Хроніка перасьледу 4 траўня: палітвязьня Ўладзімера Кнігу будуць судзіць трэці раз; вызвалілі Мікіту Емяльянава

Уладзімер Кніга

У Беларусі працягваюць перасьледаваць грамадзян за палітычныя погляды. Шэраг палітзьняволеных адпусьцілі ў абмен на скасаваньне пэўных санкцыяў, але многія іншыя палітвязьні атрымліваюць дадатковыя тэрміны і крымінальныя справы.

У судзе Мазырскага раёну 20 траўня палітвязьня Ўладзімера Кнігу трэці раз будуць судзіць за «злоснае непадпарадкаваньне законным патрабаваньням адміністрацыі калёніі» (ч. 1 арт. 411 Крымінальнага кодэксу), піша фонд «Краіна для жыцьця». Раней Кнігу ўжо двойчы дадавалі па адным годзе зьняволеньня.

Былога сілавіка і валянтэра каманды Сяргея Ціханоўскага Ўладзімера Кнігу затрымалі 4 чэрвеня 2020 году. На судзе ён, як і ўсе, не прызнаў віны і заявіў, што падзеі 29 траўня 2020 году на Савецкай плошчы ў Горадні пры зборы подпісаў за Сьвятлану Ціханоўскую — правакацыя сілавых ведамстваў Беларусі.

Уладзімера асудзілі на 4 гады калёніі паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу («арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх») і арт. 364 КК («гвалт альбо пагроза ўжываньня гвалту ў дачыненьні супрацоўніка органаў унутраных справаў»).

Адбываць тэрмін Кнігу адправілі ў папраўчую калёнію №  14 у Навасадах. Але неўзабаве палітвязьню ўзмацнілі рэжым і зьмясьцілі ў турму №  8. Вядома, што там яго больш за чатыры месяцы ўтрымлівалі ў ШЫЗА. У ліпені 2023 году палітвязьня асудзілі паводле арт. 411 КК («злоснае непадпарадкаваньне законным патрабаваньням адміністрацыі турмы») яшчэ на год калёніі.

Зь верасьня 2023 году Ўладзімера ўтрымліваюць у рэжыме інкамунікада. Вядома, што ў калёніі яго зьмяшчалі ў ПКТ («памяшканьне камэрнага тыпу») і рэгулярна выпісвалі яму новыя парушэньні. Акрамя гэтага, пазбавілі перадачаў, спатканьняў і званкоў.

У студзені 2025 году суд Барысаўскага раёну разгледзеў ужо другую справу супраць палітвязьня паводле арт. 411 КК. Дадаткова яму прызначылі год зьняволеньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

45 палітвязьняў трымаюць у няволі за «непадпарадкаваньне турэмнай адміністрацыі»

На волю выйшаў Мікіта Емяльянаў

У зьняволеньні анархіст правёў 2386 дзён, зь іх больш за 648 содняў яго трымалі ў штрафным ізалятары.

Пра вызваленьне Мікіты паведамляе ініцыятыва dissidentBY.

Гісторыя палітычнага перасьледу Мікіты Емяльянава пачалася 20 кастрычніка 2019 году. Пазьней яго асудзілі на 7 гадоў калёніі паводле трох крымінальных артыкулаў, але апэляцыйны суд скараціў тэрмін да 4 гадоў. Тады Емяльянаву было 19 гадоў.

За кратамі хлопца месяцамі трымалі ў штрафных ізалятарах, ён абвяшчаў галадоўкі, яго двойчы пераводзілі на турэмны рэжым і двойчы судзілі за «злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі калёніі». На волю ён меў выйсьці ў 2025 годзе, але яго зноўку асудзілі.

У палітвязьня істотна пагоршылася здароўе. У турме Мікіта пачаў траціць зрок. Два апошнія гады яму забаранялі атрымліваць мэдычныя бандэролі: ні вітамінаў, ні патрэбных для падтрыманьня арганізму прэпаратаў ён ня меў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Хроніка перасьледу 30 красавіка: былога лідэра «Маладога фронту» Яўгена Скочку зьняволілі на 3 гады

«Экстрэмісцкай арганізацыяй» у Беларусі прызналі «Фонд Швэдзкага міжнароднага лібэральнага цэнтру»

Так 23 красавіка пастанавіў Вярхоўны суд.

Паводле пастановы, да фонду маюць дачыненьне Пэр Олсан, Цэзар Чырына, Вольга Неманежына, Сандра Форс, Адына Мартын, Інг-Мары Віклунд, Андэрс Бэргедэн, Індрэ Булавайце-Андрэева.

Швэдзкі міжнародны лібэральны цэнтар — палітычная фундацыя, створаная пры канцы 1980-х гадоў. Яна падтрымлівае актывістаў у аўтарытарных краінах, дапамагаючы ў барацьбе за дэмакратыю, правы чалавека і грамадзянскую супольнасьць. Штаб-кватэра арганізацыі месьціцца ў Стакгольме, піша «Вясна».

16 красавіка, яшчэ да рашэньня Вярхоўнага суду, у стакгольмскім офісе SILC прайшла сустрэча зь беларускім праваабаронцам, нобэлеўскім ляўрэатам і былым палітвязьнем Алесем Бяляцкім.

Старонку салідарнасьці з праваабаронцамі ўнесьлі ў «экстрэмісцкі» сьпіс

Баранавіцкі суд 30 красавіка пастанавіў лічыць экстрэмісцкай старонку FreeViasna ў Threads. На ёй па-ангельску выходзяць допісы ў падтрымку праваабаронцаў, якія знаходзяцца за кратамі цяпер. І публікуюцца навіны пра былых палітвязьняў — супрацоўнікаў «Вясны».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Знутры Беларусі людзі хочуць бачыць згоду сярод нас». Поўны тэкст інтэрвію з Паўлам Севярынцам