Улады Беларусі пацьвердзілі, што перасталі выпускаць за мяжу расейцаў-прызыўнікоў

Беларуская памежніца ў Нацыянальным аэрапорце Менск, архіўнае фота

У красавіку стала вядома пра першы выпадак, калі прызыўнік з Расеі атрымаў позву ў войска і ня змог выехаць празь Беларусь. У Менску пацьвердзілі, што гэта не вынятак.

Калі расейскаму грамадзяніну, які атрымае позву ў войска, забароняць перасякаць мяжу, то ён ня зможа выехаць у тым ліку праз тэрыторыю Беларусі. Гэта «Белсату» пацьвердзілі ў Дзяржаўным памежным камітэце.

«Калі яму ня выставіць Расейская Фэдэрацыя забарону выезду і ўсё ў парадку з дакумэнтамі, то выпусьцяць», — сказалі карэспандэнтцы «Белсату» як прыватнай асобе ў Дзяржаўным памежным камітэце ў адказ на пытаньне, ці зможа выехаць зь Беларусі ў трэцюю краіну грамадзянін Расеі, які атрымае позву ў войска.

Нядаўна стала вядома, што ўпершыню беларускія памежнікі ня выпусьцілі з краіны расейца, які намагаўся вылецець зь Менску спачатку ў Тбілісі, а потым у Ерэван. Раней ён атрымаў позву прыйсьці 29 красавіка на мэдычны агляд. Адначасова ў адмысловым электронным рэестры зьявілася забарона на выезд гэтага прызыўніка з Расеі.

Паводле праваабаронцаў, памежнікі дзьвюх краін пачалі абменьвацца зьвесткамі з электроннага рэестру вайсковага ўліку і рэестру позваў.

У Памежным камітэце Беларусі пацьвердзілі, што існуе агульная база, і параілі зьвяртацца «ў кампэтэнтныя органы Расеі»:

«Калі адкажуць, што выезд не абмежаваны, калі ласка, можна выяжджаць з тэрыторыі Беларусі. Калі выезд забаронены, то ўсе пытаньні да Расейскай Фэдэрацыі. Калі асоба будзе ў базе, яе ня выпусьцяць. Калі ня будзе ў базе абмежаваных да выезду, мы выпусьцім».

Раней расейскія прызыўнікі маглі безь перашкодаў пакінуць тэрыторыю Беларусі.

Што папярэднічала

У верасьні 2024 году ў тэставым рэжыме пачаў працаваць адзіны рэестар вайсковаабавязаных грамадзян Расеі — позвы рассылаюць у электронным выглядзе. Позву лічаць атрыманай, нават калі адрасат яе ня бачыў.

У рэестры пазначаныя ўсе зьвесткі аб вайсковым уліку і аб грамадзянах, якія павінны на яго стаць, у тым ліку пашпартныя зьвесткі, інфармацыя аб адукацыі, стане здароўя і гэтак далей. Доступ да рэестру маюць Міністэрства абароны, ФСБ і іншыя сілавыя структуры.

У сакавіку 2026 году праз гэты рэестар пачалі ўводзіць абмежаваньні для прызыўнікоў, у тым ліку забарону на выезд.

Расея з 2022 году вядзе агрэсіўную вайну супраць Украіны, ужо загінулі сотні тысяч чалавек з абодвух бакоў. Войскі Беларусі не бяруць удзелу ў баявых дзеяньнях, але ўлады ў Менску ўсяляк дапамагаюць расейскаму боку.

  • Улады Беларусі падтрымалі агрэсію Расеі, якая пачалася 24 лютага 2022 году, дазволіўшы скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны.
  • Паводле крытэраў Жэнэўскай канвэнцыі, Беларусь ня ёсьць удзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо беларускіх Узброеных сілаў на тэрыторыі Ўкраіны няма. Аднак пры наяўнасьці іншых доказаў (дапамога вайсковай прамысловасьці, лячэньне параненых расейскіх вайскоўцаў) міжнародны суд можа прызнаць Беларусь суагрэсаркай.
  • У той жа час грамадзяне Беларусі ваююць на баку як Расеі, гэтак і Ўкраіны. Дакладная іх колькасьць невядомая.
  • За гэты час ва Ўкраіне, паводле розных ацэнак, загінулі больш за 80 грамадзян Беларусі і этнічных беларусаў з украінскім грамадзянствам, якія змагаліся супраць Расеі (імёнаў шэрагу загінулых не называюць дзеля бясьпекі іхных сваякоў у Беларусі. — РС), а таксама больш за сотню тых, хто ваяваў на баку Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Праваабаронцы ўпершыню зафіксавалі на мяжы зь Беларусьсю забарону выезду для расейскага прызыўніка