Фільм, зьняты дзяржаўным тэлеканалам АНТ супольна з Камітэтам дзяржаўнай бясьпекі, прадэманстравалі ў этэры 12 траўня, паведаміла выданьне Позірк.
Для згаданай сеткі Троцкіс, як заявілі ў фільме, «хаваў у схованках грошы», таксама ён забясьпечваў агентаў «сродкамі выведнай дзейнасьці». Удзельнікаў сеткі «затрымала беларуская контравыведка». Іх колькасьць не назвалі.
Паводле намесьніка начальніка сьледчага ўпраўленьня КДБ Аляксандра Тарасевіча, супрацоўніцтва з замежнай спэцслужбай «супярэчыць нацыянальным інтарэсам і шкодзіць нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь».
«Камітэт дзяржаўнай бясьпекі настойліва рэкамэндуе адмовіцца ад супрацоўніцтва з замежнымі спэцслужбамі і паведаміць аб супрацьпраўнасьці сваіх дзеяньняў — гэта дазволіць унікнуць крымінальнай адказнасьці», — сказаў Тарасевіч.
Пра тое, што літоўскага грамадзяніна Міраславаса Троцкіса пакаралі ў Беларусі 15 гадамі пазбаўленьня волі, 31 сакавіка паведамляў праваабарончы цэнтар «Вясна» з спасылкай на інфармацыю ініцыятывы Dissidentby.
35-гадовага мужчыну прызналі вінаватым паводле артыкулу 358 (шпіянаж) і артыкулу 358-1 (агентурная дзейнасьць) Крымінальнага кодэксу.
Адзначалася, што ўвосень 2024 году Троцкіс адправіўся ў Беларусь наведаць сваякоў, але яго затрымалі. Паводле інфармацыі літоўскага выданьня LRT, ён жыў у Вільні, у 2011 годзе скончыў унівэрсытэт Мікаласа Ромэрыса. З адкрытых крыніц вядома, што ён падтрымліваў цесныя сувязі зь Беларусьсю.
У фільме АНТ паведамілі, што жонка Троцкіса мае грамадзянства Беларусі, яны выхоўваюць дачку.
Сёлета ў красавіку Міністэрства замежных справаў Літвы пацьвердзіла інфармацыю пра асуджэньне ў Беларусі грамадзяніна Літвы Міраславаса Троцкіса на 15 гадоў пазбаўленьня волі. Ад моманту затрыманьня і пасьля суду літоўскія дыпляматы падтрымлівалі пастаянную сувязь з сваякамі асуджанага, яго таксама наведваў консул.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Грамадзяніна Літвы асудзілі ў Беларусі на вялікі тэрмін зьняволеньняЧаму гэта важна
Улады Беларусі пасьля 2020 году і пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны пачалі затрымліваць іншаземцаў паводле абвінавачаньняў у «агентурнай дзейнасьці», «шпіянажы», «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці», «закліках да санкцыяў», «удзелу ў дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак», «дыскрэдытацыі Беларусі», «акце тэрарызму», «міжнародным тэрарызьме».
Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», у Беларусі прынамсі 22 іншаземцы маюць статус палітычнага зьняволенага, палова зь іх — грамадзяне Расеі. Таксама ёсьць грамадзяне Ўкраіны, Літвы, Францыі, Латвіі, Польшчы.
Пакуль вядома, што 6 іншаземцаў адбываюць пакараньне ў сувязі з вайной Расеі ва Ўкраіне, 5 грамадзян іншых краін уключылі ў так званы «сьпіс тэрарыстаў».
Агулам з 2020 году ў Беларусі пад палітычны крымінальны перасьлед трапілі сама меней 100 замежных грамадзян (зь іх 27 жанчын). Праваабаронцам вядома, што прынамсі 75 зь іх накіравалі ў калёніі.
61 іншаземец мае статус «былога палітвязьня», ня менш за 29 былі памілаваныя і дэпартаваныя зь Беларусі.
У Беларусі на 13 траўня 848 чалавек прызналі палітычнымі зьняволенымі. З пачатку прэзыдэнцкай кампаніі 2020 году палітвязьнямі былі прызнаныя 4356 чалавек. Яшчэ адна праваабарончая ініцыятыва Dissidentby прызнала палітвязьнямі 925 чалавек.
Сярод вызваленых паводле дамоўленасьцяў паміж Беларусьсю і ЗША таксама ёсьць грамадзяне замежных краін.