Кіроўцу маршруткі, у аварыі якой на Гомельшчыне загінулі 6 чалавек, пагражае да 7 гадоў пазбаўленьня волі

На месцы аварыі 10 кастрычніа 2025 году

Ён не прызнаў сваёй віны.

У Сьледчым камітэце Беларусі паведамілі, што кіроўцу маршруткі, у выніку аварыі якой на Гомельшчыне загінулі 6 чалавек, выставілі абвінавачаньне паводле ч. 3 артыкулу 317 Крымінальнага кодэксу — парушэньне правілаў дарожнага руху, у выніку якога па неасьцярожнасьці загінулі дзьве і больш асобаў.

«Віну ва ўчыненьні злачынства мужчына не прызнаў», — адзначаецца ў паведамленьні.

У ведамстве адзначылі, што кіроўца аўтобусу рухаўся з перавышэньнем хуткасьці на 11 кілямэтраў на гадзіну, і пацярпелыя неаднаразова прасілі яго зьнізіць хуткасьць, аднак ён ігнараваў іх звароты. Адна з пасажырак спалохалася манеры кіраваньня і выйшла з аўтобусу незадоўга да аварыі.

Паводле сьледзтва, кіроўца меў магчымасьць своечасова заўважыць трактар з прычэпам, які рухаўся з сыгнальнай лямпай аранжавага колеру, і пазьбегнуць сутыкненьня. У той жа час кіроўца на допытах сьцьвярджаў, што на трактары не было ўключаных асьвятляльных прыбораў, і на гэтай падставе перакладаў адказнасьць на трактарыста.

Сьледчыя, спасылаючыся на паказаньні пацярпелых, сьцьвярджаюць, што на трактары мігатлівы маячок працаваў.

Апроч таго, у часе сьледзтва высьветлілі, што ў маршрутным аўтобусе, якім кіраваў абвінавачаны, былі няспраўныя тармазы і хадавая частка, а ў такіх умовах увогуле забараняецца эксплюатацыя транспартнага сродку.

Аварыя адбылася ўвечары 10 кастрычніка 2025 году на 72-м кілямэтры аўтадарогі Р-31 «Бабруйск — Мазыр» у Сьветлагорскім раёне. Маршрутны аўтобус сутыкнуўся з задняй часткай трактара, пасьля чаго выехаў на сустрэчную паласу і сутыкнуўся з аўтамабілем Volkswagen.

На момант аварыі ў аўтобусе знаходзіліся 14 пасажыраў, 6 зь іх загінулі і 7 атрымалі траўмы рознай цяжкасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У аварыі з маршруткай на Гомельшчыне загінулі шэсьць чалавек