На вайне з Украінай загінулі 352 тысячы расейскіх вайскоўцаў — аналіз СМІ

Колькасьць расейцаў, якія загінулі падчас поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны, да канца 2025 году дасягнула 352 тысяч чалавек — такую ацэнку публікуюць у сумесным дасьледаваньні расейскія незалежныя выданьні «Медуза» і «Медиазона».

Выданьні абапіраюцца на пайменныя сьпісы загінулых, якія «Медиазона» складае сумесна з Расейскай службай «Бі-бі-сі» і камандай валянтэраў, а таксама на зьвесткі з расейскага Рэестру спадчынных справаў.

Супаставіўшы пайменны сьпіс загінулых вайскоўцаў з рэестрам спадчынных справаў, аўтары дасьледаваньня разьлічылі імавернасьць трапляньня ў рэестар для кожнай узроставай і сацыяльнай групы забітых на вайне. Потым дзякуючы гэтаму каэфіцыенту журналісты «перавялі» спадчынныя справы ў рэальную колькасьць стратаў.

Лічба ў 352 тысячы ўключае 261 тысячу «звычайных» загінулых і 90 тысяч тых, хто быў прызнаны загінулым або зьніклым паводле рашэньня суду, або чыя сьмерць была зарэгістраваная з затрымкай ад 180 дзён зь іншай прычыны. Журналісты падкрэсьліваюць, што не лічылі загінулых грамадзянаў замежных дзяржаваў, якія ваявалі ва Ўкраіне на баку расейскага войска.

Дасьледчыкі адзначаюць, што гэта статыстычная ацэнка, то бок яна мае прагназаваны інтэрвал: «Пазначаючы канкрэтную лічбу, мы гаворым пра цэнтральныя, найбольш імаверныя значэньні».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Улады Беларусі пацьвердзілі, што перасталі выпускаць за мяжу расейцаў-прызыўнікоў

На гэты час журналісты высьветлілі імёны больш за 217 тысяч загінулых на вайне расейскіх вайскоўцаў (ад пачатку поўнамаштабнага ўварваньня РФ і да 15 траўня 2026 году).

Расея афіцыйна свае страты не раскрывае. Масква апошні раз называла колькасьць забітых у верасьні 2022 году — тады заяўлялі пра 5937 загінулых.

Кіеў таксама доўгі час не агучваў стратаў, заяўляючы, што зьвесткі будуць раскрытыя пасьля вайны. Цяпер прыблізна раз на год гэтую інфармацыю агучвае прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі. Напачатку лютага 2026 году ў інтэрвію France 2 ён заявіў, што ад лютага 2022 году ў вайне Ўкраіна страціла загінулымі 55 тысяч украінскіх салдатаў. Прэзыдэнт дадаў, што таксама ёсьць «вялікая колькасьць людзей, якіх Украіна лічыць зьніклымі бязь вестак».

Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі 13 студзеня гэтага году заявіў, што ў 2025 годзе ўдалося паменшыць колькасьць стратаў асабовага складу на 13%. Дэталёвых зьвестак па ўкраінскіх стратах ён не прывёў.

Паводле падлікаў «Медиазоны», жыхары аддаленых і бяднейшых рэгіёнаў Расеі гінуць на вайне ва Ўкраіне ў дзясяткі разоў часьцей за масквічоў. Найбольшая колькасьць сьмярцей на 10 тысяч мужчынаў у сыбірскай Тыве — 120, далей ідуць Бурація (91) і Алтай (89). У Маскве гэты паказьнік — 3. Амаль палова загінулых з Алтаю былі добраахвотнікамі, якія падпісалі кантракт пасьля 2022 году. Чвэрць усіх загінулых з Тывы — зьняволеныя, завербаваныя ў прыватную вайсковую кампанію «Вагнэр».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Вушы разьвесяць, а потым прыяжджаюць у цынку». Як расейскіх сірот адпраўляюць на вайну супраць Украіны