Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатар опэры і балету Беларусі 16 траўня далучыцца да міжнароднай акцыі «Ноч музэяў». Пра гэта паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе тэатра.
Гледачоў запрашаюць у фае бэльэтажа на камэрны канцэрт «Цені адлюстраваньняў». Паведамляецца, што «праграма вечара ўключае творы Эрыка Саці, Клода Дэбюсі, Дэвіда Ланца, а таксама джазавыя стандарты Джорджа Гершвіна і Эрала Гарнэра празь кінэматаграфічны сьвет Генры Манчыні і Патрыка Дойла».
У канцэрце прымуць удзел мецца-сапрана Кацярына Міхнавец, піяністка Ірына Бутэль ды іншыя музыкі. Пачатак імпрэзы — у 23:00.