ўсёй краіне ствараюць малітоўныя групы. У Менску сотні чалавек зьбіраюцца на рэпэтыцыі небывалага хору. Залучаныя дзясяткі тысяч чалавек і амаль усе пратэстанцкія цэрквы. Так ідзе падрыхтоўка да «Фэстывалю надзеі», які ўлады дазволілі правесьці пратэстантам на прэстыжнай пляцоўцы ў «Чыжоўка-Арэне» ў Менску 16 і 17 траўня.

«Рэжым, вайна — а ў Менску шматтысячны эвангельскі фэст, дзе будуць гаварыць пра веру, надзею і мір. Для ўсёй Беларусі гэта магутны хрысьціянскі прарыў», — камэнтуе падзею ў размове з Свабодай вернік-хрысьціянін, палітык і былы палітвязень Павал Севярынец.

Павал Севярынец

Пратэстанцкі фэстываль у Менску нашыя суразмоўцы называюць ня проста значнай, а грандыёзнай падзеяй. Імпрэзаў такога маштабу не дазвалялі пратэстантам у Беларусі дзесяцігодзьдзямі. І, перакананыя яны, не дазволілі б і цяпер — калі б не амэрыканскі бок.

На «Фэстываль надзеі» у Менск едзе прапаведнік з ЗША Фрэнклін Грэм — адзін з самых вядомых эвангельскіх лідэраў у сьвеце. Ён ладзіць шматтысячныя пратэстанцкія фэстывалі ў Афрыцы, Азіі, Эўропе, спалучае іх з маштабнымі гуманітарнымі праектамі. Грэм выступаў з малітвай на інаўгурацыі прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа. Ён таксама сябруе зь сям’ёй Джона Коўла, спэцыяльнага пасланьніка прэзыдэнта ЗША ў Беларусі.

Беларускія пратэстанты і раней хацелі, каб ён наведаў Беларусь, але дазволу на гэта не было, тлумачыць у размове з Свабодай беларускі пратэстант Глеб* (імя зьмененае дзеля бясьпекі суразмоўцы. — РС). Ён перакананы, што рашэньне аб прыезьдзе Грэма прымалі на самым высокім узроўні.

«Паводле нашай інфармацыі, з ідэяй фэстывалю выйшлі людзі з служэньня Фрэнкліна Грэма. У беларускіх цэрквах падумалі, што яны там звар’яцелі, што ў ЗША не ўяўляюць сытуацыю ў Беларусі. Як можна падаць заяўку на 10-тысячнае мерапрыемства?! Такога ніколі не дазвалялі. Спрабавалі амэрыканцам патлумачыць, а тыя: „Не-не, вы ўсё роўна падавайце“. Калі яны падавалі заяўку, зь іх сьмяяліся. Але раптам прыйшоў дазвол», — расказвае Свабодзе прадстаўніца «Хрысьціянскай візіі» Натальля Васілевіч.

Натальля Васілевіч

Бацька Фрэнкліна Білі Грэм быў яшчэ больш вядомым у сьвеце прапаведнікам, чым сын. Білі Грэм некалькі разоў прыяжджаў у 1980-я гады ў СССР: наведваў Маскву, Ленінград, Новасібірск, Талін, Кіеў.

«Гэта маштабная фігура ў гісторыі пратэстанцкага сьвету і ХХ стагодзьдзя. Ён зьбіраў стадыёны па 70-80 тысяч у Афрыцы, Паўднёвай і Паўночнай Амэрыцы, Эўропе. Шмат людзей пачулі яснае тлумачэньне хрысьціянскай веры менавіта ад яго», — кажа Глеб пра Білі Грэма.

На пахаваньні Грэма-старэйшага ў 2018 годзе прысутнічаў прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп, ягоную памяць пасьля сьмерці ўшанавалі Біл Клінтан і Джорд Буш-малодшы.

Фрэнклін Грэм выступае з малітвай на інаўгурацыі Дональда Трампа. Вашынгтон, 20 студзеня 2025

Хор, пропаведзь, сьведчаньні

Падрабязнай праграмы «Фэстывалю надзеі» у адкрытым доступе няма. Анансуюць хор з 1300 чалавек, сымфанічны аркестар, сусьветных і беларускіх выканаўцаў, «пасланьне пра любоў і мір ад Фрэнкліна Грэма, асабістую малітву і падтрымку кожнага».

Паводле ўплывовага сярод пратэстантаў выданьня Christianity Today, арганізатарам фэстывалю выступае Эвангелісцкая Асацыяцыя Білі Грэма пры мясцовай падтрымцы кааліцыі беларускіх эвангельскіх арганізацый: Аб'яднанай царквы хрысьціян веры эвангельскай у Рэспубліцы Беларусь і Саюзу эвангельскіх хрысціян-баптыстаў Рэспублікі Беларусь. Паводле выданьня, ключавым быў дазвол на правядзеньне фэстывалю ў Менску з боку ўпаўнаважанага ў справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандра Румака, зь якім пратэстанцкія лідэры сустракаліся шмат разоў.

Як сказаў у інтэрвію Christianity Today адзін з каардынатараў форуму генэральны сакратар Саюзу баптыстаў Леанід Міховіч, хоць эвангельскія цэрквы Беларусі доўгі час дзейнічалі паралельна і супрацоўнічалі ў праграмах дапамогі, упершыню яны каардынуюць свае дзеяньні ў нацыянальным маштабе.

У падрыхтоўцы «Фэстывалю надзеі», з словаў баптысцкага верніка Андрэя* (імя зьмененае дзеля бясьпекі суразмоўцы. — РС), бяруць удзел амаль усе пратэстанцкія цэрквы Беларусі, але перадусім баптысты і пяцідзясятнікі.

«Хор, які цяпер рэклямуюць, — гэта хор з розных цэркваў Беларусі. Я не памятаю, каб раней такі хор зьбіраўся. Яны трэнуюцца ў пяцідзясятніцкай царкве ў Менску. Можаце ўявіць, колькі патрацілі сродкаў, каб сабраць людзей, прывезьці з розных канцоў Беларусі, каб яны маглі парэпэтаваць яшчэ да фэстывалю», — разважае Андрэй.

Ён тлумачыць, што звычайна на такіх фэстывалях ёсьць дзьве часткі: музычная — зь сьпевамі духоўных гімнаў і малітвай, і казань, якую гаворыць галоўны сьпікер. Доўжацца яны па некалькі гадзін.

«Магчыма, будуць кароткія сьведчаньні людзей, якія раскажуць, чаму яны хрысьціяне», — дадае суразмоўца.

«Цэнтральнай часткай будзе пропаведзь ад Фрэнкліна Грэма. Ён будзе прапаведаваць зь перакладам. Відаць, хвілін 30–40. У канцы пропаведзі будзе заклік, каб людзі спавядаліся ў сваіх грахах, давяралі сваё жыцьцё Хрысту», — разважае Глеб пра тое, як можа выглядаць фэстываль.

Уваход на фэст бясплатны. Хто фінансуе падзею, невядома. Свабода зьвярнулася да Эвангелісцкай Асацыяцыі Білі Грэма з пытаньнямі пра арганізацыю маштабнага форуму. Мы апублікуем адказы, як толькі іх атрымаем.

«Чыжоўка-Арэна» зьмяшчае каля 10 тысяч чалавек. Вернікі мяркуюць, што яна будзе поўнай. Патэнцыйна запоўніць пляцоўку могуць толькі пратэстанты Менску. Але запрашаюць на фэстываль ня толькі пратэстанцкіх вернікаў, а ўсіх ахвочых.

«Магчыма, улады туды правядуць і супрацоўнікаў сілавых структураў, і чыноўнікаў з райвыканкамаў — што ж, хай паслухаюць пра Бога, хай думаюць, як ім каяцца», — разважае Павал Севярынец.

Суразмоўцы Свабоды не прыгадваюць, каб раней у Беларусі праходзіла такая ж буйная падзея для пратэстантаў. Аднак іншыя вялікія імпрэзы ўсё ж адбываліся, яны часам зьбіралі тысячы чалавек.

"Чыжоўка-арэна" на беразе вадасховішча ў Менску. Комплекс зьмяшчае каля 10 тысяч чалавек. Архіўнае фота

«Бывала, што ў гарадах ставілі вялізны намёт, — ня трэба было здымаць памяшканьне, — праводзілі эвангелізацыю, запрашалі людзей пагаварыць пра Бога, пра сэнс жыцьця. Такія падзеі рэгулярна праводзілі. Памятаю, на Кангрэс моладзі пад Кобрынем у 2010 годзе сабраліся больш за тысячу чалавек», — успамінае Андрэй.

У Берасьці гарадзкое сьвята «Горад сьвятла» ладзілі менавіта пратэстанты, расказвае Глеб. Туды прыходзілі ня толькі вернікі, але ўсе жыхары гораду. На сцэне выступалі і «крутыя музыканты», і хрысьціянскія прапаведнікі.

«Для пратэстантаў гэта мэгазначная падзея, бо ўпершыню за дзесяцігодзьдзі ім дазволілі правесьці місіянэрскае, мабілізацыйнае мерапрыемства, калі яны могуць у вялікай колькасьці сабрацца ў адным месцы і прывесьці туды няверуючых людзей, там прапаведаваць і рабіць інфармацыйную кампанію з нагоды фэстывалю, яна дазваляе ім супрацу на высокім узроўні», — характарызуе «Фэстываль надзеі» Натальля Васілевіч.

Прасеяць «цэрквы»

Вернікі зьдзівіліся, што ім дазволілі буйны фэст. І гэта можна патлумачыць. Становішча пратэстантаў у Беларусі амаль заўсёды было ўразьлівым.

«Для нас гэта добры момант — прызнаньне нас у юрыдычнай і грамадзкай прасторы. Пратэстанты ў Беларусі прывыклі жыць за шконкай», — кажа вернік Глеб пра дазвол фэстывалю і становішча іхняй канфэсіі.

«Для нас правядзеньне чагосьці падобнага ў такой важнай сфэры — гэта своеасаблівая легалізацыя», — Christianity Today падае словы аднаго з каардынатараў «Фэстывалю надзеі» Леаніда Міховіча.

У 2025 годзе ў Беларусі скончылася абавязковая перарэгістрацыя ўсіх рэлігійных арганізацыяў. Патрабаваньні да іх сталі стражэйшымі. Прыкладам, супольнасьць вернікаў цяпер мае налічваць прынамсі дваццаць чалавек, а ня дзесяць, як раней. Гэта ўдарыла па малых супольнасьцях.

«Яны паставілі невыканальныя ўмовы. Якія дваццаць чальцоў у малой вясковай царкве? У малых вёсках — малыя цэрквы», — камэнтуе Андрэй.

Суразмоўца ўзгадвае, што калі ён вучыўся ў біблійным каледжы, пратэстанты езьдзілі па вёсках, каб падтрымаць тамтэйшыя грамады. Бывала, што ў пратэстанцкай царкве зусім не было мужчын.

«Зьбіраюцца дзясятак бабуляў, часам да іх прыяжджае місіянэр, які правядзе Прычасьце раз у месяц. Як такой царкве перарэгістравацца? Хаця яны маюць свой будынак, яны, можа, сто гадоў у гэтай вёсцы», — задае ён рытарычнае пытаньне.

Царква "Новае жыцьцё" у менскім Сухараве. Архіўнае фота

На пачатку 2024 году ў Беларусі былі зарэгістраваныя 1038 пратэстанцкіх грамадаў. Колькі іх засталося пасьля перарэгістрацыі, пакуль невядома. Суразмоўцы Свабоды кажуць, што за апошні год зьліквідавалі некалькі дзясяткаў пратэстанцкіх цэркваў — імаверна, каля сотні. Гэта відаць і з справаздачы «Хрысьціянскай візіі», якая абапіраецца на зьвесткі толькі з чатырох вобласьцяў Беларусі (пакуль няма статыстыкі зь Менскай і Берасьцейскай вобласьцяў). Агулам пратэстанты складаюць каля 1-2% насельніцтва Беларусі.

«У баптыстаў каля трохсот цэркваў. Калі казаць пра некалькі дзясяткаў (зьліквідаваных. — РС), то гэта ўжо дзесяць адсоткаў», — камэнтуе вернік Андрэй.

«Вядома, найперш пацярпелі „нязручныя цэрквы“ — пратэстанты, якія пратэставалі. А тым, каго рэгіструюць, непазьбежная ўмова: не дапускаць аніякай „крамолы“ у набажэнствах», — камэнтуе перарэгістрацыю Павал Севярынец.

Суразмоўцы Свабоды адзначаюць, што сам працэс агульнай перарэгістрацыі можна разглядаць як інструмэнт ціску на рэлігійныя арганізацыі ў Беларусі. Яе праводзілі дзеля большага кантролю, каб атрымаць кантакты вернікаў, каб «прасеяць» цэрквы. Цяжка было тым, чые лідэры або вернікі «засьвяціліся» у 2020 годзе, заўважае вернік Глеб.

«Прычыны знаходзяць у тым, што ў Статуце праблемы або тут коску няправільна паставілі. Выпраўляеш коску, прыносіш дакумэнты — а тут кропку няправільна паставілі, і зноў месяц на разгляд. Такое букваедзтва. Мэта ў яго адна — ня даць табе рэгістрацыю. У нейкі момант ты такі дэматываваны: я рэальна б’юся аб сьценку», — расказвае суразмоўца.

Натальля Васілевіч заўважае, што вядомыя толькі адзінкавыя выпадкі, каб цэрквы ліквідавалі, калі іхны служыцель ці вернік быў палітвязьнем або выступаў супраць уладаў падчас палітычнага крызісу пасьля выбараў 2020 году. Часьцей бывае іншая мадэль, дзе перашкоды для перарэгістрацыі стваралі самі вернікі.

«Калі ў царкве пастар або служыцель быў палітвязьнем, то вернікі маленькай царквы, асабліва ў вясковых мясцовасьцях, баяліся запісвацца ў сьпіс заснавальнікаў рэлігійнай арганізацыі. Баяліся, што будзе вядома, што яны ходзяць у гэтую царкву і будуць нейкім чынам зьвязаныя з пастарам, які сядзіць у турме. Праз гэта некаторыя людзі адпадалі і цяжка было сабраць подпісы», — расказвае Васілевіч.

Набажэнства пяцідзясятнікаў у Альшанах. Архіўнае фота

Другая мадэль, паводле якой закрываліся цэрквы ў апошні год, — дэмаграфічная. Некаторыя цэрквы, што існавалі з пачатку 2000-х гадоў, не атрымалі перарэгістрацыю, бо ўжо не было каму гэта рабіць: малодшыя выехалі, старэйшыя памерлі, тлумачыць Васілевіч.

«Татальнай зачысткі (цэркваў), якая адбылася зь няўрадавымі, некамэрцыйнымі арганізацыямі, прафсаюзамі, палітычнымі партыямі, не было. Там быў лес, а зараз некалькі дрэўцаў расьце. З рэлігійнымі арганізацыямі так не адбылося: сьпілавалі асобныя дрэвы, лес працягвае расьці», — камэнтуе яна.

Суразмоўца адзначае, што і ім, прадстаўнікам «Хрысьціянскай візіі», якія сочаць за рэлігійнымі арганізацыямі ў Беларусі, складана здабываць інфармацыю, бо ад іх вернікі яе таксама хаваюць.

«Многія спадзяюцца, што калі інфармаваньня ня будзе, то ім удасца знайсьці іншыя дамоўленасьці (з уладамі Беларусі. — РС), іншыя формы існаваньня, пакуль справа ня стала публічнай, ёсьць магчымасьць разьвіцьця», — кажа Васілевіч пра настроі сярод беларускіх пратэстантаў.

«Новае жыцьцё»

Самая гучная гісторыя перасьледу пратэстантаў у Беларусі была з царквой «Новае жыцьцё», у якой забралі і зруйнавалі будынак, дзе маліліся людзі.

«Гэта ясны пасыл: будзеце адкрываць рот, калі трэба маўчаць — вас зьліквідуюць і ад вас нічога не застанецца. Яны не маўчалі. Калі наступае сытуацыя, калі адбываецца беззаконьне, тады царква ня мае маральнага права маўчаць», — камэнтуе вернік Андрэй падзеі пасьля 2020 году.

Служба ў пратэстанцкай царкве «Новае жыцьцё». Архіўнае фота

Царкву «Новае жыцьцё» зарэгістравалі ў 1992 годзе. Спачатку вернікі маліліся ў арандаваных памяшканьнях і нават пад адкрытым небам. У 2002 годзе яны купілі кароўнік — тады яшчэ на ўскрайку Менску, які хацелі прыстасаваць пад культавае памяшканьне.

«Гэта была адна з самых дынамічных цэркваў. Гэта харызматычны рух, пяцідзясятнікі „на максымалках“. Гэта вельмі маладыя цэрквы, адкрытыя да сучаснай культуры, музыкі, моды. Вельмі гучныя ў служэньні, з ударнымі, бас-гітарай», — расказвае пра спэцыфіку царквы тэоляг Натальля Васілевіч.

Харызматычныя цэрквы заахвочвалі ня проста вучыцца ва ўнівэрсытэце, а паступаць у асьпірантуру, станавіцца выкладчыкамі, каб можна было прыцягваць у царкву студэнтаў, таксама — займаць палітычныя пазыцыі, атрымліваць уладу і пераўтвараць жыцьцё ў краіне адпаведна з хрысьціянскімі каштоўнасьцямі. Хрысьціянізацыя лідэраў «Маладога фронту» адбылася таксама праз харызматычны падыход, тлумачыць яна.

Аднак улады не перакваліфікавалі мэту выкарыстаньня будынку кароўніку, што стала афіцыйнай перашкодай, каб вернікі царквы «Новае жыцьцё» маглі там маліцца. Канфлікт з уладамі за месца для малітвы цягнуўся амаль дваццаць гадоў. У 2006 годзе дзьве сотні вернікаў трымалі галадоўку ў абарону царквы.

Натальля Васілевіч заўважае, што калі ў 2006-м да пратэстантаў-галадоўнікаў прыяжджалі мэдыкі і спраўджвалі стан іхнага здароўя, то ў 2020-х галадоўка не дапамагла б адстаяць свае правы — «пратэст скончыцца празь пяць хвілін», бо ўсіх затрымаюць.

У 2020 годзе вернікі царквы «Новае жыцьцё» запісалі відэа, дзе асудзілі гвалт сілавікоў. У 2021-м улады забралі ў іх будынак, памянялі там замкі і паставілі ахову. Вернікі працягвалі зьбірацца звонку. У 2022 годзе пастара Вячаслава Ганчарэнку арыштоўвалі на «суткі». А ў 2023-м царкву зьліквідавалі праз суд, будынак зруйнавалі бульдозэрамі, сайт «Новага жыцьця» прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі».

Царква «Новае жыцьцё» ў сакавіку 2021

«Паколькі яна зьліквідаваная, усякая яе дзейнасьць у якім-хаця фармаце будзе лічыцца крымінальнай. Наколькі ведаю, іхныя чаты і канал былі зьліквідаваныя. Відаць, кантроль за імі ёсьць. Таму ніякай дзейнасьці, якая магла б быць трактаваная як незаконная рэлігійная дзейнасьць і цягнула б за сабой крымінальную адказнасьць, яны не вядуць», — камэнтуе Натальля Васілевіч гісторыю «Новага жыцьця».

Хатнія групы

Хтосьці сышоў у онлайн, хтосьці ў хатнія групы, хтосьці перайшоў у зарэгістраваныя цэрквы, апісвае Павал Севярынец тое, як цяпер у Беларусі існуюць пратэстанцкія супольнасьці, якім не далі перарэгістравацца.

«Пратэстанты гістарычна маюць глыбокі досьвед выжываньня ў таталітарным рэжыме — падчас савецкіх ганеньняў на веру. Ніякі Лукашэнка не прымусіць сапраўдных вернікаў Ісуса Хрыста стаць на калені перад дыктатарам», — кажа Павал Севярынец.

Натальля Васілевіч тлумачыць, што хатнія групы — гэта від служэньня ў пратэстантаў.

«Зьбіраюцца ў хатніх групах па 7-10 чалавек на працягу тыдня ў гасьцях у кагосьці. Бывае, у аднаго чалавека, бывае, што ходзяць па розных з гэтай дзясяткі: адзін тыдзень у адной сям’і, другі — у другой», — расказвае яна.

Васілевіч дадае, што вернікі незарэгістраваных цэркваў працягваюць зьбірацца таксама дзякуючы зарэгістраваным арганізацыям. Прыкладам, ладзяць у памяшканьні іншай царквы вясельле. Такая форма існаваньня незарэгістраваных цэркваў была і ў пачатку 2000-х.

«Калі царква была ў невялікай вёсцы, яны зьбіраліся ў сябе ў прыватным доме, маліліся, чыталі Біблію — куды яны дзенуцца, нават калі ім рэгістрацыю закрыюць? Усё працягваецца, хутчэй за ўсё», — мяркуе пратэстанцкі вернік Андрэй.

На ягоную думку, існаваньне такіх незарэгістраваных супольнасьцяў — гэта інструмэнт ціску.

«Адна рэч, калі ты дзейнічаеш афіцыйна, а другая — калі да цябе могуць у кожны момант прыйсьці, і ты на птушыных правах, пакуль цябе не заўважаюць або робяць выгляд, што не заўважаюць», — кажа Андрэй.

Малельны дом пяцідзясятнікаў у Альшанах. Архіўнае фота

Зарэгістраваць новую пратэстанцкую царкву сёньня ў Беларусі складана, пагаджаюцца суразмоўцы.

«Амаль немагчыма, — адзначае Андрэй. — На маіх вачах арганізоўвалі новую царкву ў Менску — і нічога не змаглі зрабіць. Як бы яны ні біліся некалькі гадоў, нічога не дапамагло».

Ён дадае, што лепшая сытуацыя ў тых, хто пасьпеў зарэгістраваць царкву і прыдбаць пад яе будынак у 1990-х гадах. Іншыя звычайна сутыкаліся зь перашкодамі.

«Або даводзілася афармляць будынак на прыватную асобу і зьбірацца, як атрымліваецца», — кажа ён.

На думку Андрэя, праваслаўная царква знаходзіцца ў прывілеяваным становішчы ў Беларусі ў параўнаньні з астатнімі канфэсіямі.

«Ім (праваслаўным. — РС) адкрытыя дзьверы ў навучальныя ўстановы, спонсарскія праграмы, знаходзяцца месцы для будаўніцтва новых храмаў нават у Менску, рэгістрацыя праходзіць вельмі хутка. У нас, каб зарэгістраваць царкву, — гэта гады неабходна хадзіць, узгадняць, дый то ня факт, што ўзгодняць», — кажа ён.

«Агенты Амэрыкі»

Сытуацыя была непрыхільнай да пратэстантаў ня толькі пасьля 2020 году, але ў апошнія дзесяцігодзьдзі наагул. Пратэстанцкі вернік Глеб кажа, што многія пратэстанцкія цэрквы і раней не маглі атрымаць рэгістрацыю ў Беларусі.

«Калі ў некаторых гарадах зьяўлялася больш пратэстанцкіх цэркваў, чым праваслаўных, улады казалі: так нельга», — успамінае ён часы да 2020-га.

Калі пратэстанты хацелі зарэгістраваць царкву ў Беларусі, то чыноўніца адгаворвала іх, кажа ён.

«„Чаго вы царкву пачынаеце? Назавіце „біблейскае чаяваньне“». Яна мне ў вочы казала: «Няма розьніцы, якія дакумэнты вы мне прынесяце, ёсьць указ зьверху не даваць рэгістрацыю новым цэрквам»», — узгадвае суразмоўца.

Сытуацыя для пратэстантаў у Беларусі стала пагаршацца з канца 1990-х гадоў. Пераломным стаў закон 2002 году «Аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыях», які ўвёў абавязковую рэгістрацыю цэркваў.

«Ён быў скіраваны менавіта на іх, каб спыніць рост пратэстанцкіх цэркваў. Іх максымальна абмяжоўвалі ў дзейнасьці, бо яны былі даволі новыя, храмаў сваіх не было, цяжка было шукаць месца для служэньня», — тлумачыць Натальля Васілевіч.

Пратэстанцкая царква "Благадаць" у Менску. Архіўнае фота

Пратэстанцкія цэрквы, на думку Глеба, асацыююцца ў беларускіх уладаў з заходнім уплывам. Хоць, зь ягоных назіраньняў, многія пратэстанцкія вернікі не цікавяцца палітыкай. Суразмоўца мяркуе, што ўлады часам закрывалі вочы на тое, што людзі зьбіраліся і маліліся ў незарэгістраванай супольнасьці, але «трымалі іх на кароткім павадку».

«Перасталі даваць рэгістрацыю цэрквам. Пачалі актыўна кантраляваць усіх місіянэраў, якія прыяжджалі з заходняга сьвету, амэрыканцаў, ангельцаў. Было шмат прэцэдэнтаў, калі выправаджвалі місіянэраў. Але я не памятаю актыўных ганеньняў за тое, што ты служыш у пратэстанцкай царкве. Проста мы ведалі, што за намі назіраюць, ведаюць, хто да нас прыяжджае», — дадае пра пачатак 2000-х Глеб.

За тое, што людзі зьбіраюцца і моляцца без дазволу, у Беларусі ў 2005 годзе ўвялі крымінальную адказнасьць (артыкул 193-1 КК «Арганізацыя дзейнасьці грамадзкага аб’яднаньня, рэлігійнай арганізацыі або фонду, або ўдзел у іхнай дзейнасьці безь дзяржаўнай рэгістрацыі»). Ён прадугледжваў пакараньне да двух гадоў калёніі. У 2019 годзе гэты артыкул Крымінальнага кодэксу скасавалі, а ў 2022 годзе зноў вярнулі.

«Пратэстанты пры рэжыме Лукашэнкі адчувалі, што іх малююць ворагамі, абзываюць сэктамі, не прымаюць, як іншыя цэрквы, трымаюць на дыстанцыі, лічаць іх агентамі Захаду, Амэрыкі», — расказвае Натальля Васілевіч.

«Эвангельскія вернікі — законапаслухмяныя грамадзяне, руплівыя працаўнікі, часта прадпрымальнікі або фэрмэры, сярод іх мноства шматдзетных сем’яў і дабрачынцаў. „Соль зямлі“ — гэта пра іх. На Палесьсі пратэстанты — гэта сіла: там часта трапляюцца цэлыя баптысцкія і пяцідзясятніцкія вёскі, напрыклад, такія, як знакамітыя Альшаны», — апісвае пратэстантаў Павал Севярынец.

Прыкладна з 2012 году пратэстанты сталі менш скардзіцца на тое, што зь імі адбываецца, працягвае Натальля Васілевіч.

«Прывыклі да той сытуацыі, якая ёсьць, не хацелі большага. Маліцца ім дазвалялася. Былі абмежаваныя місія, адукацыя, запрашэньні замежных служыцеляў. Але яны бачылі квадрат, у якім ім дазвалялі дзейнічаць, і максымальна спрабавалі ў ім дзейнічаць», — расказвае Натальля Васілевіч.

Яна зьвяртае ўвагу на тое, што ўлады Беларусі знайшлі агульныя пункты пераважна з кансэрватыўнымі пратэстантамі. І тыя і гэтыя, прыкладам, выступалі супраць аднаполых шлюбаў. У гэты пэрыяд, калі лібэралізацыю адчувалі ў розных сфэрах краіны, матэрыяльнае становішча цэркваў паступова паляпшалася дзякуючы вернікам.

«Яны маглі жыць, нармальна жылі сабе. Былі асобныя канфлікты, асобныя цэрквы мелі праблемы. Але яны стараліся не ісьці на канфрантацыю з рэжымам», — падсумоўвае Васілевіч.

Затрымалі за хрост

У 2020 годзе шмат пратэстанцкіх цэркваў выступілі супраць рэжыму Лукашэнкі на хвалі народных пратэстаў, працягвае Натальля Васілевіч. Пасьля гэтага многім вернікам давялося выехаць, кагосьці арыштавалі і яны сталі палітвязьнямі.

«Паводле нашай статыстыкі, хоць пратэстантаў менш, чым праваслаўных і каталікоў, але выпадкі пацярпелых былі параўнальныя з праваслаўнымі і каталікамі», — заўважае прадстаўніца «Хрысьціянскай візіі».

Прынамсі некалькіх пратэстанцкіх вернікаў затрымалі за тое, што яны дапамагалі ўкраінцам, куплялі ім ежу, білеты да мяжы, расказвае Андрэй. Дэталяў гэтых справаў мала. Васілевіч кажа, што іх падводзяць пад «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці».

З назіраньняў Андрэя, асабліва беларускія спецслужбы сочаць за актыўнымі хрысьціянамі. Дзясяткі вернікаў, якія дапамагалі ўкраінцам, якія выразна казалі, што ня згодныя зь дзеяньнямі ўладаў, прайшлі праз допыты і турмы. Да тых, хто маўчыць або паводзіць сябе ціха, улады ставяцца больш ляяльна.

Набажэнства ў пратэстанцкай царкве "Благадаць" у Менску. Архіўнае фота

Паводле справаздачы Камісіі ЗША ў міжнароднай рэлігійнай свабодзе, прынамсі некалькіх пратэстанцкіх пастараў у Беларусі затрымлівалі за вулічную эвангелізацыю без дазволу, крытыку рэжыму Лукашэнкі, падтрымку мірных пратэстаў, «экстрэмісцкія» матэрыялы ў сацыяльных сетках, іншыя сутыкаліся са штрафамі, пагрозамі і пастаянным ціскам.

На «суткі» затрымлівалі лідэра царквы «Новае жыцьцё» Вячаслава Ганчарэнку разам зь ягоным зяцем Ільлём Будаем. 71-гадовага пастара Ўладзімера Бурштына аштрафавалі ў 2024 годзе на 800 рублёў за тое, што ён ахрысьціў некалькіх чалавек у Маларыце без дазволу райвыканкаму. Перад гэтым яго затрымлівалі і штрафавалі за тое, што маліўся на вуліцы і раздаваў рэлігійную літаратуру. Ня раз затрымлівалі і штрафавалі за ўдзел у набажэнствах пастара Антонія Бокуна.

У справаздачы Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША пра сытуацыю з рэлігійнай свабодай у сьвеце за 2023 год з спасылкай на рэлігійных лідэраў паведамлялася, што «супрацоўнікі спэцслужбаў працягвалі наведваць рэлігійныя службы зарэгістраваных нетрадыцыйных пратэстанцкіх грамадаў для вядзеньня назіраньня, што сябры групы апісвалі як запалохваньне і перасьлед».

Суразмоўцы Свабоды мяркуюць, што «Фэстываль надзеі» дазволілі ў межах перамоваў беларускага і амэрыканскага бакоў. Дазволілі — бо гэта цяпер выгадна Лукашэнку. Магчыма, у гэтыя дні ён выпусьціць новую партыю палітвязьняў, а ўзамен атрымае большую легітымнасьць у сьвеце і, магчыма, зьняцьце чарговых санкцыяў.

«У духоўныя справы ўмешваецца вялікая палітыка. Чаму гэта дазволілі? Падобна, што ўлады хочуць пабудаваць масткі з Амэрыкай. Ёсьць імавернасьць, што прыедзе ня толькі Фрэнклін Грэм, але яшчэ і Коўл з жонкай (Грэта ван Састэрэн супрацоўнічае з фондам Грэма Samaritan’s Purse. — РС). Верагодна, будзе сустрэча на самым версе», — разважае вернік Андрэй.

Паводле выданьня Christianity Today, на фэстывалі ў Менску чакаецца прысутнасьць спэцпасланьніка трампа Джона Коўла, хоць афіцыйнага пацьверджаньня гэтай інфармацыі няма.

Пратэстанцкія вернікі ў Беларусі ставяцца да дазволу «Фэстывалю надзеі» неадназначна.

Частка глядзіць на гэта скептычна, бо мяркуе, што давядзецца дорага заплаціць. «Прыйдзецца нахвальваць Лукашэнку, крывадушнічаць, заплюшчваць вочы на рэпрэсіі, на праўду», — камэнтуе прадстаўніца «Хрысьціянскай візіі» Натальля Васілевіч.

«Калі спрабавалі чыста рэлігійнае мерапрыемства арганізаваць, яго ніколі не дазвалялі праводзіць. Некаторыя рэагуюць з цынізмам, што ўлады ўводзяцца зноў у легальнае поле. Улада выкарыстоўвае рэлігійных людзей, з барскага пляча дае дазвол. Праз гэта яна спрабуе паказаць: „Мы не настолькі жахлівыя, як нас спрабуюць паказаць“. Думаю, частка вернікаў разумее, што іх выкарыстоўваюць. Але ў іх вышэйшыя каштоўнасьці — несьці Божае слова людзям», — адзначае Глеб.

Аднак для многіх вернікаў у Беларусі, на думку суразмоўцы, няважна, якія палітычныя дамоўленасьці стаяць за гэтым фэстывалем.

«Дазволілі глябальную эвангелізацыю. Будзе прапаведавацца Божае слова», — падкрэсьлівае Глеб.

Большасьць вернікаў, паводле Натальлі Васілевіч, успрымаюць гэты фэст як цуд, калі яны могуць разам рыхтаваць нешта, паказаць сябе перад грамадзтвам.

«Гэта іх вельмі натхняе. Ува ўсіх цэрквах пастаянна адбываюцца малітвы, сходы пастараў, япіскапаў, служыцеляў. Гэта пра тое, што зараз трэба ўсе сілы, усе намаганьні, усю энэргію прыкласьці, каб фэстываль прайшоў на самым высокім узроўні, каб мы зрабілі ўсё, што маглі, у гэтым вакне магчымасьцяў, якое раптам адкрылася», — камэнтуе Васілевіч.

«Рэжым, вядома, паспрабуе выкарыстаць гэты фэст у сваіх мэтах — маўляў, глядзіце, прапаведнік з Штатаў свабодна прапаведуе, людзі спакойна моляцца, мы, беларусы, за мір ва ўсім сьвеце. Але на месцы Фрэнкліна Грэма я б знайшоў словы, каб падтрымаць тых вернікаў, якія і сёньня пакутуюць у турмах рэжыму — і, вядома, адпаведныя словы для дыктатараў. Ісус Хрыстос — гэта ня толькі ласка, гэта яшчэ і свабода, і праўда, якіх так не стае сёньняшняй Беларусі», — падсумоўвае Павал Севярынец.