Расьследаваньне: Лукашэнка яшчэ да акупацыі Данеччыны прасіў Расею перадаць яму ўкраінскае радовішча белай гліны

Так цяпер выглядае цэнтар Дружкаўкі пасьля сталых расейскіх абстрэлаў. Ілюстрацыйнае фота

З пачатку поўнамаштабнай агрэсіі Расеі супраць Украіны Беларусь распрацавала сыравінную схему для сваёй керамічнай галіны, а цяпер хоча атрымаць у арэнду ад Расеі ўкраінскае радовішча кааліну — белай гліны.

Як адзначаецца ў публікацыі дзяржаўнага агенцтва «Укрінформ», да 2022 году беларускія керамічныя прадпрыемствы атрымлівалі белую гліну менавіта з Дружкаўкі Данецкай вобласьці. Найбольш ад вайны пацярпелі флягманы — менскі «Керамін» і ВАТ «Бярозабудматэрыялы» зь Берасьцейскай воласьці.

У публікацыі адзначаецца, што пасьля пачатку вайны Беларусь працягвала атрымліваць сыравіну з Данецкай вобласьці, калі там ужо адбываліся баявыя дзеяньні.

«Паводле нашых ацэнак, толькі задакумэнтаваны аб’ём паставак перавышае 600 мільёнаў расейскіх рублёў (прыблізна 7,5 мільёнаў даляраў у эквіваленце. — РС). І гэта толькі частка, якую ўдалося вэрыфікаваць. Рэальныя аб’ёмы — значна вышэйшыя, улічваючы сыстэмнасьць і рэгулярнасьць схемы», — сказаў прадстаўнік арганізацыі BelPol Уладзімер Жыгар.

Выданьне апублікавала дакумэнты, якія ім перадала арганізацыя BelPol. Зь іх вынікае, што Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Беларусі 1 ліпеня 2024 году ў сваім лісьце на імя Аляксандра Лукашэнкі паведаміла аб пачатку ў 2023 годзе перамоў з Расеяй аб перадачы «Кераміну» ў арэнду радовішчаў гліны ў раёне Дружкаўкі. Яны належаць украінскаму прадпрыемству «Веско» і на момант перамоў знаходзіліся і цяпер застаюцца пад кантролем Украіны.

У перамоўным працэсе ўдзельнічалі Міністэрства прамысловасьці і гандлю Расеі, органы так званай ДНР і расейскі «Фонд разьвіцьця тэрыторый». Аднак у 2023 годзе Расея адказала Менску, што разгляд гэтага пытаньня «заўчасны», бо маёмасны комплекс яшчэ не знаходзіцца пад расейскім кантролем.

У красавіку 2024 году, на выкананьне даручэньняў Лукашэнкі, «Керамін» падрыхтаваў новы пакет дакумэнтаў наконт перадачы ў арэнду і зноў атрымаў аналягічны адказ з Расеі. Цягам таго году Менск не спыняў спробаў атрымаць кантроль над украінскімі радовішчамі, а калі ў расейскім «Фондзе разьвіцьця тэрыторый» паведамілі, што гэта будзе адбывацца ў межах адкрытага конкурсу, вырашылі зьвярнуцца наўпрост да расейскага ўраду.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

BelPol апублікаваў сьпіс 120 беларускіх прадпрыемстваў, якія спрыяюць Расеі ў вайне супраць Украіны


  • Улады Беларусі падтрымалі агрэсію Расеі 24 лютага 2022 году, дазволіўшы скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны.
  • Паводле крытэраў Жэнэўскай канвэнцыі, Беларусь ня ёсьць удзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо беларускіх Узброеных сілаў на тэрыторыі Ўкраіны няма. Аднак пры наяўнасьці іншых доказаў (дапамога вайсковай прамысловасьці, лячэньне параненых расейскіх вайскоўцаў) міжнародны суд можа прызнаць Беларусь суагрэсаркай.
  • У той жа час грамадзяне Беларусі ваююць на баку як Расеі, гэтак і Ўкраіны. Дакладная іх колькасьць невядомая.
  • За гэты час ва Ўкраіне, паводле розных ацэнак, загінулі больш за 80 грамадзян Беларусі і этнічных беларусаў з украінскім грамадзянствам, якія змагаліся супраць Расеі (імёнаў шэрагу загінулых не называюць дзеля бясьпекі іхных сваякоў у Беларусі. — РС), а таксама больш за сотню тых, хто ваяваў на баку Расеі.