Віктар Бабарыка прыехаў у Вільню зь Нямеччыны, дзе жыве пасьля таго, як быў вызвалены і пад наглядам вывезены з Беларусі. Палітык адразу сказаў, што вельмі рады сустрэцца зь віленскімі беларусамі, сярод якіх шмат палітвязьняў і палітычных уцекачоў, удзельнікаў падзей 2020 году.
«Дзякуй, што вы сябе захавалі. Не саромейцеся тых рэпрэсій, празь якія вам давялося прайсьці, гэтым варта ганарыцца», — вітаў поўную залю Віктар Бабарыка.
Размова з Бабарыкам у асноўным ішла па-расейску, але на беларускамоўныя пытаньні палітык адказваў па-беларуску.
Сустрэча ў Вільні зь Віктарам Бабарыкам
Пра партыю «Разам»
Спачатку Бабарыку спыталі пра пэрспэктывы ягонай партыі «Разам», пра якую стала вядома яшчэ ў 2020 годзе. Ён адразу сказаў, што паспрабуе і далей «выкарыстоўваць палітычнае поле для змаганьня за свае меркаваньні», таму праект партыі можа быць запатрабаваным.
«На сёньняшні дзень мы вызначаемся з тым, ці варта „размарожваць“ гісторыю з партыяй „Разам“», — сказаў Бабарыка.
Пры гэтым палітык сказаў, што будзе займаецца толькі тымі праектамі, якія «маюць блізкую пэрспэктыву». Прыкладам, ён ня бачыць сэнсу ў напісаньні канстытуцыі «дзяржавы, якой пакуль няма», бо кожны «новы пражыты год усё мяняе».
«Для мяне бліжэйшы просты лёзунг: ня можаш выратаваць краіну — дапамагай людзям», — сказаў ён.
Віктар Бабарыка
Пра пэрспэктывы беларускай эканомікі
Бабарыка працягвае высока ацэньваць эканамічны патэнцыял Беларусі, але крытычна ставіцца да цяперашняга накірунку разьвіцьця эканомікі.
«Разьвіцьцё радыёэлектронікі, нафтавай галіны — гэта ў нас было добра. Узялі ІТ- напрамак — гэта таксама разьвівалася выдатна, тады мы арыентаваліся на выкарыстаньне мазгоў людзей. На жаль, гэты шлях цяпер для нас закрыты.
Тое, што цяпер адбываецца — гэта велізарная праблема, бо ідзем у адваротным кірунку, і ў выніку тэхналягічнае адставаньне цяпер катастрафічнае. Мы вырабляем зброю для Расеі, а для самой краіны галоўным сэктарам стала сельская гаспадарка. Клопат толькі пра тое, каб людзей накарміць — мне гэтага мала», — выказаўся Бабарыка пра вэктар эканамічнага разьвіцьця Беларусі.
Былая палітзьняволеная Натальля Дуліна задае пытаньне
Ці маглі ў Беларусі быць сумленныя выбары?
Бабарыку спыталі, ці ён у 2020 годзе верыў у сумленныя выбары. Былы верагодны кандыдат на прэзыдэнта не сумняваўся, што такое магчыма.
«Я быў абсалютна перакананы ў гэтым. І сыстэма, якую мы стварылі ў штабе, паказала, што калі б усё было ў межах закону, так бы і было. Але вынік усё роўна быў. Самае галоўнае, што Беларусь убачыла, якую падтрымку мы атрымалі. Ці перамаглі мы? Мы перамаглі, але нам не далі мэдаль», — усьміхнуўся палітык.
У чым была перамога прагрэсіўных сілаў, паводле Бабарыкі? Галоўнае дасягненьне 2020 году, мяркуе ён, што да таго часу ніколі не было «такога ўздыму нацыянальнай самасьвядомасьці».
«Менавіта тады нарадзілася беларуская нацыя», — упэўнены Бабарыка.
Яшчэ адна перамога, паводле Віктара Бабарыкі, што цяпер няма ілюзій адносна рэжыму ў Беларусі.
«Ці застаецца ў Беларусі шанец? Так, але меншы, чым у 2020. Наша асноўная задача ў тым, каб па выніках вайны Беларусь засталася незалежнай, а ня стала часткай Расеі».
Нацыянальная ідэя ў беларусаў ужо ёсьць, мяркуе Бабарыка.
«Мы яе знайшлі ў 2020 годзе, гэта „беларус беларусу беларус“. Больш ня трэба нічога шукаць — гэта галоўнае», — лічыць палітык.
Віктар Бабарыка
Пра выбары ў Каардынацыйную раду
11 траўня маюць пачацца онлайн-выбары ў Каардынацыйную раду, якія працягнуцца тыдзень. Палітыка спыталі пра стаўленьне да гэтай падзеі.
«У Фэйсбуку я ўжо сказаў, што мы будзем падтрымліваць тых, хто туды ідзе. Мы — гэта аргкамітэт партыі „Разам“. А чаму мы самі туды не пайшлі?»
Адказваючы сам на сваё ж пытаньне палітык назваў дзьве прычыны: што не былі прапісаныя паўнамоцтвы галінаў улады «нашай квазідзяржавы», і што ня вызначана пытаньне з прадстаўніцтвам.
«Бо калі нехта кажа, што „7 тысяч галасоў“ даюць ім права гаварыць ад імя 100 тысяч беларусаў у выгнаньні, то мне, як матэматыку паводле прафэсіі, гэта незразумела».
Пры гэтым Бабарыка пажадаў пасьпяховых выбараў у Каардынацыйную раду і плённай працы тым, хто будзе ў яе абраны. «Вельмі хачу каб усё атрымалася ў тых, хто туды ідзе».
На пытаньне, ці ён агент Крамля, Бабарыка рашуча адказаў «Не!»
Віктар Баарыка
Праца і банк для беларусаў у эміграцыі
Бабарыку спыталі пра ідэю банку для эмігрантаў і пра ягоную працу ў эміграцыі
Палітык адказаў, што цяпер шукае працу, вядзе адпаведныя перамовы і спадзяецца, што ў наступным месяцы пытаньне вырашыцца. А ідэю банку для эмігрантаў Бабарыка раскрытыкаваў. Па-першае, ён упэўнены, што цяпер банкаўская сыстэма для яго закрытая. «Наўрад ці я быў бы цікавы для нямецкай банкаўскай сыстэмы».
Па-другое, кажа Бабарыка, раней ён думаў, што ідэя банку для эмігрантаў можа быць цікавай Эўрапейскаму банку разьвіцьця, але пагаварыў з адмыслоўцамі і перагледзеў свае погляды.
«Засталася хіба ідэя адкрыцьця банку па іншаму, як касы самадапамогі. Але наўрад ці», — мяркуе была старшыня праўленьня «Белагазпрамбанку».
Сэлфі зь Вікарам Бабарыкам
Пра беларускую мову
«Усё часьцей ужываю», — сказаў Віктар Бабарыка пра беларускую мову. Некалькі разоў падчас сустрэчы ён пераходзіў на беларускую, у тым ліку для таго, каб лепш выказаць думку.
Пра пераацэнку каштоўнасьцяў у часы зьняволеньня
Паводле Бабарыкі, кардынальных зьменаў каштоўнасьцяў за 5 гадоў няволі ў яго не адбылося.
«Толькі тры месяцы ў 2020 моцна разважаў пра правільнасьць таго, што мы рабілі. Потым зрабіў высновы і ня мучыўся сумневамі. Усё засталося, як было», — сказаў палітык.
Бабарыка паабяцаў, што ў будучыні напіша кнігу мэмуараў, зь якой будзе зразумелы кожны ягоны крок.
«Я ў турме нічога не перагледзеў, як не зьмяніў і стаўленьне да людзей. Гэмінгуэй казаў, што турма выхоўвае нянавісьць. Я так не лічу. Турма выяўляе ў чалавеку нянавісьць. Яна тым і страшная, як любая закрытая прастора, што выяўляе найгоршае ў чалавеку. Ты там ня можаш схаваць, хто ты ёсьць. Але праўда, што там можна перагледзіць тое дрэннае, што ў табе ёсьць і зрабіць высновы», — сказаў Бабарыка.
Віктар Бабарыка і Ўладзімер Мацкевіч
Пра «гульню Мацкевіча» і ўзброенае змаганьне
У палітыка спыталіся стаўленьне да «гульні» Ўладзімера Мацкевіча, філёзафа і мэтадоляга, былога палітвязьня, які нядаўна зьбіраў вядомых беларускіх эмігрантаў для абмеркаваньня стратэгіі барацьбы за дэмакратыю ў краіне. Бабарыка ўдзельнічаў у «гульні», але выказаўся пра яе стрымана.
«Гэта была псыхатэрапія, я ехаў туды назіральнікам і дасягнуў мэты. А высновы? Кожны дасягнуў так, чаго хацеў. Нібыта ўсім удзельнікам усё добра. Але важна разумець, якая мэта ставілася арганізатарамі. Думаю, мэта была іншая. Таму аб выніках — яшчэ паглядзім» — сказаў Бабарыка.
Пасьля гэтага Бабарыку спыталі пра шляхі зьменаў у Беларусі: як ён ставіцца да варыянту ўзброенага ўваходу ў Беларусь?
«Ведаю легенду пра Цмока. Той, хто прыходзіць на крыві, гэта і атрымае. Як сродак да прыходу ўлады я гэтага не прымаю, гэта ня мой шлях. Нявольнікі не становяцца вольнымі, калі памірае іх гаспадар. Я за тое, каб людзі спачатку самі сталі вольнымі. Але гэта ня значыць, што я не паважаю тых, хто гатовы аддаваць свае жыцьці за свабоду», — запэўніў Віктар Бабарыка.
Уладзімер Мацкевіч (зьлева) і Віктар Бабарыка
Пра надзею вярнуцца ў Беларусь
Палітык верыць, што такі дзень настане, і тыя, хто з палітычных прычын апынуўся ў выгнаньні, змогуць вярнуцца ў вольную Беларусі.
«Я б не стаяў тут перад вамі, калі б ня верыў у гэта. Магчыма, я не дайду, але буду імкнуцца», — сказаў Бабарыка.
Ён не пагадзіўся, што ў Беларусі не чакаюць зьменаў, спаслаўшыся на шмат знаёмых, якія засталіся ў Беларусі і чыё меркаваньне ён ведае. Паводле Бабарыкі, сярод некаторых ёсьць расчараваньне сваркамі ў апазыцыі. «Кажуць нам: у вас шмат магчымасьцяў, а вы робіце тое, што ўжо рабілася».
Але ў цяперашнюю Беларусь Віктар Бабарыка вяртацца ня хоча. Якім ён сябе бачыць у новай, вольнай Беларусі?
«Бачу там сябе расказчыкам, але дакладна не актыўным палітыкам. Гэтага б дакладна не хацелася», — сказаў пад сьмех залі Віктар Бабарыка.
Віктар Бабарыка
Пра сына Эдуарда, які знаходзіцца ў вязьніцы
«Так, ён у закладніках», — ацаніў становішча сына Бабарыка-старэйшы. Ён сказаў, што ў калёніі думаў, што яго вызваляць не раней за 2030 год, калі паводле прысуду мусіў выходзіць Эдуард, але атрымалася інакш.
«Ня верыў, што рэжым пойдзе на тое, каб пакідаць закладнікамі дзяцей. Але рэжым на гэта пайшоў. Цяпер Эдуард у турме па 411 артыкуле [Злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы], і гэта можа паўтарыцца», — сказаў Бабарыка. Паводле палітыка, часам пра сына доўга нічога не вядома. «Зь лютага ён зноў у зоне маўчаньня».
Пра дачку і ўнукаў
У канцы размовы Віктар Бабарыка паведаміў, што ў верасьні зьбіраецца праведаць сваю дачку, якая жыве ў Аўстраліі. «У красавіку я стаў двойчы дзедам, маю цяпер унука і ўнучку», — падзяліўся радасьцю Віктар Бабарыка.
Пасьля сустрэчы яе ўдзельнікі зрабілі сумеснае фота з Віктарам Бабарыкам.
Супольнае фота пасьля сустрэчы