Расьсьледнікам удалося высьветліць, што Масква непасрэдна плаціла ўкраінскім дэпутатам з «Партыі рэгіёнаў» за прасоўваньне закону ў падтрымку расейскай мовы як другой дзяржаўнай. Падзеі адносяцца да 2012 году. Першы пратэст супраць такіх намераў прарасейскай партыі пад кіраўніцтвам Віктара Януковіча адбыўся яшчэ за два дні да першынства Эўропы ў футболе, які Ўкраіна прыняла з Польшчай.
Журналістам удалося знайсьці дакумэнтальныя доказы расейскага ўплыву на прасоўваньне ва Ўкраіне ў 2012 годзе моўнага закону, які атрымаў нгазву паводле прозьвішчаў ягоных ініцыятараў — «Ківалава-Калесьнічэнкі».
Прыняцьце закону тады выклікала бойкі ў Вярхоўнай Радзе і шырокія вулічныя пратэсты. Заканадаўчая ініцыятыва фактычна дазволіла выкарыстоўваць найбольш распаўсюджаныя мовы ў рэгіёнах, а ў першую чаргу расейскую, нароўні з украінскай або замест яе. Расейская мова атрымала рэгіянальны статус у 13 з 27 тэрытарыяльных адзінак Украіны, паведамлялі СМІ, некаторыя зь якіх, дарэчы, потым амаль цалкам перайшлі на расейскую мову.
Журналісты ўстанавілі, што Расея аплаціла прасоўваньне гэтага закону і дала інструкцыі, як дзейнічаць, каб «аказаць палітычны ціск на ўкраінскія ўлады». «Схеми» высьветлілі гэта з дапамогай набору зьвестак зь дзясяткаў тысяч электронных лістоў і дакумэнтаў, якія дацкая грамадзкая вяшчальная кампанія атрымала з крыніцы і падзялілася з Праектам у рэпартажах аб арганізаванай злачыннасьці і карупцыі (OCCRP) і іншымі навінавымі агенцтвамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Прыклад Беларусі паказвае, што Ўкраіне трэба захаваць статус дзяржаўнае толькі для ўкраінскае мовы»Усе выкрытыя дакумэнты належаць «Праўфонду» — расейскай дзяржаўнай арганізацыі, якая пад выглядам наданьня юрыдычнай дапамогі «суайчыньнікам за мяжой» распаўсюджвае крамлёўскія наратывы па ўсім сьвеце.
Адзін з удзельнікаў заяўкі на фінансаваньне з Масквы Руслан Бортнік цяпер адкрыў уласную школу і працуе палітычным кансультантам. Калі ў 2012 ён адкрыта выступаў за расейскую мову, дык цяпер у размове з расьсьледнікамі запярэчыў свае заявы 14-гадовай даўніны і адкінуў абвінавачаньні ў тым, што атрымліваў якое-небудзь фінансаваньне з Масквы за распрацоўваньне падобнага закону. Таксама ва Ўкраіне дасюль жыве Яна Салміна, якая кансультавала «рэгіяналаў» пры тым законе і фігуравала ў расейскіх дакумэнтах.
Сярод іншага, «рэгіяналы» распаўсюджвалі ва ўкраінскіх установах расейскія брашуры, якія прасоўвалі расейскую мову. Адным з тых, хто займаўся падобнай дзейнасьцю, быў навуковец Сьцяпан Чарнічка, які прадстаўляе вугорскую меншасьць на Закарпацьці, а цяпер стаў рэктарам Закарпацкага вугорскага інстытуту.
Частка фігурантаў той справы ўцякла з Украіны і жыве ў Расеі.
Адзін з ініцыятараў закону Сяргей Ківалаў застаецца ва Ўкраіне і нават займаецца падрыхтоўкай новых судзьдзяў, кіруючы Адэскай юрыдычнай акадэміяй. Вадзім Калесьнічэнка ў вышуку і пад санкцыі ва Ўкраіне. Ён жыве ў акупаваным Крыме, адкуль вядзе тэлепраграму з крытыкай украінскіх уладаў. На пытаньні журналістаў былыя дэпутаты-рэгіяналы не адказалі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Як ва Ўкраіне 25 гадоў адраджалі сваю мову, пакуль у Беларусі дзейнічала дзяржаўнае дзьвюхмоўе. 10 фактаў«Закон Ківалава-Калесьнічэнкі» ва Ўкраіне прызналі неканстытуцыйным яшчэ ў 2018 годзе, але судзьдзі ўсё яшчэ выкарыстоўваюць яго. Падобныя прыклады знайшлі нават у судовых рашэньняў 2026 году, хаця закон неканстытуцыйны ўжо больш за 8 гадоў.
Тэма «суайчыньнікаў за мяжой» часта паўстае і ў размовах пра расейскі ўплыў на Беларусь праз так званыя «дамы Расеі», «зямляцтвы» і іншыя крамлёўскія структуры.
Кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін падпісвае законы і распараджэньні дзеля прасоўваньня расейскай мовы ў Беларусі. На акупаваных тэрыторыях Украіны расейскія акупацыйныя ўлады ў першую чаргу зьмяняюць мясцовую моўную палітыку, прымаючы захады супраць украінскай мовы, спальваючы ўкраінскія кнігі і пераводзячы ўсё навучаньне і справаводзтва імгненна на расейскую.