Беларусам не хапае квоты на бязмытны ўвоз электрамабіляў. Што яшчэ замінае разьвіцьцю электрычнага транспарту

Электрамабіль на зарадцы. Архіўнае фота

Апрача малых квотаў ад так званай Эўразійскай эканамічнай камісіі, у Беларусі бракуе зарадных станцыяў для электрамабіляў.

Як паведаміў урад Беларусі, з 7 траўня ўстаноўлены памер квоты на ўвоз электрамабіляў у 2026 годзе і яе разьмеркаваньне ў краіне. Сама квота, адпаведна рашэньню ЭАЭС, складае для Беларусі 20 тысяч электрамабіляў.

У сьнежні 2025 году рашэньнем Эўразійскай эканамічнай камісіі Беларусі было дазволена бязмытна ўвезьці на сваю тэрыторыю 20 тысяч «чыстых» электрамабіляў.

Урад Беларусі тады разьмеркаваў гэтую квоту наступным чынам: 13800 электрамабіляў маюць права ўвезьці юрыдычныя асобы і 6200 — фізычныя асобы.

Аднак беларуская мытня, якая займаецца афармленьнем электрамабіляў з нулявым мытам, паведаміла, што з пачатку году да 7 траўня квоты для фізычных асобаў ужо амаль напалову выбраныя. Калі юрыдычныя асобы яшчэ могуць увезьці 8091 аўтамабіляў, то фізычныя — толькі 3673 аўтамабілі.

Чаму ў Беларусі стрымліваецца разьвіцьцё электрычнага транспарту

Беларусі выгадна разьвіваць электрычны транспарт, які спрыяе абароне прыроднага асяродзьдзя, незалежнасьці ад імпартнага паліва, эканоміі рэсурсаў. Але Расея не зацікаўленая ў разьвіцьці электратранспарту ў краінах ЭАЭС, дзе яна мае значны ўплыў, бо гэта падрывае яе вытворчасьць аўтамабіляў на бэнзіне.

«Калі паглядзець на сухія лічбы, кантраст паміж Беларусьсю і Расеяй у сфэры электратранспарту здаецца дзіўным. На беларускія 9 млн насельніцтва прыпадае 54 тыс. электрамабіляў. А ў вялізнай Расеі зь яе 140-мільённым насельніцтвам іх усяго каля 90 тыс. Прычына такога разрыву — у розным дзяржаўным падыходзе і ў структуры эканомікі. Для Беларусі пераход на электрамабілі ня проста даніна экалягічнай модзе, а пытаньне нацыянальнай эканамічнай бясьпекі. Увод у эксплюатацыю ўласнай атамнай электрастанцыі стварыў прафіцыт энэргіі, якую трэба пісьменна выкарыстоўваць», — заявіў у інтэрвію дзяржаўнай газэце «Мінская праўда» старшыня Беларускай асацыяцыі электратранспарту Сяргей Худаешка.

У Расеі сытуацыя іншая, чым у Беларусі: гэта нафтавая краіна, бюджэт якой шмат у чым залежыць ад продажу вуглевадародаў.

Беларусь жа, якая мае залішнюю вытворчасьць электраэнэргіі на сваёй АЭС, ня можа разьвіваць электратранспарт празь ціск асноўнага саюзьніка.

Таму Эўразійскі міжурадавы савет, куды ўваходзяць кіраўнікі ўрадаў краін ЭАЭС, уводзіць квоты на бязмытны імпарт электрамабіляў.

У Эўразійскі міжурадавы савет уваходзяць кіраўнікі ўрадаў Армэніі, Беларусі, Казахстану, Кыргызстану, Расеі.

Беларусь у пашырэньні электрамабіляў адстае ад эўрапейскіх краін, бо ў яе мала зарадных станцыяў. Як паведаміла прэс-служба Беларускай АЭС, летась у Беларусі было зарэгістравана 44 тысячы электрамабіляў і 1870 зарадных станцыяў. Станцыяў бракуе асабліва ў рэгіёнах і на трасах, таму інфраструктурныя абмежаваньні тармозяць разьвіцьцё электратранспарту. На адну зарадную станцыю прыпадае 23,5 аўтамабіля.

У Польшчы супастаўная колькасьць электрамабіляў — як паведамляе польскае выданьне Motofakty.pl, іх 102,4 тысячы. Але станцыяў зарадкі ў Польшчы значна больш — 11 173. Польшча дасягнула ўзроўню Бэльгіі — 9 электрамабіляў на станцыю — і стала лідэрам у Эўропе. У Францыі і Гішпаніі на адну станцыю прыпадае 12 электрамабіляў.

Раней прадстаўнікі Акадэміі навук Беларусі ня раз абвяшчалі намер стварыць айчынны электрамабіль. Але прэзэнтаваныя пасьля ўзоры мелі абмежаваную лякалізацыю. Навукоўцы заяўлялі пра складанасьць арганізацыі поўнага цыклю вытворчасьці электрамабіляў у Беларусі, у тым ліку праз спэцыфіку вырабу батарэяў, брак лініі вытворчасьці кузаваў і інш.