Размова з Бабарыкам у асноўным ішла па-расейску, але на беларускамоўныя пытаньні палітык адказваў па-беларуску.
Што папярэднічала
Віктар Бабарыка плянаваў удзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах у 2020 годзе. Але на этапе збору подпісаў, 18 чэрвеня 2020 году, яго разам з сынам Эдуардам затрымалі, калі яны ішлі ў ЦВК здаць сабраныя подпісы. Паводле зьвестак ягонага штабу, тады сабралі больш за 430 тысяч подпісаў, а падалі ў ЦВК — 365 тысяч. Затрымліваў старэйшага і малодшага Бабарыкаў Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю. Цэлы дзень да затрыманых не пускалі адвакатаў. У той жа дзень Віктара Бабарыку зьмясьцілі ў СІЗА КДБ.
6 ліпеня 2021 году суд Маскоўскага раёну Менску прызнаў Віктара Бабарыку вінаватым у атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры (ч. 3 арт. 430 Крымінальнага кодэксу) і ў легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам (ч. 2 арт. 235 КК) і асудзіў былога прэтэндэнта ў кандыдаты на прэзыдэнта, які гэтак і не прызнаў віну, на 14 гадоў зьняволеньня. Таксама былога банкіра пакаралі штрафам у 145 тысяч рублёў (пяць тысяч базавых велічыняў) і ён мусіць выплаціць больш за 46 мільёнаў рублёў, каб пагасіць нібыта нанесеную ім шкоду.
Віктара Бабарыку вызвалілі 13 сьнежня 2025 году пасьля сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з спэцыяльным пасланьнікам ЗША ў справах Беларусі Джонам Коўлам у ліку 123 палітычных зьняволеных, якіх вывезьлі ва Ўкраіну. Цяпер ён жыве ў Нямеччыне.