«Гэта найвялікшая справа ў маім жыцьці». Як дыяспара дапамагала беларусам перажываць наступствы Чарнобылю

Старшыня Беларускага камітэту дапамогі ахвярам радыяцыі айцец Аляксандар Надсан з гуманітарнай дапамогай каля Хойніцкай раённай лякарні. Пачатак 1990-х.

40 год таму беларусы замежжа адгукнуліся на чарнобыльскую бяду: стваралі фонды салідарнасьці, прывозілі гуманітарную дапамогу, мэдыкамэнты, абсталяваньне ў чарнобыльскія рэгіёны, прымалі на аздараўленьне тысячы беларускіх дзяцей. Свабода пагаварыла з тымі, хто ў гэтым удзельнічаў.

Суродзічам, якіх закранулі наступствы Чарнобыльскай катастрофы, актыўна дапамагалі беларускія эмігранты. Бадай, кожная беларуская арганізацыя на Захадзе на пачатку 1990-х займалася «чарнобыльскімі» ініцыятывамі: яны зьбіралі грошы, набывалі мэдыкамэнты, везьлі гуманітарную дапамогу ў Беларусь, прывозілі на аздараўленьне й лекаваньне дзяцей з пацярпелых раёнаў.

Гэта сапраўды быў вялікі рух і вялікае памкненьне дыяспары дапамагчы беларусам на Бацькаўшчыне, узгадвае Натальля Гардзіенка, дасьледніца гісторыі эміграцыі, галоўная рэдактарка альманаху «Запісы БІНіМ» (Беларускага інстытуту навукі і мастацтва).

Адной зь першых задач беларускіх эмігрантаў была інфармаваць заходнія грамадзтвы пра Беларусь як пацярпелую ад Чарнобылю краіну.

Натальля Гардзіенка

«Беларусістка з Канады Зіна Гімпелевіч расказвала, як на навуковых канфэрэнцыях Канадзкай асацыяцыі славістаў у канцы 1980-х ёй даводзілася спрачацца з калегамі-ўкраінцамі, каб давесьці, што Беларусь пацярпела ад Чарнобылю ня менш за Ўкраіну. І беларусам удалося зацікавіць амэрыканцаў, канадцаў, брытыйцаў у дапамозе ахвярам чарнобыльскай катастрофы. Мясцовыя сем’і пагаджаліся браць да сябе беларускіх дзяцей, зьбіралі гуманітарную дапамогу. Ствараліся адмысловыя мясцовыя арганізацыі, фонды. Часам да гэтай дзейнасьці далучаліся ўжо існыя структуры», — кажа Натальля Гардзіенка.

Яна прывяла прыклад, як дапамогай пацярпелым ад Чарнобылю дзецям занялася сярэдняя школа у мястэчку Рамапаў, штат Нью-Джэрзі, ЗША. Тут зьбіралі гуманітарную дапамогу, выпусьцілі адмысловы значок у падтрымку сваёй акцыі.

Значак Чарнобыльскага фонду школы ў мястэчку Рамапо (Нью- Джэрзі). Пачатак 1990-х гг. Захоўваецца ў калекцыі БІНіМу (Нью-Ёрк)

Аляксандар Надсан і канвоі з дапамогай

Адным зь піянэраў чарнобыльскай дапамогі быў айцец Аляксандар Надсан, уніяцкі сьвятар, Апостальскі візытатар для беларусаў-каталікоў у замежжы. У 1989 годзе пры Беларускай каталіцкай місіі ў Лёндане стварылі Беларускі камітэт дапамогі ахвярам радыяцыі. У яго склад увайшлі скарбнік Беларускага дапамаговага фонду ў Ангельшчыне Павал Асіповіч, старшыня Згуртаваньня беларусаў Вялікай Брытаніі Ян Міхалюк, старшыня Ангельска-Беларускага таварыства Джэймс Дынглі, журналістка, паэтка Вэра Рыч і айцец Аляксандар Надсан. Яго абралі старшынём. Камітэт меў прадстаўнікоў у ЗША, Канадзе, Аўстраліі, Францыі.

12 лістапада 1989 году на ангельскай і францускай мовах выйшаў зварот айца Аляксандра Надсана «Наш боль — наш абавязак», скіраваны да іншаземнай аўдыторыі. Камітэт пачаў зьбіраць сродкі для набыцьця і дастаўкі ў Беларусь лекаў, вітамінаў.

«У сьвеце і без таго шмат катастрофаў, – пісаў беларускі сьвятар зь Лёндану. — Але звычайна іх наступствы абмежаваныя ў часе. Можна ацаніць шкоду і дапамагчы пацярпелым. З Чарнобылем жа мы нібыта ў цемры: ня ведаем сапраўдных маштабаў трагедыі, часу, калі выявяцца ўсе наступствы, і колькасьці ахвяраў.

Чарнобыль — гэта нацыянальная трагедыя беларускага народу. Яна будзе пагаршацца, калі не прыняць тэрміновых мераў... На жаль, без дапамогі звонку беларусы ня здолеюць справіцца з гэтым. Паводле паведамленьняў, не стае нават самых неабходных лекаў і абсталяваньня. Нават мыла і пральны парашок у дэфіцыце, хоць частае мыцьцё дапамагае часткова зьменшыць шкоднае ўзьдзеяньне радыяцыі. Таму беларусы зьвяртаюцца да сяброў і да людзей добрай волі ва ўсім сьвеце з просьбай пра дапамогу».

Камітэт пачаў зьбіраць сродкі для набыцьця і дастаўкі ў Беларусь лекаў, вітамінаў. За 1990 год ініцыятыва беларускіх эмігрантаў сабрала больш за 32 тысячы фунтаў ахвяраваньняў. Гэтыя сродкі пайшлі на лекі супраць лейкозных захворваньняў, аднаразовыя шпрыцы, сыстэмы для пераліваньня крыві, катэтары, звышгукавы сканэр і інш.

Фота з адной зь першых паездак а. Аляксандра Надсана ў Беларусь з гуманітарнай дапамогай

Першы раз з гуманітарнай дапамогай айцец Аляксандар Надсан прыехаў у Беларусь у сакавіку 1990 году.

«Я прыехаў у Беларусь упершыню пасьля паўвекавой адсутнасьці — яшчэ за Савецкім Саюзам, — апавядаў сам айцец Аляксандар у інтэрвію Кастусю Лашкевічу. — Дабіраўся цягніком. Вёз з сабой два вялікія пакункі лекаў (вітаміны, аднаразовыя шпрыцы) — тое, што было патрэбна хворым чарнобыльскім дзеткам. Правадніца, пабачыўшы мой сьвятарскі строй, сказала: „Памаліцеся за нас, сьвяты айцец“. Даў ім дваццатку, дык яны так схавалі лекі, што ніхто іх да самага Менску ня бачыў».

Паводле Натальлі Гардзіенкі, айцец Аляксандар прывёз тады 3 тысячы аднаразовых шпрыцаў, 100 прыладаў для пераліваньня крыві, мультывітаміны — усё было перададзена ў 1-ы клінічны шпіталь і ў НДІ анкалёгіі і мэдычнай радыялёгіі. Надсан пазнаёміўся з дырэктаркай Дзіцячага гематалягічнага цэнтру Вольгай Алейнікавай.

«Ён езьдзіў праз усю Эўропу на адмысловым ахвяраваным на тыя патрэбы фургоне, каб прывезьці патрэбныя лекі і абсталяваньне ў пацярпелыя раёны Беларусі. Яму дапамагалі ў паездках былыя вучні ўнікальнай беларускай навучальнай установы — школы-інтэрнату сьвятога Кірылы Тураўскага, што дзейнічала ў Лёндане пад кіраўніцтвам айца Аляксандра яшчэ ў 1960-1970-х гадах», — тлумачыць Натальля Гардзіенка.

Фота з адной зь першых паездак а. Аляксандра Надсана ў Беларусь з гуманітарнай дапамогай. Захоўваецца ў Беларускай бібліятэцы і музэі імя Ф. Скарыны ў Лёндане

Пасьля, з словаў дасьледніцы, быў яшчэ дзясятак канвояў з гуманітарнай дапамогай, якую прывозіў асабіста айцец Аляксандар Надсан з паплечнікамі — на дзясяткі тысяч фунтаў. Усе транспартныя выдаткі пакрывалі самі людзі, якія суправаджалі грузы. Справаздачнасьць вялі празрыста, літаральна за кожны фунт. Фінансавыя дакумэнты рассылалі для брытанскай грамадзкасьці.

Cправаздачы Беларускага камітэту дапамогі ахвярам радыяцыі за 1990 і 1993 гады. З калекцыі Беларускай бібліятэкі і музэю імя Францішка Скарыны ў Лёндане


«Дапамога пацярпеламу ад аварыі народу»

Іншаземцы, прадстаўнікі беларускай дыяпары, якія дапамагалі ахвярам Чарнобыльскай катастрофы, сутыкаліся з рознымі складанасьцямі, кажа Натальля Гардзіенка.

«Эмігранты, якія прывозілі грузы і мэдыкамэнты ў Беларусь, на ўласныя вочы бачылі галечу мясцовых мэдычных установаў і пры гэтым часта заўважалі, якія добрыя сядзібы мелі іх кіраўнікі. Вера Пруская згадвала пра дырэктара берасьцейскага шпіталю, чыя заможнасьць пры жалю годным стане ўстановы выразна кінулася ў вочы. Удава аднаго з актыўных арганізатараў гуманітарнай дапамогі, сваяка Якуба Коласа Міколы Прускага, згадвала, што аднойчы адпраўленая ў Беларусь партыя мэдыкамэнтаў проста зьнікла недзе ў Рызе. Таму наступную яны з мужам паехалі сустракаць у Менск самі — і самі разьмяркоўвалі на месцы прывезенае», — апавядае Натальля.

Улады Беларусі адмыслова стваралі розныя складанасьці на шляху гуманітарнай дапамогі. На думку Натальлі Гардзіенкі, прычынай было імкненьне паставіць пад кантроль разнастайныя ініцыятывы, што ўзьнікалі ў замежжы, цэнтралізавана і самастойна разьмяркоўваць дапамогу, а таксама мець ад яе ўласны прыбытак. Таму й зьяўляліся розныя мытныя зборы, дадатковыя паперы, ускладненыя правілы, дзеля выкананьня якіх трэба было «дамаўляцца» з патрэбнымі асобамі, мяркуе дасьледчыца.

Фота з адной зь першых паездак айца Аляксандра Надсана ў Беларусь з гуманітарнай дапамогай. З калекцыі Беларускай бібліятэкі і музэю імя Францішка Скарыны ў Лёндане

«Беларускія эмігранты працягвалі рабіць тое, што было магчыма, і гэта не была дапамога дзяржаве, уладам Беларусі. Гэта была дапамога пацярпеламу ад аварыі беларускаму народу, канкрэтным людзям і ўстановам. Эмігранты бачылі рэальных пацярпелых і намагаліся мэтанакіравана ім дапамагаць, вучыліся мінімізаваць магчымыя злоўжываньні на месцах. Праўда, з часам праз тыя ўладныя перашкоды дапамога пачала згортвацца. Ніхто не хацеў „карміць“ чынавенства за кошт ахвяраваньняў звычайных людзей. Да таго ж улады Беларусі сталі дыктаваць умовы дзейнасьці замежным фондам. Але тое, што пасьпелі зрабіць беларускія эмігранты, было сапраўды значным унёскам у дапамогу пацярпелым ад аварыі і зьмякчэньня яе наступстваў», — перакананая дасьледніца Натальля Гардзіенка.

Ідэя доктара Барыса Рагулі

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла была сузаснавальніцай і цягам сямі гадоў старшынёй канадзкага Фонду дапамогі ахвярам Чарнобылю ў Беларусі. Яна вельмі шмат зрабіла для Беларусі, аднак галоўным сваім унёскам лічыць менавіта дапамогу чарнобыльскім ахвярам.

«Гэта адна з самых добрых рэчаў, якімі я ганаруся ў жыцьці, хоць мы шмат рабілі. Самае галоўнае — мы дапамаглі беларускім дзецям. І мы за некалькі гадоў нанесьлі Беларусь на мапу Канады. Бо раней цяжка было патлумачыць, што Беларусь — не Расея. А калі мы стварылі Фонд, уся Канада ведала пра Беларусь», — кажа ў інтэрвію Свабодзе спадарыня Івонка.

Фактычна да 1989 году не было дакладнай інфармацыі, што адбылося ў Чарнобылі, наколькі гэта небясьпечна для чалавецтва. Штуршком для стварэньня арганізацыі дапамогі ахвярам Чарнобылю стала вялікая — 2000 працаў — выстава беларускіх мастакоў, апавядае Івонка Сурвіла.

Івонка Сурвіла

«Аднак атрымаць статус дабрачыннай арганізацыі было складана, і мы пайшлі іншым шляхам. Мы спачатку думалі, што будзем дапамагаць, зьбіраючы лекі. Я хадзіла па арганізацыях, ніхто не рэагаваў, і за год мы сабралі толькі 5 тысяч даляраў на аднаразовыя шпрыцы для беларускіх шпіталёў.

Тады доктару Барысу Рагулю прыйшла ў галаву ідэя прывезьцці беларускіх дзяцей на аздараўленьне. Рагуля запрасіў сюды кіраўніка беларускага фонду „Дзецям Чарнобыля“ Генадзя Грушавога. Мы з мужам арганізавалі ў Атаве 12 сустрэчаў: і ў Чырвоным Крыжы, і ў Міністэрстве здароўя — дзе толькі змаглі. Журналістка мясцовай газэты зрабіла добрае інтэрвію з Грушавым. Яна запыталася: „А ў Атаву вы дзяцей не прывезяце?“ А мы пра гэта яшчэ ня думалі. Грушавы пытаецца: „Як адказаць?“ — Кажу: „Прымем“. І назаўтра ў газэце ужо быў артыкул, што Канада прыме дзяцей зь Беларусі», — ўзгадвае спадарыня Сурвіла.

Мікола Прускі з грузам гуманітарнай дапамогі, прыгатаваным для адпраўкі ў Беларусь. Пачатак 1990-х гг. Здымак з калекцыі БІНіМу (Нью-Ёрк)

Яна дадае, што адразу 10 сем’яў захацелі прыняць дзяцей. А праз тры дні такіх было ўжо 70. Новаствораны фонд арганізоўваў сустрэчы па ўсёй Канадзе. Грушавы сам паехаў да доктара Барыса Рагулі. Генадзь папрасіў у першы год абмежавацца 70 дзеткамі — бо больш ня здолее адправіць у Канаду (дарогу дзецям тады аплочваў беларускі бок).

Сем’і, якія хацелі прыняць дзяцей, праходзілі вельмі сур’ёзны адбор, узгадвае Івонка Сурвіла.

Івонка Сурвіла і Генадзь Грушавы. Фота з прыватнага архіву сям'і Грушавых

«Мы рабілі па пяць праверак кожнай сям’і (размаўлялі і з паліцыянтамі, і з бацькамі) — каб кожнае дзіця трапіла ў добрыя рукі, апавядалі сем’ям, што такое Чарнобыль. Пазваніў чалавек з Поўначы, ён фармацэўт — захацеў узяць адно дзіця. Мы патлумачылі, што так ня можам, павінна быць група мінімум 10 чалавек з настаўнікам. Назаўтра ён тэлефануе і кажа, што 10 сем’яў гатовыя ўзяць дзетак. У першы год быў такі ўздым, людзі пачалі даваць грошы на ўтрыманьне дзяцей», — кажа спадарыня Сурвіла.

Яна зазначае, што для сем’яў былі асаблівыя умовы: каб яны маглі забясьпечыць лекараў, стаматолягаў, каб адзін з бацькоў не працаваў, калі ў сям’і будуць жыць беларускія дзеці.

Адзін з апошніх здымкаў Генадзя Грушавога. Фота зь сямейнага архіву

Фонд Грушавога плаціў за дарогу дзяцей. Аднойчы Грушавы патэлефанаваў і сказаў, што не хапае грошай на квіткі 24 дзеткам. Праблему дапамаглі вырашыць канадцы. У першы год прыехалі не 70, а 69 дзетак (адзін захварэў).

«Зь якім энтузіязмам мы іх прымалі: вадзілі ў музэі, на фэстывалі, пра ўсё клапаціліся — дзеткі былі як у раі! На наступны год канадзкаму боку давялося аплочваць дарогу — расейскаму „Аэрафлоту“, праз Маскву. І самім развозіць дзяцей па правінцыях — а гэта 120 дзяцей, яшчэ праз год — 150. Мы ня мелі ніводнага аплачванага супрацоўніка. Усе рабілі дабраахвотна. Трэба было даваць справаздачу за кожны цэнт. Я працавала кожны вечар пасьля асноўнай працы — пісала рахункі, лічыла, праводзіла інтэрвію, размовы зь сем’ямі. У 1995 годзе я, працуючы з справаздачамі, страціла прытомнасьць, прыехала хуткая дапамога. Мы мелі 42 аддзелы ў Канадзе. І ніводнага цэнту мы не атрымлівалі ад ураду — ніводнага цэнту!», — кажа спадарыня Сурвіла.

Паштоўка «Дзеці Чарнобылю». Выданьне канадыйскага Фонду дапамогі ахвярам Чарнобылю (Атава, 1993). Захоўваецца ў калекцыі БІНіМу (Нью-Ёрк)

У 1997 годзе зь Беларусі ў Канаду прывезьлі 700 дзяцей. Кожная канадзкая сям’я мусіла сабраць 2 тысячы даляраў, каб прывезьці дзіця зь Беларусі. Канадцы аплачвалі і візы.

«Памятаю лічбу: у адзін год візы для дзяцей каштавалі 40 тысяч даляраў. Такія вынаходзтвы рабілі, каб сабраць гэтыя грошы! Неяк паехалі на Поўнач да таго фармацэўта, які ў першы год забраў 10 дзетак. Яны прыдумалі правесьці дабрачынны сьняданак. Яечню на той сьняданак смажыў сам мэр гораду, а лекар падаваў стравы да стала. Мы паехалі за тысячу кілямэтраў — зімой, у жудасны холад. А летам там было цудоўна! Каб сабраць грошы, рабілі такія імпрэзы кожны тыдзень. Ня ўсе дзеці ведалі, што гэта дыяспара — думалі, што Лукашэнка іх накіраваў на аздараўленьне», — з усьмешкай апавядае старшыня канадзкага Фонду дапамогі ахвярам Чарнобылю ў Беларусі Івонка Сурвіла.

«Беларусы Канады баяліся браць дзяцей да сябе»

І яшчэ адну цікавую акалічнасьць адзначыла спадарыня Івонка Сурвіла.

«Беларускіх сем’яў з Канады, якія бралі да сябе дзетак, амаль не было. Беларусы Канады баяліся браць дзяцей да сябе. У асноўным бралі ў свае сем’і беларускіх дзетак канадцы», — кажа спадарыня Івонка.

Яна памятае дзясяткі цікавых гісторый, падрабязнасьці, дэталі, можа расказваць пра той час і сваю арганізацыю бясконца. Неяк Сурвіла даведалася, што цэлы самалёт з гуманітарнай дапамогай з Канады адправілі ў Пецярбург. Жанчына, якая пачала зьбіраць для беларусаў рэчы, тэлефанавала ва ўсе авіякампаніі. Адна пагадзілася за 28 тысяч даляраў даставіць у Беларусь 14 тон адзеньня.

«Сабралі адзеньне і частку сродкаў. І дантыст з Поўначы ўзяў на сваё імя пазыку ў банку — 12 тысяч даляраў. Мужчыны паехалі тады ў Беларусь, каб пракантраляваць, што рэчы трапяць да чарнобыльскіх сем’яў — той цэлы самалёт адзежы. Некаторыя канадцы ляцелі ў Беларусь і самі прывозілі дзяцей на тры месяцы. Да такой ступені канадцы былі адданыя беларусам! Той самы фармацэўт высылаў кожны год адной чарнобыльскай сям’і 8 тысяч даляраў у год — каб дзеці маглі вучыцца. Гэта найвялікшая справа ў маім жыцьці, якую я зрабіла, гэтыя сем гадоў былі найлепшыя! Мы сапраўды выратавалі шмат дзяцей. Я маю багаты архіў, памятаю кожную дэталь», — кажа спадарыня Івонка.

Чарнобыльскія дзеці на адпачынку ў Беларускім рэлігійным і культурным цэнтры ў Лёндане. У цэнтры фота — айцец Аляксандар Надсан. Пачатак 1990-х. З калекцыі Беларускай бібліятэкі і музэю імя Францішка Скарыны ў Лёндане

Усяго 5 з паловай тысяч беларускіх дзетак з Чарнобыльскай зоны за 7 гадоў пабывалі на аздараўленьні ў Канадзе. У першае лета, калі прывезьлі 69 дзяцей, Івонка Сурвіла дала 52 інтэрвію розным мэдыя — каб Канада даведалася пра Беларусь.

«У Нямеччыне не было такога паняцьця — беларуская дыяспара»

З 1989 па 2012 год на аздараўленьне ў іншыя краіны дзякуючы Беларускаму фонду «Дзецям Чарнобыля» трапілі каля 600 тысяч дзяцей. Тым, хто меў патрэбу, аплацілі лячэньне. Больш за тысячу беларускіх лекараў прайшлі стажы ў замежных клініках.

Сустаршыня Фонду «Дзецям Чарнобыля» Ірына Грушавая, удава і паплечніца стваральніка фонду Генадзя Грушавога, узгадвае, што ў некаторых заходніх краінах адразу пасьля трагедыі на ЧАЭС не было актыўнай беларускай дыяспары.

Ірына Грушавая

«Прынамсі, у Нямеччыне тады не было такога паняцьця — беларуская дыяспара. Гэта толькі цяпер, пасьля 2020 году, зьявілася ініцыцятыва RAZAM і актыўная беларуская дыяспара. Яны сёлета да гадавіны Чарнобылю рыхтуюць пэрформанс. А тады — не. Не было дыяспары. Мне давялося сустрэцца з рэлігійнымі расейскімі грамадамі ў зямлі Паўночны Райн — Вэстфалія. У горадзе Ібэнбюрэн была вялікая іх суполка, але гэта былі расейцы. Яны таксама прымалі беларускіх дзяцей на аздараўленьне. Я мяркую, што ў беларусаў, якія нават даўно зьехалі, быў адбітак неталерантнасьці, неадкрытасьці, не было жаданьня неяк разумець сытуацыю. А вось у немцаў быў гуманістычны падыход», — разважае спадарыня Ірына.

Яна ўзгадвае, што Генадзь Грушавы ў тыя часы езьдзіў і ў Канаду, і ў іншыя краіны, ужо маючы досьвед аздараўленьня дзяцей, даваў парады, дапамагаў з арганізацыяй. Ён тлумачыў, што найперш трэба праводзіць тлумачальную, асьветніцкую працу — што такое Чарнобыль і як пацярпела Беларусь. І што трэба найперш ратаваць дзяцей.

«Прыйдзе час, і я думаю, што гэты грамадзянскі чын Генадзя — што ён так высока змог узьняць Беларусь, абудзіць у абываталяў праз нашых дзяцей такую ашаламляльную чалавечую энэргію — будзе годна ацэнены. Заходнія абываталі, якія далей за свой нос нічога ня бачылі, езьдзілі адпачываць на Маёрку, а пра тое, што робіцца на ўсход ад іх, ня ведалі, пасьля Чарнобылю вельмі памяняліся. Раптам тыя ж самыя немцы зьбіраюць валізкі і едуць у нейкую глухую вёску з гуманітарнай дапамогай! Іх сустракаюць з гармонікам. Гэта было адкрыцьцё з двух бакоў абсалютна іншага сьвету, гэта было культурнае ўзаемапранікненьне. Немцам вельмі падабался сардэчнасьць і шчырасьць беларусаў: сталы ломяцца, бо сёньня госьці, а заўтра нічога на тым стале ня будзе. Такі сьвет стракаты. Было жаданьне дапамагаць, ратаваць», — успамінае Ірына Грушавая.

Алесь Адамовіч і Генадзь Грушавы ў пачатку 90-х гадоў ХХ ст.

І адразу пасьля Чарнобылю, і дагэтуль грамадзтва спрачаецца: ці быў у беларускіх дзяцей з чарнобыльскай зоны, якія расьлі ў вёсцы, у іншых умовах, гуманітарны, культурны шок пасьля аздараўленьня ў ЗША, Канадзе, Нямеччыне, Італіі, Ірляндыі й іншых заходніх краінах?

Івонка Сурвіла ня згодная, што ў дзяцей быў культурны шок.

«Я ведала, што такой праблемы ня будзе. Падчас вайны мая сям’я была ў лягеры ў Даніі. І я, маленькая дзяўчынка, пазнаёмілася з цудоўнай дацкай сям’ёй, якая мяне брала да сябе першы раз на два месяцы, другі раз на тры. Уявіце: зь лягеру трапіць у цудоўную сям’ю і ў шыкоўныя ўмовы. Але я вярталася да бацькоў у лягер зь велізарнай прыемнасьцю, з радасьцю, што адпачыла. Мне абсалютна гэта не перашкаджала быць шчасьлівай і ў лягеры, і ў той дацкай сям’і. Таму я казала канадзкім сем’ям: не пераймайцеся, дзеці вернуцца ў Беларусь і будуць расказваць, як ім цудоўна тут было. Беларусы потым пісалі канадцам: „Як вы зрабілі, што дзіця цяпер мые посуд і тлумачыць, што трэба за сталом карыстацца нажом?“», — узгадвае Івонка Сурвіла.

Ірына Грушавая таксама перакананая, што ніякага культурнага шоку ў дзяцей не было.

Здымак з адной зь першых паездак а. Аляксандра Надсана ў Беларусь з гуманітарнай дапамогай. З калекцыі Беларускай бібліятэкі і музэю імя Францішка Скарыны ў Лёндане

«Калі дзіця бачыць на сцэне казку — ёсьць ў яго культурны шок? Не. Дзеці ўспрымалі свае паездкі ў Нямеччыну ці ў іншае замежжа як „я быў у казцы“. Але дзіця было рада, што вяртаецца дадому. Былі і „непрымірэнныя“ іншаземцы, якія абураліся: маўляў, дзеці прыяжджаюць зь сьпісамі, што склалі іхныя бацькі — прывезьці з-за мяжы пыласмок ці прас. Бацькі складалі сьпісы, пісалі: „Прас, джынцы“(менавіта праз „ц“). Даводзілся тлумачыць іншаземцам, адкуль дзеці прыяжджаюць, на што спадзяюццца бацькі. Немцы спачатку задавалі пытаньні. Але калі ім тлумачылі, адкуль дзеці, то ўрэшце разумелі», — кажа Грушавая.

Ірына Грушавая расказала, што сёлета ў сакавіку ў Нямеччыне зноў зьбіраліся чарнобыльскія ініцыятывы, слухалі рок-рэквіэм «Дзеці Чарнобылю», напісаны нямецкім кампазытарам Райнэрам Німанам.

«Адгалоскі такога неймавернага праекту веку нават і цяпер ёсьць. І дыяспары папоўніліся былымі „дзецьмі Чарнобылю“», — кажа Ірына Грушавая.