Ужо сёньня: 95 гадоў з дня сьмерці заснавальніка навуковага беларусазнаўства Яўхіма Карскага

Яўхім Карскі

Падзеі 29 красавіка ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

29 красавіка 1931 памёр Яўхім Карскі, філёляг-славіст, мовазнаўца, фальклярыст, этнограф, заснавальнік навуковага беларусазнаўства.

Яўхім Карскі. Беларусы (у 3 тамах), вокладка кнігі

Гэта першы беларускі акадэмік. У кастрычніку 1893 году Яўхім Карскі пасьпяхова абараніў сваю магістарскую дысэртацыю «Да гісторыі гукаў і формаў беларускай гаворкі» ў Кіеўскім унівэрсытэце. Гэта была першая ў гісторыі дысэртацыя, прысьвечаная беларускай мове.

Акрамя таго, Карскі — першы беларус, які стаў рэктарам унівэрсытэту. Такую пасаду выбітны філёляг заняў у Варшаўскім унівэрсытэце.

Адна з найвядомейшых работаў навукоўца — «Этнаграфічная мапа беларускага племені». Дзеля яе складаньня Карскі адпраўляўся ў экспэдыцыі.

Дзень у гісторыі

1770 — Джэймз Кук упершыню высадзіўся ў Аўстраліі.

1831 — Бітва пад Кейданамі. Камандзір паўстанцаў Маўрыцы Прозар на працягу дня абараняў заняты паўстанцамі горад Кейданы ад расейскіх войскаў і зрабіў ім немалыя страты (300 забітых, 100 параненых), але празь недахоп амуніцыі змушаны быў пакінуць горад.

1863 — Бітва атраду Сьвентарэцкага. У Ігуменскім павеце адбылася бойка паўстанцкага атраду пад кіраўніцтвам Баляслава Сьвентарэцкага з рэгулярнымі часткамі расейскай арміі. У выніку расейцы адбілі ў паўстанцаў абоз — каля сарака вазоў, а інсургенты пасьпелі схавацца ў лясах.

1918 — Цэнтральная Рада Ўкраіны прыняла Канстытуцыю Ўкраінскай Народнай Рэспублікі, якая так і не набыла моц. Нямецкія войскі акупавалі Ўкраіну, на патрабаваньне нямецкай акупацыйнай улады Цэнтральная Рада была распушчаная, ліквідаваная Ўкраінская Народная Рэспубліка і ўтвораны гетманат Паўла Скарападзкага.

1945 — войскі саюзьнікаў вызвалілі вязьняў канцлягера Дахаў.

Брама канцлягеру ў Дахау, надпіс на браме — Arbeit macht frei (Праца робіць свабодным)

1975 — у часе віетнамскай вайны пачалася эвакуацыя амэрыканскага пэрсаналу з Сайгону.

1987 — пачатак „Дзьвінскага ралі’87“. Арганізаваны менскай „Талакой“ водны паход моладзі на знак пратэсту супраць будаўніцтва Дзьвінскай гідраэлектрастанцыі, у выніку чаго меліся быць затопленыя вялікія абшары Віцебшчыны.

1996 — Канстытуцыйны суд прызнае неадпаведным Канстытуцыі ўказ Лукашэнкі, паводле якога органы ўлады мусілі выконваць ягоныя прызнаныя неканстытуцыйнымі ўказы.

1997 — створана Арганізацыя па забароне хімічнай зброі.

У гэты дзень нарадзіліся

1884 — Самуіл Агурскі, беларускі і габрэйскі гісторык. Ахвяра сталінізму (памёр у ссылцы).

1887 — у Рэчыцкім павеце нарадзіўся Отан Гедэман, гісторык і краязнаўца.

1899 — Д'юк Элінгтан, амэрыканскі кампазытар.

Д'юк Элінгтан

1921 — Мікола Ермаловіч, гісторык, аўтар папулярных кніг па гісторыі Беларусі «Старажытная Беларусь», «Па сьлядах аднаго міту», «Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае».

Гісторык Мікола Ермаловіч

1940 — Уладзімер Ганчарык, адзіны кандыдат ад апазыцыі на прэзыдэнцкіх выбарах у 2001 годзе.

1961 — у Ваўкавыску нарадзіўся Сяргей Вераціла, паэт, эсэіст, перакладнік.

У памяці

1919 — бальшавікі расстралялі сьвятара Стара-Шаркоўшчынскай царквы Канстанціна Жданава. Ён далучаны да ліку праваслаўных сьвятых.

1924 — Міхаіл Пліс, беларускі праваслаўны сьвятар і грамадзкі дзяяч. Праваднік беларусізацыі царкоўнага жыцьця.

1980 — Альфрэд Гічкок, амэрыканскі кінарэжысэр.

Альфрэд Гічкок

1990 — Юры Попка, выдавец і пісьменьнік (Юры Жывіца).

1995 — Андрэй Пяткевіч, паэт, удзельнік нацыянальна-дэмакратычнага руху 1980–1990-х, перасьледаваны КДБ.

2002 — Ігар Гермянчук, рэдактар газэты „Свабода“ і часопіса „Кур’ер“, дэпутат Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня.

Кнігу Сяргея Астраўцова пра Ігара Гермянчука «Спадар Свабода» спампаваць можна тут.

Ігар Гермянчук, Прага, канец 1990-х

2020 — ад каранавірусу памёр Генадзь Буцько, праваслаўны сьвятар менскага Петрапаўлаўскага сабору, які служыў там па-беларуску больш за 20 гадоў і меў 56 гадоў.